Быць першай для людзей

Выборы - 2018 Нумары

image_pdfimage_print

170218g

Гэтымі днямі стала вядома, што дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Рамуальда Бурдукевіч, адзначаная не так даўно медалём «За працоўныя заслугі», – сярод намінантаў абласнога конкурсу «Жанчына года».

З намінанткай мы сустрэліся на выбарчым участку, куды яна прыйшла для датэрміновага галасавання, выкарыстаўшы гэтую магчымасць, каб павіншаваць яе са званнем жанчыны года Мінскай вобласці і задаць некалькі пытанняў.

– Рамуальда Браніславаўна, што на першым месцы ў вашым жыцці – работа ці сям’я?

– На першым месцы – работа, а сям’я – гэта мая падтрымка, тыл, апора. За мной стаіць калектыў – 380 чалавек, – і гэта таксама мая сям’я. Не магу пакінуць яе без зарплаты, без аб’ёмаў работы. Кіраўніцтва Мінскай вобласці даверыла мне гэты калектыў, і я павінна апраўдаць давер. Па натуры я працаголік – працую сама і накіроўваю іншых. Імкнуся сфарміраваць каманду.

– Калі вы атрымліваеце задавальненне ад сваёй работы?

– Рэдка атрымліваю задавальненне ад работы. У пачатку года стаўлю сабе арыенціры, намячаю звышзадачы, і, калі яны напрыканцы года становяцца рэальнасцю, дасягненнем, – тады ёсць задавальненне. Чым цяжэйшы шлях, чым складаней задача – тым большая радасць, хоць, магчыма, зроблены толькі адзін крок у гэтым напрамку.

– У вашай сям’і на чым трымаецца аўтарытэт жонкі, маці, бабулі?

– На любові ўсё трымаецца. Яна дае падпітку для работы, усяляе ў душу цяпло і дабро. У мяне два ўнукі. Ёсць вера ў Бога. Матуля (ёй 79 гадоў) – мой анёл-ахоўнік. Яна моліцца за мяне і ўсіх нас.

– Дапамагае вашаму поспеху праца не дзе-небудзь, а ў сваім раёне, на малой радзіме?

– Безумоўна. Мне будзе сорамна, калі я зраблю нешта не так. Мяне вядзе па жыцці пачуццё вялікай адказнасці. Так мяне выхавалі. Родам я з вёскі Дзяражнае, закончыла Дзераўнянскую школу. На гэтай зямлі жывуць мае родныя, блізкія. Яны далі мне такі аванс, і я не магу не выкарыстаць яго ў імя людзей. Калі быць першай, то першай для людзей, калектыву, свайго раёна.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў даюць нам магчымасць вызначыць дастойных людзей. якія змогуць вырашаць агульныя праблемы і быць карыснымі іншым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *