Зрабіць агульную справу – запрасіць у нашу краіну

Нумары Соцыум

070218b

Напрыканцы студзеня ў Мінску адбыўся рэспубліканскі форум «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства». Ён становіцца штогадовым, сёлета прайшоў трэці раз. Арганізатарам форуму з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Для журналістаў з усёй рэспублікі гэты форум цікавы тым, што акрамя сустрэчы з удзелам высокага прадстаўніцтва заўсёды ёсць практычная частка – наведванне айчынных прадпрыемстваў і іншае знаёмства з перадавым вопытам у розных сферах. У гэтым годзе ўдзельнікі форуму прынялі ўдзел у адкрыцці ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай выстаўкі «Прафтур-2018». Яна сабрала тураператараў не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Азербайджана, Грузіі, краін Прыбалтыкі, Украіны. Прафсаюзныя аздараўленчыя базы, турыстычныя комплексы з многіх рэгіёнаў прывезлі свае праграмы. У ліку іх са сваёй прэзентацыяй выступіў турысцка-аздараўленчы комплекс «Высокі бераг» са Стаўбцоўшчыны. Выстава ў поўнай меры прадэманстравала турыстычныя рэсурсы нашай краіны. Былі шырока прадстаўлены прафсаюзныя санаторыі, якія прадэманстравалі навейшае медыцынскае абсталяванне. Генеральны дырэктар Беларустурыста Людміла Сянькоўская пазнаёміла з новымі турыстычнымі прадуктамі – гэта анімацыйныя туры выхаднога дня на турыстычных базах, бюджэтныя аўтобусныя туры на Чорнае мора і многае іншае. А наогул прафсаюзны тураператар распрацаваў больш за 500 маршрутаў.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда адзначыў, што арганізацыя такой выставы – гэта ўклад прафсаюзаў у такі важны і патрэбны накірунак для нашай краіны, як турызм. Ім былі акрэслены прыярытэты прафсаюзаў у арганізацыі турысцка-экскурсійнай дзейнасці – развіццё ўнутранага, уязнога турызму, тых накірункаў, якія будуць даваць магчымасць прытоку валюты ў нашу краіну, умацавання эканомікі з забеспячэннем прадуктыўнай занятасці людзей стварэннем новых рабочых месцаў. Турызм павінен стаць прыбытковай галіной, забяспечваць належны эканамічны эфект. У Беларусі ёсць што паказаць: багатыя прыродныя мясціны, аб’екты культурнай і гістарычнай спадчыны, некаторыя з іх – у сусветнай скарбніцы. Было адзначана, што кампанія «Беларустурыст» – лідар у нашай краіне ў развіцці такога перспектыўнага накірунку, як прамысловы турызм. Гэта дае магчымасць замежным турыстам пазнаёміцца з беларускімі вытворчасцямі, нашай прадукцыяй, што стварае імідж краіны. І для нашых суайчыннікаў прамысловы турызм таксама адкрывае магчымасці знаёмства з айчыннымі фабрыкамі і заводамі, многія з якіх мадэрнізаваны і ўяўляюць высокатэхналагічныя вытворчасці. Для вучнёўскай моладзі такі від турызму не толькі пазнавальны, але і служыць справе профарыентацыі, выбару прафесіі. Сродкі масавай інфармацыі закліканы быць партнёрамі айчынных тураператараў у агульнай справе – запрасіць турыстаў у нашу прыгожую, гасцінную краіну.

Асноўнай мэце форуму – павышэнню эфектыўнасці рэгіянальных СМІ, абмену вопытам паміж прафсаюзамі і рэгіянальнымі СМІ, фарміраванню новых прафесіянальных сувязяў – была прысвечана і сустрэча са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Орда і прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у Доме прафсаюзаў. Фармат сустрэчы даў магчымасць плённага дыялогу, зацікаўленага абмеркавання надзённых пытанняў жыцця грамадства. Былі разгледжаны актуальныя пытанні, якія закранаюць інтарэсы чалавека працы, такія як кантрактная форма найму, рэалізацыя нормаў па садзейнічанні занятасці, удасканаленні пенсійнага заканадаўства, правах маладых спецыялістаў, развіцці інстытута настаўніцтва на прадпрыемствах і іншыя.

Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч і начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Хмель скіравалі ўвагу журналістаў на эфектыўныя формы і метады ўзаемадзеяння сацыяльных партнёраў, на сучасныя тэндэнцыі ў інфармацыйнай прасторы, фарміраванні новых прафесійных сувязяў паміж удзельнікамі медыярынку.

У праграме двухдзённага форуму журналісты з рэгіёнаў мелі магчымасць наведаць майстар-класы рэспубліканскіх СМІ.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *