Пытанні, якія турбуюць людзей

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

100218b

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў правёў чарговую сустрэчу з насельніцтвам раёна. На гэты раз яна прайшла ў аграгарадку Дзераўная. Разам з кіраўніком раёна да вясковых жыхароў прыехалі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, у кампетэнцыі якіх вырашэнне праблем, што ўзнімаюцца насельніцтвам часцей за ўсё.

Спачатку перад прысутнымі выступіла старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая. Яна расказала аб рабоце па павышэнні якасці жыцця насельніцтва, навядзенні парадку на зямлі, якая вядзецца ў сельвыканкаме. Дырэктар ААТ «Дзераўное» Юрый Тарасевіч і дырэктар ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі» Іван Лобач таксама засяродзілі ўвагу на сацыяльных пытаннях і прынятых мерах па паляпшэнні ўмоў працы, быту і павышэнні зарплаты працаўнікам падначаленых ім таварыстваў.

Затым адбыўся адкрыты дыялог грамадзян са старшынёй райвыканкама. Трэба адзначыць, што Юрый Мікалаевіч папярэдне праехаў па адрасах, адкуль паступілі пытанні. Падкрэсліў, што ўсе яны слушныя, патрабуюць разгляду і задавальнення. Як, напрыклад, абсталяванне пешаходнага пераходу насупраць адміністрацыйнага будынка ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі». Юрый Мікалаевіч паабяцаў, што ў наступным годзе пешаходны пераход будзе зроблены. Узнімаліся пытанні рамонту жылых дамоў, якія стаяць на балансе аб’яднання камунальных службаў. Людзей турбавала вулічнае асвятленне, замена паветраных ліній электраперадач, рамонт дарог. Кіраўнік раёна адзначыў, што на пасяджэнні райвыканкама прынята рашэнне і выдзелены грошы для выканання работ па асвятленні аднаго з найбольш запатрабаваных участкаў.

Людзі таксама паднялі пытанне аб рабоце Дзераўнянскай участковай бальніцы, якое патрабуе больш дэталёвага вывучэння. Прынята да ведама і просьба жыхароў Янкавіч – вяскоўцы гэтага населенага пункта хочуць атрымліваць медыцынскую дапамогу ў Дзераўной.

Былі дадзены поўныя адказы і на іншыя надзённыя асабістыя пытанні грамадзян.

– Калі сёння мы не паспелі вырашыць усе тыя жыццёвыя пытанні, якія вас турбуюць, то вы можаце ў любы час звярнуцца да мяне асабіста або да маіх намеснікаў, старшыні райсавета дэпутатаў і старшыні вашага сельвыканкама, – сказаў Юрый Горлаў. – Усе праблемы мы абавязкова будзем вырашаць. Галоўнае, каб вы былі задаволены і ў далейшым не ўзнікала складаных пытанняў. Каб усе нармальна жылі, працавалі і былі здаровыя. Людзі ў вашым прыгожым куточку жывуць працавітыя, дастойныя добрай долі. Праз тыдзень у нашай краіне адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Заклікаю вас не быць раўнадушнымі, прыйсці на выбарчыя ўчасткі і выканаць свой грамадзянскі доўг – прыняць удзел у выбарах.

Перад выбаршчыкамі выступілі кандыдаты ў дэпутаты Жанна Лысая і Сяргей Шэсцель.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *