Дружна прагаласавалі маладыя сем’і

Выборы - 2018 Нумары

image_pdfimage_print

170218b

Рэпартаж з выбарчага ўчастка

У першы дзень датэрміновага галасавання на Заводскім выбарчым участку для галасавання № 6 прагаласавала больш за 50 чалавек.

Адметна, што ў ліку першых прыйшлі маладыя сем’і, матулі з дзеткамі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Балазе, ім нават не трэба было апранаць верхнюю вопратку, таму што ўчастак знаходзіцца акурат у інтэрнаце філіяла маторнага завода, дзе яны і пражываюць. Усё вельмі па-дамашняму – варта толькі спусціцца на першы паверх.

Нядзіўна, што Юлія і Іван Гарохавікі прыйшлі на ўчастак у поўным саставе – разам з дачушкай-дашкольніцай Лізаветай і з «груднічком» Васілісай. «Галасуем датэрмінова, таму што на выхадныя збіраемся ехаць да бацькоў. Яны жывуць у Горках і Заямным», – падзяліліся Юлія і Іван.

Сустрэлі на ўчастку і шматдзетную сям’ю Шакеляў. Галава гэтай сям’і, праўда, на рабоце, у ДБТ № 7, а матуля Вольга завітала на ўчастак разам з сынам-першакласнікам Арцёмам і – таксама з «груднічком» на руках – дзевяцімесячнай Таццянай. Старэйшы сын, чацвёртакласнік Аляксей, – на занятках у школе. Пагутарылі са шматдзетнай сям’ёй і даведаліся, што ёй выдзелены ў інтэрнаце цэлы блок. Прасторна, умовы камфортныя, але яны мараць пабудаваць уласную кватэру.

Асабліва актыўна ішлі выбаршчыкі на ўчастак у вячэрні час, пасля змены на заводзе. Члены камісіі Сяргей Есіс і Таццяна Клімовіч патлумачылі: «Сярод 1762-х выбаршчыкаў, якія зарэгістраваны на ўчастку, добрая палова – работнікі завода. 21 выбаршчык будзе галасаваць сёлета ўпершыню».

Участак поўнасцю падрыхтаваны для галасавання. Свая місія і ў назіральнікаў. У якасці іх зарэгістраваны на ўчастку Андрэй Бурновіч і Дзмітрый Пазняк. Абодва ў гэтай ролі – упершыню.

Андрэй прадстаўляе КПБ. Балазе, на Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце, дзе ён працуе начальнікам участка «Халадзільнік», дзейнічае свая партыйная ячэйка пад кіраўніцтвам спецыяліста па кадрах Людмілы Чурылавай. Пра прафесійныя і грамадскія якасці Андрэя гаворыць тое, што на сваім прадпрыемстве ён уключаны ў склад камісіі па ахове працы, з’яўляецца актыўным удзельнікам турысцкіх злётаў. На гэтым жа ўчастку, дзе вядзе назіранне, ён будзе і галасаваць. Праўда, хоча зрабіць гэта разам з жонкай Таццянай і дзвюма дочкамі, таму выбраны зручны для ўсіх дзень – асноўны дзень галасавання.

Назіральнік Дзмітрый Пазняк прадстаўляе БРСМ. У радах гэтай грамадскай арганізацыі ён фактычна са школы (закончыў Шашкоўскую СШ), і працягвае быць яе актывістам з першых дзён работы на філіяле маторнага завода, куды прыйшоў майстрам у 2012 годзе. Завочна займаецца ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце па спецыяльнасці «інжынер-механік». Яны з жонкай не так даўно сталі бацькамі. Жывуць тут жа, у інтэрнаце завода.

Для назіральнікаў вызначана сваё месца, адкуль яны сочаць за ходам галасавання, не ўмешваючыся ў працэс волевыяўлення. «Галоўнае – каб кожны з выбаршчыкаў галасаваў за сябе», – падкрэсліваюць Андрэй Бурновіч і Дзмітрый Пазняк і адзначаюць, што выбаршчыкі ў нас граматныя, удзельнічаюць у выбарах асэнсавана, і ніхто не жадае дапускаць парушэнняў заканадаўства.

НА ЗДЫМКАХ: галасуе маладая сям’я Гарохавікаў; працуе ўчастковая выбарчая камісія; за ходам галасавання назіраюць Дзмітрый Пазняк і Андрэй Бурновіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *