Ад «Англа-Еўропы» да лесазавода

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

030218k

У 1927 годзе замежная фірма «Англа-Еўропа» пачала будаваць у Новым Свержані лесапільны завод, а ў студзені 1928 года прадпрыемства выпусціла першую прадукцыю. Гэтую дату ААТ «Навасвержанскі лесазавод» справядліва прыняў за свой дзень нараджэння і сёлета ў студзені адзначыў свой 90-гадовы юбілей.

У паўнюткай зале Навасвержанскага дома культуры сабраліся сённяшнія работнікі прадпрыемства і ветэраны, шаноўныя госці – дырэктар назіральнага савета ААТ «Навасвержанскі лесазавод Сяргей Сталярчук, дырэктар УП «БР-Кансалт» Аляксей Жыранкоў, намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіл Касько, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Часлава Гоева. Прывітаў усіх народны хор народнай песні «Панямонь». У яго складзе заўсёды былі, ёсць і будуць спяваць работнікі і ветэраны лесазавода. На вялікім экране быў прэзентаваны вялікі шлях прадпрыемства – ад «Англа-Еўропы. Ltd» да лесазавода. Адметна, што сярод фотаздымкаў мільганула і наша газета – «Голас селяніна», сведка станаўлення і развіцця прадпрыемства.

Гістарычны акцэнт зрабіў у сваёй прамове і старшыня назіральнага савета ААТ «Навасвержанскі лесазавод» Сяргей Сталярчук.

– Упэўнены, што 90 гадоў таму ваш завод ствараўся па самых высокіх еўрапейскіх стандартах, – выказаў сваё меркаванне Сяргей Сталярчук і падмацаваў яго звесткамі, што прадукцыя адпраўлялася па Балтыцы ў Вялікабрытанію. – Ёсць гісторыя 1939 года, пачатку Другой сусветнай вайны, калі міністэрства інфармацыі гэтай краіны выпусціла агітацыйныя плакаты тыражом 2,5 мільёна экзэмпляраў з заклікам захоўваць спакой і не падаць духам. Гэтыя плакаты не спатрэбіліся Брытаніі, якая не была захоплена, аднак выступаюць своеасаблівым знакам якасці, у тым ліку Навасвержанскага лесазавода, прадукцыя якога рэалізуецца і сёння па высокіх экспартных цэнах. У гэтым – заслуга калектыву», – зрабіў выснову Сяргей Сталярчук.

Навасвержанскі лесазавод – у ліку буйнейшых прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны Мінскай вобласці і адно са старэйшых прадпрыемстваў гэтай галіны ў рэспубліцы. На ім устаноўлена сучасная лінія дрэваапрацоўкі, якая дазваляе выпускаць высокаякасную прадукцыю ў шырокім асартыменце. Яна запатрабавана мэблевымі фабрыкамі, будаўнічымі арганізацыямі і насельніцтвам. У комплексе праведзена і мадэрнізацыя кацельнай гаспадаркі. Разам з ростам аб’ёмаў вытворчасці пастаянна пашыраецца геаграфія замежных адгрузак. У 2016 годзе лесазавод трапіў у лік дзевяці прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі рэспублікі, якія атрымалі фінансавую падтрымку ад ААТ «Банк развіцця».

– У калектыве працуюць 170 чалавек. У кожнага ёсць адказнасць за лёс завода, – падкрэсліў дырэктар лесазавода Віктар Лужкоўскі. Яго ўдзячнасць была адрасавана ветэранам, якія застаюцца ў страі і паказваюць моладзі прыклад майстэрства, а пажаданні звязаны з тым, каб захоўваліся і прымнажаліся вытворчыя традыцыі.

Слаўны летапіс завода пішуць працоўныя дынастыі, а іх у калектыве налічваецца не адзін дзясятак. Самая разгалінаваная – дынастыя Барадзеяў-Камёнкаў-Садоўскіх – складаецца аж з чатырох пакаленняў. Шэсць дынастый (Шкадзінскіх-Ліпніцкіх-Пастарнякоў, Станкевічаў, Лыўкаў-Даўгаполаў, Борысаў-Цішкевічаў-Пакішаў, Камандзіравых-Лутавых-Бельскіх і Лазарчыкаў-Васіленкаў) складаюць тры пакаленні. За дзевяць дзясяткаў гадоў розныя пакаленні новасвяржан стваралі дабрабыт прадпрыемства і, адпаведна, свайго пасёлка, – на гэта звярнуў увагу старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. Павіншаваў калектыў завода з юбілеем яго былы дырэктар Уладзімір Мазуноў.

Падчас святкавання адзначаны за шматгадовую і плённую працу начальнік лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха Марына Пастарняк, галоўны механік Уладзімір Валкалоўскі, галоўны энергетык Дзмітрый Крыт, машыніст крана Аляксандр Княжэвіч, майстар Генадзь Макаранкаў, станочнік Валянцін Гаўрыловіч, вадзіцель Дзмітрый Жыбуль, аператар агрэгатных ліній Віктар Васіленка, майстар Наталля Таяноўская, слесар-рамонтнік Мікалай Гаўрыловіч, загадчыца цэнтральнага склада Надзея Бондарава, машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Аляксандр Годыль, начальнік сектара па рабоце з персаналам Іна Пазняк, станочнік Віктар Стома, а таксама вядучы інжынер па ахове працы і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі завода Станіслава Пархімовіч, спецыяліст сектара па рабоце з персаналам і казначэй Ганна Бельская. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці завода ўзнагароджаны сарціроўшчыцы матэрыялаў і вырабаў з драўніны Таццяна Атрушкевіч і Наталля Грахольская.    

Свята прадоўжылі прафесійныя артысты – спевакі Алег Сямёнаў і Аляксей Грыневіч, шоу-балет «Феерыя».

НА ЗДЫМКАХ: грашовыя сертыфікаты ад прафсаюзаў прымае дырэктар Віктар Лужкоўскі і старшыня прафкама Станіслава Пархімовіч; факсіміле знака якасці ўручае старшыня назіральнага савета ААТ «Навасвержанскі лесазавод» Сяргей Сталярчук; прывітальная песня – ад хору «Панямонь».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *