Дзяржаўная падтрымка. Сацыяльныя кватэры — для сірот

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Дзяржаўная падтрымка аказваецца тым, хто мае ў гэтым асаблівую патрэбу. У мінулым годзе тром дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, былі выдзелены вызваленыя жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання. Усе тры сацыяльныя кватэры знаходзяцца ў Стоўбцах, па адрасе: вуліца Ленінская, 81-а. На даны момант райвыканкамам падрыхтаваны праект рашэння аб прадастаўленні сацыяльнай кватэры ў гэтым жа доме яшчэ аднаму грамадзяніну.

У бягучым годзе, калі будзе завершана будаўніцтва ў Стоўбцах новага шматпавярховага дома, плануецца забяспечыць аднапакаёвымі кватэрамі сацыяльнага карыстання 20 асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У праграме будаўніцтва на 2018 год прадугледжана ўзвядзенне яшчэ дзесяці кватэр сацыяльнага карыстання.  

Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама штогод уносіць свае прапановы адносна будаўніцтва ў раёне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. Як патлумачыла яго начальнік Любоў Жыбуль, на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і мае права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, знаходзяцца 146 грамадзян (83-м з іх ужо споўнілася 18 гадоў). У асобным спісе грамадзян, якія маюць патрэбу ў забеспячэнні жылымі памяшканнямі сацыяльнага карыстання ў чарговым каляндарным годзе і стаяць на ўліку па стане на 1-га лютага 2018 года, – 84 чалавекі. Іх дата пастаноўкі на ўлік – з 1997 года па 2017 год. Менавіта згодна з датай пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ажыццяўляецца забеспячэнне жылымі памяшканнямі сацыяльнага карыстання асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Парадак прадастаўлення жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2013 года № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін». Нагадаем, што дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб эмансіпацыі або якія ўступілі ў шлюб, і асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання прадастаўляюцца ў выглядзе аднапакаёвай кватэры. Дагавор найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду заключаецца з імі тэрмінам на пяць гадоў. Па сыходжанні тэрміну дзеяння дагавору жылое памяшканне сацыяльнага карыстання падлягае ўключэнню ў састаў жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. З грамадзянамі, якія пражываюць у гэтым жылым памяшканні, заключаецца дагавор найму жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам.

Варта сказаць, што асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дасягнулі 18 гадоў і стаяць у райвыканкаме на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прапануецца ўдзел у долевым будаўніцтве. У мінулым годзе згодна з датай пастаноўкі на ўлік падобная прапанова была зроблена 12-ці грамадзянам. Згодай адказаў толькі адзін.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *