На пазіцыі флагмана

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Выніковаму медыка-санітарнаму савету ў цэнтральнай раённай бальніцы папярэднічала выступленне галоўнага ўрача Святланы Глебка на калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Яе калегі з Валожынскага раёна, якія прысутнічалі на медыка-санітарным савеце ў Стоўбцах, назвалі інавацыйныя накірункі работы арыенцірам для іншых медустаноў. Куратар стаўбцоўскай бальніцы з упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Святлана Дзянісава, старшыня абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аляксандр Шамаль ва ўнісон гэтай ацэнцы таксама вызначылі стаўбцоўскай раённай бальніцы месца флагмана не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў рэспубліцы. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель у сваю чаргу зрабіў акцэнт на тым, што ў бальніцы праведзена вялікая работа па многіх накірунках. У лічбах гэта выглядае так. Па выніках работы за 2017 год стаўбцоўская бальніца не выканала толькі тры паказчыкі ў мадэлі канечных вынікаў, па выніках работы за папярэдні 2016 год – невыкананне было па 8 паказчыках. Рэвалюцыяй у добрым сэнсе гэтага слова можна назваць тэмпы правядзення капітальных рамонтаў, інфарматызацыі медыцынскай установы. Былі агучаны такія лічбы: за 2017 год у сацыяльнай сферы раёна на рамонты гаспадарчым спосабам асвоена 1417 тысяч рублёў, з іх у сферы аховы здароўя – 703 тысячы рублёў. А ўсяго на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскай установы затрачана летась 1107 тысяч рублёў. Заслугоўваюць пахвалы не толькі аб’ёмы, але і высокая якасць работ і сучасны дызайн.

Даючы ацэнку работы цэнтральнай раённай бальніцы ў цэлым, прадстаўнікі вышэйстаячых арганізацый адзначылі і высокі ўзровень дакладаў з відэапрэзентацыяй усіх, хто трымаў справаздачу на медсавеце. Акрамя галоўнага ўрача Святланы Глебка, справаздачу давалі загадчыца раённай паліклінікі Інеса Дударэвіч, раённы кардыёлаг Вольга Вяроўка, раённы фтызіятр Марына Санкевіч, урач-уролаг Аляксандр Ярмоленка, загадчыца Шашкоўскай амбулаторыі Наталля Сігаева, загадчыца Слабадскога ФАПа Святлана Клімовіч. З відэасправаздачай аб санітарна-эпідэмічным стане выступіў галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч.

Прызнаны значныя поспехі бальніцы ў аказанні пярвічнай дапамогі пацыентам, у дзейнасці амбулаторна-паліклінічнага звяна, у дыспансерызацыі, у станоўчай дынаміцы прыцягнення і замацавання кадраў, што забяспечыла надзейны кадравы патэнцыял медыцынскай установы. З трох нявыкананых паказчыкаў па выніках работы за мінулы год ёсць адзін, актуальны не толькі для дзейнасці медустановы, але і для кожнага жыхара раёна. Гэта высокі працэнт выяўлення анкалагічных захворванняў у запушчаным стане. Выніковасць гэтай работы медыкаў можа быць толькі тады, калі будзе сустрэчны інтарэс кожнага пацыента своечасова «несці» ў бальніцу свае балячкі, не адкладваць візіт да ўрача пры недамаганнях, штогадова праходзіць дыспансерызацыю.

Выступленні медыцынскіх работнікаў вызначылі прыярытэтныя накірункі работы ўстановы. Кіраўніцтвам раёна зроблены акцэнт на тым, што патрэбна і надалей актыўна развіваць пазабюджэтную дзейнасць з экспартам медыцынскіх паслуг для замежных грамадзян. Да слова, у бягучым годзе плануецца адкрыць кабінет падводнага масажу, укараніць вакуумны масаж, надалей пашыраць стаматалагічныя і лабараторныя паслугі. Куратар з упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама высока ацаніла распачатую стаўбцоўскімі медыкамі работу па раннім выяўленні бясплоддзя ў мужчын і рэкамендавала гэты інавацыйны ў вобласці праект актыўна працягваць.

Як заўсёды, вялікая ўвага на нарадзе была нададзена пытанням дэмаграфіі. За 2017 год нараджальнасць у раёне знізілася на 13 працэнтаў у параўнанні з 2016 годам. У статыстычнай справаздачнасці адзначана і зніжэнне смяротнасці – на 6,4 працэнта.

Прыемным момантам медыка-санітарнага савета стала ўзнагароджанне медыцынскіх работнікаў. Лепшыя працаўнікі адзначаны граматамі і падзякамі ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама, райвыканкама і галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы.

Калектыў медустановы нацэлены на плённую, прафесіянальную работу па павышэнні якасці і даступнасці аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *