Забяспечым пажарную бяспеку

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

На пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне аб выкананні патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні пажарнай бяспекі, абароне насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару ў Стаўбцоўскім раёне.

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын паведаміў, што ў 2017 годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна зарэгістраваны 44 пажары, на якіх загінулі тры чалавекі. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў з’явіліся парушэнні правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, неасцярожнае абыходжанне з агнём (адзін факт дзіцячага свавольства), парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыбораў. Матэрыяльны ўрон, прычынены ў выніку пажараў, склаў больш за 160 тысяч рублёў. Усе выпадкі гібелі ў 2017 годзе зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці. Найбольш пажараў узнікла ў Заямнаўскім сельсавеце – 10, у Шашкоўскім, Рубяжэвіцкім сельсаветах і ў г. Стоўбцы – па пяць.

Улічваючы, што кожны год 90 працэнтаў пажараў і гібелі людзей ад іх на тэрыторыі раёна адбываецца ў жылым сектары, асноўны акцэнт зроблены на прафілактычную работу. У залежнасці ад сацыяльнага статуса, маёмаснага стану грамадзян выкарыстоўваліся розныя метады вырашэння праблемных пытанняў.

У выніку гэтай работы аказана дапамога ў правядзенні ў домаўладаннях малаабароненай катэгорыі грамадзян рамонту пячнога ацяплення (32 дамы), электраправодкі (28 дамоў), устаноўлены АПІ (351 дом). Праводзіцца прафілактычная работа і з асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Такія мерапрыемствы праходзяць у цесным узаемадзеянні з РАУС, ЦРБ, сельвыканкамамі. На працягу 2017 года быў правераны супрацьпажарны стан 150 домаўладанняў данай катэгорыі грамадзян. З трох загінуўшых грамадзян два пазбавіліся жыцця па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення.

Работнікамі РАНС у 2017 г. выяўлены парушэнні пры ўстройстве і эксплуатацыі пячнога ацяплення ў 557 дамах адзінока пражываючых грамадзян, у 52 домаўладаннях шматдзетных сем’яў, у 138 дамах сем’яў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

У мінулым годзе праведзена сем раённых мерапрыемстваў для дзяцей раёна: «Выратавальнікі вачыма дзяцей», «Лепшы куток па пажарнай бяспецы», «Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім», «Конкурс відэаролікаў па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці», злёт юных пажарных, адкрытае першынство раёна па плаванні і г. д. На базе пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 1 г. Стоўбцы адкрываецца раённы адукацыйны цэнтр. Стаўбцоўскім РАНС ствараюцца і навучальныя відэаролікі. Разам з тым, у ведамасным жылым фондзе, які належыць сельскагаспадарчым арганізацыям (ААТ «Рубяжэвічы», «Рочавічы», «Радзіма Якуба Коласа», «Шашкі», «Дзераўное»), існуе і шмат парушэнняў: не адрамантаваны ацяпляльныя печы, адсутнічаюць пажарныя апавяшчальнікі, не атынкаваны дымаходы (ёсць трэшчыны) і г. д. Кіраўнікі арганізацый атрымалі прадпісанні аб ухіленні недахопаў.

За 2017 год у раёне праведзена шэсць пасяджэнняў камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме, разгледжаны дваццаць два пытанні.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *