Урокі музыкі з Віялетай Мадэстаўнай

Культура Нумары

image_pdfimage_print

030218

Стаўбчан і ўсіх аматараў мастацтва раёна чакае цікавая сустрэча. На сцэне раённага Цэнтра культуры 10 лютага выступіць заслужаная артыстка Расіі, вядомы музыкант Святлана Сцепчанка. Цікавасць да гэтай творчай асобы выклікана тым, што Святлана Сцепчанка праводзіць вялікую адукацыйную работу сярод падрастаючага пакалення. У інтэрв’ю нашай газеце артыстка аб гэтым расказвае.

–             Святлана, ваш прыезд у Беларусь звязаны з правядзеннем у нашай краіне міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае…». У некалькіх словах раскажыце аб вашым асабістым дачыненні да легендарнага аркестра Співакова.

–             Мая асноўная дзейнасць напрамую звязана з Нацыянальным філарманічным аркестрам Расіі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова. Я працую ў ім ужо 15 гадоў, з моманту яго заснавання, салісткай і канцэртмайстрам групы альтаў. Разам з аркестрам гастралюю па свеце. У лютым у рамках міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае» мы на гастролях у Беларусі.

–             Гастрольная афіша прадстаўляе ваш асабісты творчы праект «Вясёлыя ўрокі музыкі з Віялетай Мадэстаўнай». Як узнік такі сцэнічны вобраз?

–             Вобраз Віялеты Мадэстаўны быў прыдуманы мною, шчыра кажучы, на хаду, у калідоры аднаго з тэлеканалаў. Віялета «прыйшла» з оперы Джузэпэ Вердзі «Травіята», і так як яна дама ва ўзросце, ёй патрэбна і імя па бацьку, якое было запазычана ў вялікага рускага кампазітара Мадэста Пятровіча Мусаргскага.

–             Вядома, што з творчым вобразам Віялеты Мадэстаўны звязана шырокая дабрачынная дзейнасць.

– Нацыянальны філарманічны аркестр часта гастралюе. Стандартны гастрольны графік звычайна складваецца так, што ў дзень канцэрта музыканты аркестра маюць свабодны час да 15 гадзін, калі пачынаецца рэпетэцыя, а ў 19 гадзін – вячэрні канцэрт. Я вельмі не люблю сядзець без справы і стала прасіць арганізатараў у рэгіёнах спланаваць мне ранішнія канцэрты ў дзіцячых дамах, інтэрнатах для асаблівых дзяцей, у геранталагічных цэнтрах і т. п. У Маскве я сябрую з фондам Канстанціна Хабенскага, які дапамагае дзецям з анкалагічнымі і іншымі цяжкімі захворваннямі галаўнога мозга. Работа з дзецьмі прыносіць мне вялікае задавальненне. Тым больш што я бачу: дастойных, цікавых, адукацыйных праектаў для дзяцей не так і шмат. Ужо сёмы сезон у Маскоўскім міжнародным доме музыкі з аншлагам праходзяць прадстаўленні Віялеты Мадэстаўны.

–             Святлана, вядома ваша супрацоўніцтва ў творчых праектах з тэлевізійнымі каналамі, у тым ліку з праваслаўным расійскім каналам «Спас».

–             У свой час мною і маімі аднадумцамі быў зняты цэлы цыкл адукацыйна- забаўляльных перадач «Акадэмія займальных мастацтваў». Гэта была вельмі цікавая і, самае галоўнае, – вельмі патрэбная работа. Больш за 70 праграм аб інструментах, кампазітарах, музычных творах і т. п. Да Віялеты Мадэстаўны ў госці прыходзілі вядомыя асобы ў свеце класічнай музыкі. Гэтыя перадачы да цяперашняга часу ў сетцы двух кабельных расійскіх каналаў «Радасць мая» і «Спас». Штуршком да супрацоўніцтва з праваслаўным каналам «Спас» сталі такія абставіны. Здымкі праграмы «Акадэмія займальных мастацтваў» праходзілі побач са здымачнымі студыямі тэлеканала «Спас». Як паказаў час, гэта было не выпадкова – вера прыйшла ў маё жыццё.

–             Святлана, чым вы парадуеце ўдзельнікаў вашага канцэрта ў Стоўбцах?

–             У Стоўбцах, акрамя сцэнічнага прадстаўлення ў раённым Цэнтры культуры, па просьбе дырэктара Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў я правяду свой майстар-клас, падчас якога раскажу аб тонкасцях прафесіі музыканта, аб рабоце ў аркестрах. Мне за маю музычную кар’еру давялося папрацаваць у аркестрах пад кіраўніцтвам Яўгенія Святланава, Канстанціна Арбеляна, «Віртуозы Масквы». Я пазнаёмлю юных музыкантаў з маім інструментам – альтам, якому 300 гадоў. Мы абавязкова памузыцыруем з вучнямі, з педагогамі, я з задавальненнем адкажу на ўсе пытанні. На сцэне Цэнтра культуры будзе прадстаўлена адна з праграм з цыкла «»Вясёлыя ўрокі музыкі з Віялетай Мадэстаўнай». Разам на сцэне будзе струнны квартэт Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Мы разам з юнымі музыкантамі будзем іграць выдатную класіку! Будзем разам спяваць песні з вядомых мультфільмаў «Гадкий утёнок», «Пеппи Длинныйчулок», «Незнайка на Луне», «Приключения пингвинёнка Лоло», «Умная собачка Соня», якія я агучвала.

Усім гавару да сустрэчы!

–             Так, да прыемнай музычнай сустрэчы!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *