Клопат пра ўраджай

Нумары Сельская гаспадарка

100218d

Асноўная ўвага начальніка раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Таццяны Шапецька скіравана гэтымі днямі на тое, каб прасачыць за парадкам і работай, якая праводзіцца на збожжаскладах гаспадарак раёна. Асаблівы клопат – пра насенне, бо ад таго, як папрацуюць хлебаробы з насенным матэрыялам, залежыць вынік. Нездарма ў народзе кажуць: добрае карэнне – добрае насенне. Менавіта за кошт высокіх рэпрадукцый насення, яго якасці і пры ўмове строгага прытрымлівання тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур прыбаўка ўраджаю можа скласці да 15 працэнтаў. Таццяна Аляксандраўна дапамагае аграрыям кваліфікаванымі кансультацыямі, кантралюе прытрымліванне неабходных патрабаванняў.

– У ААТ «Жацерава» адзін з лепшых збожжаскладоў сярод гаспадарак раёна, – расказвае начальнік інспекцыі. – Тут заўжды падтрымліваецца парадак. Тэрыторыя агароджана, заасфальтавана. У складах насенны матэрыял засыпаны згодна з правіламі. Устаноўлены альтанкі, на якіх запісаны ўсе неабходныя паказчыкі.

Аб гэтым клапоцяцца аграном-насеннявод Таццяна Якубовіч і загадчыца склада Вікторыя Кістанава. А з добрым насеннем і ўраджайнасць у таварыстве неблагая. З году ў год тут атрымліваюць высокія паказчыкі. Летась намалацілі 4597 тон збожжа і сабралі на круг 44,2 цэнтнера.

У ліку ключавых у кожнай гаспадарцы – прафесія агранома. Менавіта ён выбірае, якія сарты і калі трэба пасеяць, плануе праполкі і апрацоўкі раслін супраць шкоднікаў і хвароб, вызначае час збору ўраджаю. Галоўны аграном таварыства Іна Леўкавец – ведаючы спецыяліст, яна любіць сваю работу, добрасумленна ставіцца да даручаных абавязкаў. Іна Анатольеўна дакладна вядзе кнігу агранома, у якой усё строга занатавана: колькі насення намалочана, пачышчана, чысты выхад.

– Мы ўжо гатовы да пасяўной, – гаворыць Іна Анатольеўна. – Усё насенне пачышчана на «Петкусах» і адпавядае пасяўным патрабаванням. Парупіліся працаўнікі Рада Каржэвіч, Людміла Марозава, Зянон Маляўка, Дзмітрый Меляшкевіч і Генадзій Маскалёў. На складах захоўваецца 120 тон насення яравых збожжавых сельскагаспадарчых культур.

Таццяна Шапецька падкрэслівае, што ў гэтым таварыстве мэтанакіравана займаюцца вырошчваннем насення злакавых шматгадовых траў і маюць яго па відах больш, чым у іншых гаспадарках. Гэта цімафееўка, купкоўка, кастрэц, райграс, фестулоліум. Два апошнія гады набывалі эліту і суперэліту. Летась намалацілі 10,4 тоны неачышчанага насення траў. Яго ачыстка завершана.

На здымку: (злева направа) галоўны аграном Іна Леўкавец, начальнік раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Таццяна Шапецька, загадчыца склада Вікторыя Кістанава.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *