Гуменаўшчынскія дубы – равеснікі стагоддзя

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

100218

Прыемным момантам у нашай рабоце з’яўляецца зваротная сувязь з чытачамі. Тэлефанаванне са сталіцы паклікала нас у дарогу – у Вялікую Гуменаўшчыну. Гэта малая радзіма для інжынера-канструктара з Мінска Таццяны Яцко. Яе бацькоўскі дом – спадчына ад прабацькоў.

Уладзіслаў Ксаверавіч                Францкевіч – дзед Таццяны Яцко – роўна сто гадоў назад пасадзіў два дубы. Равеснікі стагоддзя, яны раскошна разгалінавалі свае кроны і з’яўляюцца сапраўдным помнікам прыроды. Жыхары звярнуліся ў Шашкоўскі сельвыканкам, каб падрэзаць тыя галіны, якія ствараюць пагрозу бліжэйшым дамам, і, такім чынам, пакінуць за дубамі права на жыццё.  

Таццяна Альгердаўна – прадстаўніца тых насельнікаў Вялікай Гуменаўшчыны, хто дбайна клапоціцца аб яе дабрабыце добраўпарадкаваннем сваіх домаўладанняў і падворкаў – бацькоўскай спадчыны. Сядзіба іх знаходзіцца ў адмысловым парадку. А яе муж Эдуард, у былым ваенны сувязіст, асвоіў нават пчалярскую справу і завёў пасеку.

У Вялікай Гуменаўшчыне на сучасны момант 36 сядзіб і 25 дач. Вёска раскошная – з асфальтавым пакрыццём, сваім возерам, лесам на хутары Грань – рукой падаць. Дачнікі не толькі гарманічна ўпісаліся ў вёску, але і ўзялі на сябе грамадзянскі абавязак рабіць жыццё вяскоўцаў больш камфортным, каб быт і інфраструктура аблягчалі жыццё. Напрыклад, мінчанін Алег Безручонак узяў на сябе клопат па стварэнні кааператыву для пракладкі газу. І вось тры гады назад блакітнае паліва прыйшло ў дамы вяскоўцаў.

Мы з задавальненнем здзяйсняем з Таццянай Альгердаўнай экскурсію па Вялікай Гуменаўшчыне. Прыцягвае ўвагу вясковая хата з шыльдай «Дом узорнага парадку». Тут жывуць дзядзька Юзаф і цётка Яня Ясюкевічы. Іосіф Францавіч і Яніна Зянонаўна дзеляцца з намі сваёй сямейнай радасцю – напрыканцы студзеня яны адзначылі 59 гадоў сумеснага жыцця, а ў гэты ж дзень у гаспадара яшчэ быў і 82-гадовы дзень нараджэння. У гэтай прыгожай пары трое дарослых дзяцей. У іх свае сем’і, службовыя пасады, а бацькоўскі дом для іх – тая аддушына, дзе можна прыемна адпачыць і зарадзіцца добрай энергіяй.

Цётка Анця, як яе завуць у вёсцы, Ганна Петрашкевіч таксама мае траіх дзяцей. Яна ўдава, ўзрост яе ўжо перасягнуў на дзявяты дзясятак. Дзеці не раз прапаноўвалі ёй паехаць жыць да іх, але нікуды яна не хоча адпраўляцца са свайго дому. Сустрэла нас Ганна Аляксандраўна з патэльняй у руках – паліла печ. У вёсцы яна адметная тым, што піша вершы. У яе некалькі спісаных сшыткаў. Ганна Аляксандраўна пачытала нам вершы і на беларускай, і на польскай мовах.

Старажыл у вёсцы і Марыя Янкоўская. З мужам Францам Антонавічам яны працавалі ў ПМК-74 , цяпер – на заслужаным адпачынку. У вёсцы яны славяцца тым, што ў іх талковыя дзеці і ўнукі.

Сярод 57 жыхароў Вялікай Гуменаўшчыны – палова працаздольных. Сям’я Янкоўскіх у ліку тых, дзе ёсць прадстаўнікі працаздольнага ўзросту. Сям’я гэтая аб’ядноўвае некалькі пакаленняў. Іосіф Антонавіч і Яніна Пятроўна даўно ўжо на пенсіі. Гаспадар, як і большая палова мужчын гэтай вёскі, працаваў шафёрам у ПМК-74, Яніна Пятроўна – паляводам у калгасе. У пачатку студзеня яны адсвяткавалі сваё залатое вяселле. На ўрачыстасць у дагледжаны, чысты, прыгожы іх дом прыехалі дзеці са сваімі сем’ямі, каб аддаць даніну павагі і любові сваім бацькам. У бацькоўскім доме застаўся жыць сын Вячаслаў са сваёй сям’ёй. Ён працуе вадзіцелем на торфабрыкетным заводзе. Вялікая сям’я трымае дамашнюю гаспадарку, ёсць нават карова. Такая з’ява цяпер рэдкая ў вёсцы. У Вялікай Гуменаўшчыне, напрыклад, толькі двое гаспадароў трымаюць кароў. Нам пашанцавала пазнаёміцца з прадстаўніком маладога пакалення сям’і Янкоўскіх. Віталь паспяхова здаў сесію і з поўным правам дома адпачываў. Ён заканчвае БДАТУ і атрымаў размеркаванне ў ААТ «Рочавічы» нашага раёна. Маладога спецыяліста чакае пасада інжынера-механіка. І ўнучка другога сына таксама вучыцца ў БДАТУ.

Нам прыемна было адзначыць парадак у дамах вяскоўцаў. Многія з жанчын – рукадзельніцы, іх дамы ўпрыгожваюць вышытыя, вязаныя рэчы. А летам сядзібы патанаюць у прыгажосці клумбаў. Хоць у Вялікай Гуменаўшчыне, як і ў многіх вёсках, засталося няшмат пастаянных жыхароў, але яе не назавеш неперспектыўнай. Яна застаецца жывой Бацькаўшчынай для выхадцаў з гэтага населенага пункта, якія даражаць бацькоўскімі дамамі і даюць ім новае жыццё ў сучасным дызайне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: дубы надаюць настрой Таццяне Яцко; 59 гадоў пражылі разам Іосіф і Яніна Ясюкевічы; мясцовая паэтэса Ганна Петрашкевіч; Марыя Янкоўская – з кірункам у магазін; навіны з «Праменя» – у сям’ю Іосіфа і Яніны Янкоўскіх; пасека Эдуарда Яцко.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *