Не аб’ект дапамогі, а ўдзельнік соцыуму

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

170218c

Яшчэ не так даўно інваліднасць атаясамлівалася з матэрыяльнымі льготамі і прэферэнцыямі, а таксама пэўнымі грамадска-сацыяльнымі абмежаваннямі. Сёння на змену гэтым стэрэатыпам прыходзіць паняцце магчымасцяў, ацэнка таго, наколькі людзі з інваліднасцю могуць рэалізоўваць свае правы і ўключацца ў жыццё грамадства.

Погляд на праблему стаў кардынальна іншым дзякуючы Канвенцыі аб правах інвалідаў – міжнароднаму дакументу, да якога далучылася і наша рэспубліка. Беларусь уважліва аднеслася да яго, задэклараваўшы стварэнне вычарпальнай інфраструктуры ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Стандартная праграма магчымасцяў людзей з інваліднасцю пачынаецца з першаасновы – чалавечай годнасці, а кожнае іх права варта інтэрпрэціраваць згодна з канкрэтнымі патрэбамі. Пытанне застаецца ў тым, як хутка і якасна мы зможам вырашаць праблемы людзей з інваліднасцю.  

Дапамогу ў гэтым прызвана аказаць кампанія «Повестка-50» (за аснову ўзяты вопыт Даніі, Польшчы, а лічбай 50 канкрэтызуецца колькасць артыкулаў Канвенцыі), устаноўчая сустрэча ў рамках якой прайшла ў Стоўбцах па ініцыятыве Офіса па правах людзей з інваліднасцю з удзелам дэпутата парламента Алены Анісім, прадстаўнікоў раённага выканаўчага камітэта, тэрытарыяльнага цэнтра, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, грамадскіх арганізацый і саміх людзей з інваліднасцю. Офіс па правах людзей з інваліднасцю займаецца асветніцкай і праваабарончай дзейнасцю, у Стоўбцах другі раз – у верасні мінулага года быў арганізаваны круглы стол з такім жа шырокім прадстаўніцтвам.

Пра перспектыўнасць і адкрытасць нашага горада да інавацый сведчыць тое, што ўдзельнікі сустрэчы выказалі жаданне далучыцца да кампаніі «Повестка-50», якая рэалізуецца Офісам па правах людзей з інваліднасцю пры фінансавай падтрымцы еўрапейскіх партнёраў. Гэты праект, як расказалі старшыня Офіса Сяргей Драздоўскі і яго намеснік Міхаіл Мацкевіч, ужо ажыццяўляецца на працягу апошніх паўтара года на тэрыторыі чатырох гарадоў рэспублікі – Століна, Шчучына, Бабруйска і Валожына. Арыентаваны ён на садзейнічанне рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў і выкананне Нацыянальнага плана рэалізацыі Канвенцыі шляхам стварэння мясцовых «повесток». Іншымі словамі, гэта своеасаблівы мясцовы план для вырашэння пытанняў дзяржаўнай праграмы па безбар’ерным асяроддзі або пералік некалькіх лакальных дзеянняў, якія патрабуюць вырашэння менавіта ў гэтай мясцовасці. Пэўнага эталона, якім павінен быць мясцовы план, няма. Галоўнае – ініцыятыва, актыўнасць, імкненне да ўзаемадзеяння і агульных крокаў. У рэалізацыі праектаў вітаецца непасрэдны ўдзел людзей з інваліднасцю.

Да прыкладу, у Бабруйску з дапамогай праекта «Повестка-50» ставяць задачу павысіць кампетэнтнасць людзей з інваліднасцю, якія хочуць працаўладкавацца (навучыць таму, як рыхтаваць рэзюмэ, рыхтавацца да гутаркі з наймальнікам і т. п.), аказваць ім юрыдычныя кансультацыі. Адзін з праектаў накіраваны на барацьбу са стэрэатыпамі ў свядомасці людзей з інваліднасцю (раённая арганізацыя інвалідаў-калясачнікаў задумала стварыць разам з арганізацыяй аўтааматараў адмысловы сэрвіс для аказання бясплатных транспартных паслуг з умовай, што кліент павінен расказаць пра сваё жыццё). У Століне з мэтай сцірання архітэктурных гарадскіх бар’ераў мяркуюць стварыць свой даведнік – для гэтага група энтузіястаў правядзе абследаванні грамадскіх месцаў і зробіць экспертны вердыкт адносна даступнасці таго ці іншага аб’екта для наведвальніка з інваліднасцю.

Сваёй цікавай ідэі ў Стоўбцах пакуль не выкрышталізавалі. «Ёсць час прааналізаваць і ўбачыць перспектыву», – намеціла арыенцір намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль. Тым больш, як слушна заўважыла старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Зінаіда Катлашэўская, сабраліся людзі нераўнадушныя, адкрытыя да дыялогу.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко, адкуль фактычна зыходзіць асноўны аб’ём работы з людзьмі з інваліднасцю ў раёне, выказала ўдзячнасць арганізатарам сустрэчы і падзялілася сваімі думкамі:

– Гэтая сустрэча падштурхоўвае нас да ўзаемадзеяння і новых інфармацыйных сувязяў, нетрадыцыйных падыходаў у рабоце з людзьмі з інваліднасцю. Нам карысна будзе папрацаваць разам, каб і грамадскія арганізацыі набылі ролю нестаронніх назіральнікаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *