Афіцэрскі свой наказ

Дзякуй, салдат! Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

140218e

Трымае цесную сувязь з раённай арганізацыяй воінаў-інтэрнацыяналістаў падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Дзянісаў.

– Быў адзін выпадак… – ухіляецца ад расказу пра геройскі ўчынак, за які атрымаў медаль «За адвагу», Віктар Фёдаравіч, сціпла тлумачыць: – Пра вайну можна расказваць многа, а можна нічога не сказаць… Пабачылі, наслухаліся рознага… Галоўнае – усе, за каго я адказваў, жывыя выйшлі. На вайне сваіх перамог, геройства ты не бачыш – іх заўважаюць іншыя. Кожны павінен займацца сваім. Мая задача – захаваць жыцці падначаленых. У калоне – 20-25 чалавек, 10-15 машын. Іх таксама трэба было зберагчы. На першым плане – тэхніка бяспекі. Камандаваць было няпроста. На вайне мы працавалі, жылі… Усе разам. Дапамагалі адзін аднаму, самі сябе і ахоўвалі. Калектыў добры падабраўся, з усяго Савецкага Саюза…

Родам з Узбекістана, выпускнік Самаркандскага вышэйшага ваеннага аўтамабільна-каманднага вучылішча, Віктар Дзянісаў спачатку трапіў служыць у Беларусь. Адсюль у 1985 годзе з пасады намесніка камандзіра тэхнічнай часці быў накіраваны ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан, дзе на працягу двух з паловай гадоў абслугоўваў аэрадромы, займаўся рамонтам узлётных палос на авіябазах.

– Неаднаразова вадзіў калоны, –прыгадвае Віктар Дзянісаў. – Гэта была поўнач Афганістана, ад Кушкі да Кандагара. 500 кіламетраў дарогі, а ведаў яе на памяць…

Пасля Афганістана кадравы ваенны вярнуўся даслужваць у Мінск, у сваю 2-ю армію супрацьпаветранай абароны. Яго накіравалі ў Стоўбцы. Казалі, што на месяц, а ён расцягнуўся да 1989 года. Даслужваў у штабе ў Баранавічах, але жыць застаўся ў Стоўбцах – тут была кватэра. Пазнаёміўся з мясцовымі воінамі-інтэрнацыяналістамі. Хоць і не тутэйшы, яго прынялі добра. «Сябруем, адпачываем разам. Крыўдаў у нас няма. Кожны быў там і ведае, што такое Афганістан», – разважае Віктар Дзянісаў.

Ён падтрымлівае сувязі і са сваімі былымі аднапалчанамі, многія з якіх таксама прайшлі ваеннымі дарогамі Афганістана. Гадоў пяць таму наладзіў у Стоўбцах для сваіх аднакурснікаў, выпускнікоў 1977 года Самаркандскага вучылішча, сустрэчу ў Стоўбцах. Такая традыцыя захоўваецца ў іх штогод, кліча ў розныя гарады. У гэтым годзе плануецца сустрэча ў Бранску. «Лёс закінуў і пераплёў нас так нечакана, – дзеліцца мой суразмоўца. – Працягваем працаваць, хоць і на пенсіі, радуемся жыццю, падтрымліваем адзін аднаго. Шкада, калі хто не вытрымаў выпрабаванне мірным жыццём», – выказваецца ён.

Усё далей адыходзіць у гісторыю Афганістан. У тых, хто прайшоў яго, ужо дзеці даўно сталі дарослымі, унукі ёсць. Вось і ў Віктара Дзянісава любімая унучка займаецца ў пятым класе гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Яму ўсё хочацца, каб дзеці раслі пад мірным небам, у акружэнні шчаслівых бацькоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *