Для нашай бяспекі

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

070218d

КАМАНДА – ПАКІНУЦЬ АБ’ЕКТ НЕБЯСПЕКІ

Вучэнні, максімальна набліжаныя да рэальных умоў, прайшлі на базе ДУ «Дзіцячая юнацка-спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна».

Па вуліцах горада несліся да фізкультурна-аздараўленчага комплексу пажарныя машыны з уключанай пажарнай сірэнай. Згодна з легендай, адбылося загаранне ў адным з кабінетаў на другім паверсе. Прычына – парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання. Супрацоўнікам і наведвальнікам дадзена каманда тэрмінова пакінуць «зону небяспекі». Але з-за моцнага задымлення некалькі чалавек не могуць выйсці па эвакуацыйных шляхах і аказваюцца ў вогненнай пастцы.

Ацаніўшы сітуацыю, людзі ў форме вырашаюць ратаваць заложнікаў з дапамогай аўталесвіцы, а тых, што не могуць выбрацца з самага высокага, чацвёртага, паверха, – з дапамогай каленчатага аўтапад’ёмніка. Выратаванне не абышлося і без прымянення «куба жыцця». Акрамя таго, звяном газадымаахоўнай службы на чацвёртым паверсе, акурат ля запаснога выхаду, быў знойдзены «пацярпелы». Самастойна пакінуць будынак ён ужо не мог. Выратавальнікі эвакуіравалі яго і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі.

Пажар у будынку ФАКа быў патушаны. Людзі – выратаваны.

– З пастаўленай задачай выратавальнікі справіліся, – адзначае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Кожыч. – Для нас гэта не разавы экзамен, а пастаянная работа. Падчас яе адточваюцца навыкі, удасканальваецца ўзаемадзеянне.

Пр

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЗА ДОМ БЕЗ ПАЖАРАЎ

На Стаўбцоўшчыне на працягу лютага аб’яўлена рэспубліканская прафілактычная акцыя «Бяспека – у кожны дом!»

Акцыя складаецца з чатырох этапаў, падчас якіх работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэнуцца з наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра, пабываюць ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у месцах масавага знаходжання. У залежнасці ад аўдыторыі прадугледжаны гутаркі, віктарыны і гульнявыя праграмы, паказ навучальных відэафільмаў і іншыя мерапрыемствы.

– Мэта акцыі – папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, – адзначае інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей. – Як сведчыць статыстыка, асноўныя прычыны пажараў у жылым фондзе звязаны з чалавечым фактарам, а менавіта з неасцярожным абыходжаннем з агнём, парушэннем правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячым свавольствам з агнём.

Пр

 

ЛЁД – ЗОНА РЫЗЫКІ

Гэтай парой актуальнасць набывае выкананне правіл тэхнікі бяспекі на лёдзе.

Пры няўстойлівым надвор’і лёд на вадаёмах хутка становіцца нетрывалым і ўяўляе сабой зону павышанай рызыкі. Штогод гіне вялікая колькасць людзей з-за невыканання правіл тэхнікі бяспекі на лёдзе.

Выратавальнікі нагадваюць, што бяспечным для вагі чалавека лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 см. Самы тонкі лёд, як правіла, – у месцах упадання ў русла рэк ручаёў, змянення напрамку цячэння рэк, ля абрывістых берагоў, а таксама ў месцах росту кустоў і дрэў у вадзе. Падталы лёд мае адценні шэрага, матава-белага ці жоўтага колеру і з’яўляецца найбольш ненадзейным – ён абрушваецца без папераджальнага гуку патрэсквання. Самы трывалы лёд – блакітнага адцення.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях папярэджвае, што лепш не выходзіць на нетрывалы лёд, але, калі адчулі, што лёд пачынае пад вамі трэскацца, неабходна марудна і акуратна вярнуцца ў той бок, з якога прыйшлі. Ні ў якім разе нельга хутка бегчы па лёдзе. Такія паводзіны могуць толькі справакаваць хуткі раскол паверхні, і тады вы праваліцеся пад лёд.

Калі ўсё-такі праваліліся пад лёд, не панікуйце. Ёсць шанц, што вас пачуюць, – клічце на дапамогу. Рухайцеся да краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся да яго, пастарайцеся налегчы грудзьмі на край і, закінуўшы нагу, выбірайцеся на лёд. Не пакідайце спроб выбрацца, нават калі лёд ломіцца. Пасля таго як асноўная частка тулава акажацца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі. Марудна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхоўваючыся рукамі і нагамі.

Помніце, што ў ледзяной вадзе дастаткова правесці некалькі мінут, каб арганізм быў ахалоджаны да таго стану, з якога ўжо немагчыма аднаўленне жыццёва важных функцый арганізма.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *