З падтрымкай Чырвонага Крыжа

Дабрачыннасць Нумары

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Жаўняркевіч праявіла ініцыятыву расказаць у інтэрв’ю нашай газеце аб новых накірунках работы гэтай дабрачыннай арганізацыі.

–             Ірына Іосіфаўна, Таварыства Чырвонага Крыжа заклікана да дзейнасці ў вырашэнні гуманітарных і сацыяльных праблем. Якія новыя праекты ажыццяўляюцца ў цяперашні час?

–             Так, за сваю 95-гадовую гісторыю Беларускі Чырвоны Крыж быў заўсёдным памочнікам дзяржавы ў вырашэнні надзённых сацыяльных праблем: рыхтаваў сясцёр міласэрнасці, утрымліваў у ваенны час шпіталі і лазарэты, ажыццяўляў прапаганду донарства і здаровага ладу жыцця, праводзіў асветніцкую работу. Калі гаварыць аб новых накірунках дзейнасці, можна адзначыць фарміраванне ў Мінскай вобласці зводнага валанцёрскага атрада. Ён закліканы пры надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару працягнуць руку дапамогі насельніцтву. У складзе атрада 26 чалавек – 15 спецыяльна падрыхтаваных валанцёраў і 10 валанцёраў-кінолагаў. Усе прайшлі навучанне па правядзенні пошукавых мерапрыемстваў, аказанні першай медыцынскай дапамогі і псіхасацыяльнай падтрымкі. Атрад аснашчаны неабходным абсталяваннем і выратавальнай тэхнікай. Валанцёры атрада з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі рэспубліканскіх школ па падрыхтоўцы да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. У выпадку пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі ўсім аказваецца адрасная дапамога сродкамі першай неабходнасці па колькасці членаў сям’і са стратэгічнага запасу. Таксама пацярпелыя забяспечваюцца адзеннем, абуткам. Неаднаразова валанцёры прывозілі і забіралі хворых пажылога ўзросту з іншых раёнаў, паколькі ў Стоўбцах знаходзіцца міжрэгіянальнае скурна-венералагічнае аддзяленне, якое абслугоўвае пацыентаў Мінскай вобласці. Валанцёры прыцягваюцца да навучання насельніцтва аказваць першую медыцынскую дапамогу. Навучанне праводзіцца інструктарамі ў адпаведнасці з еўрастандартамі.

–             З удзячных водгукаў перасяленцаў з Украіны ў наш раён можна зрабіць выснову, што Чырвоны Крыж нераўнадушны да лёсу і гэтай катэгорыі людзей?

–             З 2015 года распачата рэалізацыя праекта «Падтрымка пераселеным жыхарам Украіны» па ўкараненні ваўчарнай сістэмы аказання дапамогі адзінокім пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным і няпоўным сем’ям, шматдзетным і кормячым маці. У нашым раёне дзевяць сем’яў вымусовых перасяленцаў з Луганскай і Данецкай абласцей атрымліваюць штомесячна дапамогу на пакупку харчовых тавараў і адзення. Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа пералічвае грошы ў райспажыўтаварыства, і жыхары Украіны праз ваўчары набываюць тавары першай неабходнасці. Дзякуючы Чырвонаму Крыжу зніжаецца сацыяльная нагрузка на дзяржаўныя структуры, паколькі ў складанай жыццёвай сітуацыі грамадзяне могуць звярнуцца па дапамогу не толькі ў дзяржаўныя сацыяльныя службы.

–             У ліку відаў дапамогі – і гуманітарная?

–             Так, у 2017 годзе гуманітарную дапамогу ад Дацкага і Ісландскага Чырвонага Крыжа ў нашым раёне атрымалі 202 чалавекі. У ліку іх 23 інваліды, 133 шматдзетныя сям’і, 8 няпоўных сем’яў, 9 сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, 14 сем’яў, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. І сярод нас ёсць нямала нераўнадушных, сардэчных людзей, якія аказваюць дапамогу раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ў ажыцяўленні спраў міласэрнасці. У ліку іх хачу назваць нашых неаднаразовых спонсараў – кандытарскі цэх райспажыўтаварыства, індывідуальных прадпрымальнікаў Юлію Сазон, Анатоля Пазняка. Любая дапамога можа аказацца жыццёва неабходнай для чалавека. Заклікаю ўсіх нераўнадушных людзей да актыўнага супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Тэлефон для даведак – 7-58-91. Мы знаходзіцца ў будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 95, кабінет 213.

Разліковы рахунак арганізацыіBY48BLBB30150100648873001001у аддзяленні № 537 ААТ «Белінвестбанк», IBAN BLBBBY2X. Адрас банка: г. Мінск, вул. Магілёўская, 5. УНП 100648873.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *