З гонарам за людзей працы

Нумары Сельская гаспадарка

070218a

У рамках акцыі «Наш жывёлавод» адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Юрыя Горлава з перадавікамі жывёлагадоўчай галіны ААТ «Агранёманскі». Юрый Мікалаевіч прыехаў у гаспадарку разам са сваім першым намеснікам, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзянісам Колясенем і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамарай Калошыч, каб павіншаваць самых дастойных рупліўцаў фермаў, уручыць ім падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу і падарункі.  

Падчас ушанавання адбылася шчырая размова кіраўніка з жывёлаводамі і спецыялістамі гаспадаркі.

– Ваша нялёгкая работа заслугоўвае самых шчырых слоў удзячнасці, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама. – І пацвярджэнне таму – сённяшняе мерапрыемства, сапраўднае свята працы, якое арганізавалі для вас кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт гаспадаркі. Вы гэта заслужылі, бо практычна без выхадных, напружана шчыруеце і паступова крочыце да намечанай мэты. Таварыства ў ліку наймацнейшых у раёне па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Вы і вашы калегі пастаянна праяўляеце старанне, і па надоях малака на карову за мінулы год гаспадарка перамясцілася на пятае месца. Аднак патэнцыял не вычарпаны. Ёсць ведаючыя спецыялісты, працалюбівыя людзі, таму ўвайсці ў тройку лепшых у раёне вам па сіле. Прэзідэнт краіны зрабіў акцэнт на ўмацаванне кармавой базы, і ў прыватнасці на будаўніцтве сіласна-сянажных траншэй. Гэтую работу мы пачалі раней, бо разумеем, што павялічыць надоі і прывагі можна толькі маючы якасныя кармы. Неабходна ўкараняць новыя тэхналогіі ў вытворчасці малака. На МТФ «Залужжа» завяршаецца будаўніцтва новых памяшканняў пад беспрывязное ўтрыманне кароў, будзе ўстаноўлена даільная зала. Трэба праводзіць рэканструкцыі на іншых фермах, выязджаць для абмену вопытам у перадавыя гаспадаркі. Неабходна рабіць усё для таго, каб крочыць наперад і пакараць наступныя вяршыні. Сёння разам з работнікамі іншых сельгаспрадпрыемстваў вы забяспечваеце харчовую бяспеку краіны, і за гэта вам нізкі паклон. Дзяржава праяўляе клопат аб сваіх грамадзянах, і кожны з вас уносіць пасільны ўклад у працвітанне нашай роднай Беларусі. Набліжаюцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Заклікаю вас прыйсці на выбарчыя ўчасткі і аддаць свае галасы за дастойных кандыдатаў.

Кіраўнік раёна ўручыў падзячныя пісьмы, пажадаў работнікам у далейшым плённай працы і добрай заработнай платы. Ад прафсаюзнага камітэта руплівыя работнікі таксама атрымалі падарункі, цёплыя словы адрасавала ім старшыня прафкама Марына Касматовіч.

Першай была ўзнагароджана аператар машыннага даення МТФ «Залужжа» Людміла Зянько. Людміла Генадзьеўна мае лепшы паказчык па надоях малака ад каровы, надаіла летась 8010 кілаграмаў. Яна старажыл фермы, працягвае дынастыю – тут працавалі яе бацькі. Іна Крывель працуе ў гэтым жа вытворчым падраздзяленні ветфельчарам і сумяшчае абавязкі тэхніка-асемянатара. Стаж яе работы налічвае дваццаць восем гадоў. Менавіта дзякуючы Іне Сяргееўне, яе ўменню і старанню, павялічыўся выхад цялят, высокая іх захаванасць, а таксама значна ўзраслі надоі малака. Міхаіл Фалюк рупіцца тут аператарам па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў групе, якую даглядае, складаюць звыш 800 грамаў. Узначальвае працавіты калектыў, які займае першае месца ў таварыстве, брыгадзір Вячаслаў Дзярнейка. З прыходам Вячаслава Віктаравіча паказчыкі на ферме, як па надоях малака, так і па прывагах жывёлы, сталі яшчэ ямчэйшымі. Умацавалася дысцыпліна працы.

Вывела на перадавыя пазіцыі мясную галіну гаспадаркі брыгадзір МТФ «Ператокі» Людміла Жарко. Бычкі адсюль здаюцца на мясакамбінат даволі высокімі вагавымі кандыцыямі. Няблага ідуць малочныя справы. Стараецца аператар машыннага даення Валянціна Нарановіч, якая спрацавала летась з прыбаўкай. На МТФ «Стары Свержань» паказвае прыклад у рабоце Алена Кожыч. Уся працоўная біяграфія гэтай добрасумленнай працаўніцы, а Алена Іванаўна ўжо на пенсіі, звязана з жывёлагадоўляй. Нядаўна яна набрала і раздаіла групу пяршачак, а значыць, вынікі работы аператара машыннага даення будуць сёлета вышэйшымі. На ферме ў Слабодцы шчыруе жывёлаводам Юрый Сачук. Доўгі час Юрый Канстанцінавіч працаваў механізатарам, падчас жніва ўбіраў на камбайне збажыну, а затым змяніў прафесію. Больш за тры дзесяцігоддзі налічвае яго рабочы стаж, і заўсёды гэты чалавек выконвае свае абавязкі сумленна.

Адну групу цялят даглядаюць аператары Вера Халявінская і Любоў Велясніцкая, якія працуюць на МТФ «Дразды». Працавітыя і шчырыя жанчыны маюць багаты вопыт работы і заўсёды дабіваюцца высокіх прываг. Памочнікам брыгадзіра і адначасова тэхнікам-лабарантам па вызначэнні якасных паказчыкаў малака рупіцца на гэтай ферме Галіна Турко. Галіна Іванаўна вельмі адказная, заўсёды своечасова і дакладна выконвае сваю справу.

Літаральна за два гады, не маючы вопыту работы ў данай галіне, але дзякуючы арганізатарскім здольнасцям, вывела ў перадавыя МТФ «Казейкі» брыгадзір Тамара Рабянок. Павялічыліся паказчыкі, адпаведна ўзрасла заработная плата. Ларыса Чыжык даглядае на ферме цялят і праяўляе старанне. На МТФ «Скамарошкі» паказваюць прыклад у працы цялятніца Людміла Няволька і даглядчык дойнага статка Сяргей Ідт.

Дырэкцыя і прафсаюзны камітэт таварыства адзначылі і сваіх спецыялістаў. Былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, прэміямі і атрымалі падарункі галоўны ветурач Мікалай Дрозд, галоўны заатэхнік Іна Рэчкіна, галоўны энергетык Міхаіл Турко, бухгалтар Зінаіда Дрозд, заатэхнік-селекцыянер Таццяна Царык, прараб Міхаіл Рацько. Як адзначыў дырэктар Уладзімір Жукаў, менавіта ад прадукцыі жывёлагадоўчай галіны гаспадарка мае большую выручку. І ў тым, што паказчыкі год ад году павялічваюцца, умацоўваецца фінансавае становішча, заслуга ўсяго працавітага калектыву жывёлаводаў.

– Аб’яўленая Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК акцыя «Наш жывёлавод» упэўнена крочыць па раёне і набывае ўсё большы маштаб, – падкрэсліла Тамара Калошыч. – Прыемна бачыць, як дастойна, з запрашэннем работнікаў Старасвержанскага цэнтра культуры, арганізавана кіраўніцтвам таварыства мерапрыемства па ўзнагароджанні перадавікоў галіны. Многа шчырых слоў з гонарам за сваіх працаўнікоў сказаў кіраўнік у адрас жывёлаводаў. Да поспехаў вядуць не толькі сучасныя тэхналогіі, але, у першую чаргу, і работа з людзьмі.

На здымках: старшыня райвыканкама Юрый Горлаў уручае падзячнае пісьмо аператару машыннага даення Людміле Зянько; спецыялісты (злева направа) Мікалай Дрозд, Таццяна Царык, Іна Рэчкіна, Міхаіл Турко, Міхаіл Рацько; тэхнік па штучным асемяненні жывёлы Іна Крывель; на пярэднімплане Алена Кожыч, далей – Галіна Турко; цялятніцы Любоў Велясніцкая і Вера Халявінская.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *