Да святой Валянціны Мінскай

Лампада Нумары

170218d

У дзень памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай на працягу ўсяго дня на сельскіх могілках у вёсцы Крысава суседняга з намі Дзяржынскага раёна служыліся святочныя малебны. У які б час ні прыехалі паломнікі, а народ Божы сцякаўся з усіх куткоў Беларусі, можна было далучыцца да саборнай малітвы і ўзнесці свае просьбы да Госпада, просячы малітваў матушкі Валянціны. Паломніцкая паездка была арганізавана і ад кафедральнага сабора святой праведнай Ганны ў г. Стоўбцы.

На месцы пахавання блажэннай Валянціны Мінскай святочны малебен здзейсніў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел у саслужэнні епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія і свяшчэннаслужыцеляў епархіі.

Адказваючы на пытанні журналістаў рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, епіскап Павел пацвердзіў, што Беларускай Праваслаўнай Царквой распачата падрыхтоўчая работа па адкрыцці і пераносе ў храм Божы святых мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай. Уладыка адзначыў, што гэта вялікая радасць для кожнага хрысціяніна і падзея для ўсёй нашай краіны. Адкрыццё святых мошчаў умацуе не толькі Царкву, але і згуртуе ўвесь беларускі народ, усю краіну вакол блажэннай Валянціны Мінскай.

Любоў да святой матушкі Валянціны праяўляецца ў няспынным патоку паломнікаў да яе, у букетах руж, якія пастаянна стаяць на месцы пахавання святой, хоць на вуліцы лютаўская сцюжа. Па яе малітвах перад Прастолам Нябесным вернікі атрымліваюць адказ Бога на іх жыццёвыя і духоўныя просьбы.

Святая блажэнная Валянціна Мінская, малі Бога аб нас!

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *