Зорны фэст

Адукацыя Нумары

Установе адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс «Залужскі дзіцячы сад–сярэдняя школа» выпаў гонар прымаць атрад «Зорны Фэст» БДПУ імя М.Танка. Сярод студэнтаў былі прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Кітая. У праграме «Зорнага паходу – 2018» – наведванне краязнаўчага народнага музея «Спадчына», сустрэча з настаўнікамі і вучнямі ўстановы адукацыі.

Юныя экскурсаводы музея вельмі хваляваліся, бо прымалі шаноўных гасцей: выкладчыкаў педагагічнага ўніверсітэта і будучых настаўнікаў.

Вельмі спадабалася гасцям у этнаграфічнай зале.   Юнакі і дзяўчаты, выкладчыкі доўга разглядалі рэчы сялянскага быту. Доўга наведвальнікі любаваліся вырабамі з ільну: посцілкамі, настольнікамі і сурвэткамі, разглядвалі патэфон, самавары, прасы на вуголлях і іншыя экспанаты.

А ў зале «Школа – наш дом» экскурсаводы з гонарам вялі гаворку аб знакамітых выпускніках Залужскай школы, такіх як доктар мастацтвазнаўства, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Я. М. Сахута, паэт з Расіі В. М. Лявонаў, выкладчык рускай мовы Вільнюскага міжнароднага ўніверсітэта прыкладных навук, права і бізнесу І. І. Станкевіч.

Экскурсаводы прадставілі тэматычны аповед пра бой каля вёскі Залужжа, які адбыўся 29 чэрвеня 1941 года: з вуснаў вучняў гучалі ўспаміны сведкаў тых жудасных падзей, расказ пра загінуўшых чырвонаармейцаў, імёны якіх не павінны быць забытымі.

У экалагічным пакоі нам таксама ёсць што паказаць. Гэта фотаздымкі, вучнёўскія вырабы з прыроднага матэрыялу і падарунак міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь – калекцыя мінералаў і горных парод Беларусі і Расіі.

Больш за гадзіну доўжылася сустрэча ў музеі «Спадчына». Госці выказалі шчырыя словы падзякі юным экскурсаводам за цікавы і змястоўны расказ, за беражлівыя адносіны да сваёй спадчыны.

Удзельнікі зорнага паходу пазнаёміліся з выставай работ гуртка «Папяровая фантазія». Госці атрымалі ад членаў гуртка ў падарунак вырабы з газетных трубачак.

Выкладчыкі БДПУ расказалі пра сваю навучальную ўстанову, правілы паступлення. Студэнты атрада «Зорны Фэст» прапанавалі выдатны канцэрт: ігралі на музычных інструментах, паказвалі харэаграфічныя кампазіцыі, спявалі народныя і сучасныя песні. Затым вучні ўстановы адукацыі прапанавалі свае нумары мастацкай самадзейнасці. Сустрэча закончылася фотаздымкамі на памяць, сумесным флэш-мобам.

Наталія ВАЛЕНТА, кіраўнік народнага музея «Спадчына» Залужскага ВПК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *