Ёсць над чым працаваць

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

210218a

Працягваюцца сустрэчы кіраўніцтва раёна з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі. На мінулым тыдні такая сустрэча ладзілася ў Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым.

Раўнадушных у зале не было, таму што пытанні развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі хвалююць і непасрэдна датычаць літаральна кожнага з нас, звычайных спажыўцоў камунальных паслуг.

КРЫТЫКА – НАШ РЭЗЕРВ

Аналіз вытворча-гаспадарчай дзейнасці АКС па выніках 2017 года быў зроблены старшынёй райвыканкама і яго намеснікам Аляксандрам Цывакам скрупулёзна і з дастаткова жорсткім падыходам. І як інакш, калі на самым высокім дзяржаўным узроўні гэтым пытанням нададзены прыярытэт і пільная ўвага?

Лічбы гавораць аб станоўчых тэндэнцыях, але і аб недастаткова эфектыўнай рабоце камунальнікаў па многіх паказчыках. Пакуль не прыносіць прыбытку ведамасная гасцініца «Зара», хоць зроблены яе рамонт, на яго выдаткаваны немалыя ўкладанні. Не развіваецца спектр рытуальных паслуг. З улікам развітой канкурэнцыі размова ідзе, у першую чаргу, пра недахоп у Стоўбцах так званай рытуальнай залы, дома смутку. Чаму б камунальнікам не запоўніць гэтую нішу на рынку паслуг?..

Быў прыведзены характэрны прыклад з кафэ «Фокус» (знаходзіцца ў будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу), дзе на змену райспажыўтаварыству прыйшоў новы гаспадар, прыватнік, які, безумоўна, даб’ецца таго, каб працаваць з прыбыткам. Прыватная ініцыятыва праявіла сябе і ў лазневым абслугоўванні, дзе камунальнікі спрацавалі таксама з «мінусам». Раённыя ўлады пайшлі на своеасаблівы эксперымент, калі дазволілі арэнду лазні па вуліцы Пушкіна. «Такое рашэнне было прынята ў інтарэсах людзей, – падкрэсліў Юрый Горлаў. – Праз паўгода прааналізуем вынікі гэтага рашэння».

Асобная тэма – добраўпарадкаванне горада. «У рамках даручэння Прэзідэнта мы павінны вывесці яго на іншы ўзровень», – паставіў задачу Юрый Горлаў. У гэтым годзе Стоўбцы адзначаць свой 425-гадовы юбілей. Дата ўстаноўлена нядаўна, і, фактычна, стаўбчане будуць святкаваць першы юбілей. Небходна многае зрабіць. Захаваецца ранейшая практыка, калі дапамогу АКС ва ўборцы замацаваных вуліц горада аказваюць прадпрыемствы і арганізацыі.

Планы добраўпарадкавання вялікія, аднак для іх рэалізацыі АКС неабходна зарабляць сродкі. З мінулага года вядуцца работы на вуліцы Цэнтральнай і разглядаецца пытанне ў перспектыве пашырыць праезджую частку на ёй да чатырохпалоснай. Адпаведна паўстае пытанне замены асвятлення. Відавочна змяняецца парк «Дружба народаў», у тым ліку дзякуючы сродкам, якія былі зароблены працоўнымі калектывамі падчас суботнікаў. «Трэба разам праводзіць гэтую работу, больш актыўна прыцягваць жыльцоў да добраўпарадкавання сваіх двароў, дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, машына-месцаў», – упэўнены Юрый Горлаў.

ІНВЕСТЫЦЫЙНАЯ ПРАГРАМА

Пра развіццё горада скажа той факт, што летась быў пабудаваны новы дзіцячы сад на 230 месцаў. За апошні час удала рэалізаваны з аўкцыёну свабодны зямельны ўчастак па вуліцы Міру (згодна з умовамі яго продажу былі закуплены два школьныя аўтобусы, а ўсяго ў бюджэт раёна паступіла каля 200 тысяч рублёў). Напрыканцы мінулага года рэалізаваны яшчэ адзін участак – у раёне гаспадарчага магазіна, дзе інвестарам будзе пабудаваны гандлёва-забаўляльны цэнтр з сучаснымі магазінам (плошчай 1500 м2), кіназалай, боўлінгам, дзіцячым кафэ, аптэкай, аддзяленнем банка, дзіцячай гульнявой пляцоўкай, а таксама выканана святлафорнае рэгуляванне на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Свярдлова. «Будзе створаны спектр паслуг, а і да іх, магчыма, і падземная стаянка», – расказаў Юрый Горлаў. Пачатак будаўніцтва – у наступным годзе.

Дзякуючы інвестыцыйнай праграме ў гэтым годзе плануецца ўвесці ў карыстанне ўсе незанятыя плошчы ў будынку былой воінскай часці. Вядзецца карэкціроўка праекта, каб размясціць на гэтых плошчах творчыя аддзяленні для дзяцей.

І, безумоўна, галоўныя інвестыцыі для горада і, адпаведна, для аб’яднання камунальных службаў, звязаны з будаўніцтвам новай кацельні. Што дасць новая кацельня на мясцовых відах паліва? Згодна з тэхніка-эканамічным абгрунтаваннем, дзяржаўныя выдаткі з бюджэту знізяцца ў два разы, а АКС, які на працягу многіх гадоў закупляе цяпло ў філіяла маторнага завода, атрымае магчымасць паправіць сваё эканамічнае становішча. Рэалізацыя гэтага праекта станоўча скажацца і на рабоце яшчэ аднаго прадпрыемства раёна – ААТ «ТБЗ «Нёман», адкуль будзе закупляцца паліва для кацельні. Будзе створана 60 новых рабочых месцаў.

На будаўніцтва кацельні будзе аказана значная дзяржаўная падтрымка – у памеры 12-ці мільёнаў рублёў (да ведама, за іх можна было б пабудаваць два дзіцячыя сады або школу). Праект павінен акупіцца на працягу пяці гадоў. Да 31-га снежня 2018 года камунальнікам неабходна зрабіць усё, каб асвоіць гэтыя капітальныя ўкладанні і ўвесці кацельню ў эксплуатацыю.

– АКС чакаюць нядрэнныя перспектывы, але многае будзе залежаць ад вашай аператыўнасці, – зазначыў старшыня райвыканкама. – Не варта расслабляцца, а выводзіць усе накірункі дзейнасці на прыбытковую работу. Мы падтрымалі ваша прадпрыемства, калі прынялі рашэнне накіраваць сродкі рэзервовага фонду за мінулы год у 100-працэнтным аб’ёме.

Сярэднямесячны памер заробку на прадпрыемстве сёння складае 536 рублёў. Гэта нізкі ўзровень з улікам таго, што ў раёне сярэдні заробак наблізіўся ў снежні да 700 рублёў.  

ЯК ПАЛЕПШЫЦЬ ЯКАСЦЬ ПАСЛУГ І ЭКАНАМІЧНЫЯ ПАКАЗЧЫКІ

Дырэктар АКС Дзмітрый Мурын і кіраўнікі структурных падраздзяленняў, спецыялісты прадпрыемства спыніліся на тым, што не атрымалася выканаць і што трэба зрабіць у бліжэйшы час, на прыярытэтах развіцця ЖКГ у раёне.

Хоць у 2017 годзе страты АКС у параўнанні з 2016 годам зменшыліся амаль удвая, праблемным месцам застаецца водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Прадпрыемствам не выкананы паказчык па планава-разліковай цане, страты вады склалі 23,8 працэнта. Акрамя таго, неабходна будаваць тры станцыі абезжалезвання вады ў аграгарадках, артсвідравіну ў Мікалаеўшчыне. Безумоўна, распрацаваны план тэхнічнага пераўзбраення, але да яго варта далучыць і больш цесную работу з насельніцтвам, таму што нярэдкія факты несанкцыянаванага выкарыстання вады і т. п.

Сярод іншых праблем на бягучы год перанесены ўвод двух жылых дамоў пасля капрамонту. АКС даручана ўзмацніць работу па ўзяцці на свой баланс праездаў і дарог да жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў. «Людзі за свае сродкі іх не адрамантуюць, гэта трэба рабіць за кошт бюджэту», – упэўнены Юрый Горлаў. Яшчэ адно даручэнне – да 1-га мая ў АКС павінен быць свой сайт, дзе будзе інфармацыя пра так званага «хаўсмайстра», які ажыццявіць дробны рамонт, будуць змешчаны цэны на паслугі. Сайт дасць магчымасць грамадзянам мець сувязь з кіраўніцтвам АКС з дапамогай электронных зваротаў. Нельга забываць пра энергазберажэнне, і тут важна прывязаць заробак кожнага работніка прадпрыемства да задання па спажыванні электраэнергіі.

Задачай бягучага года застаецца ахоп насельніцтва, пераважна – сельскага, кантэйнернымі пляцоўкамі і павелічэнне збору другасных матэрыяльных рэсурсаў.

На сустрэчы ўзнімаліся пытанні аптымізацыі, кадравай работы, дзе высветлілася шмат рэзерваў. Адным словам, ёсць чаму вучыцца і на чым зарабляць, таму што менавіта ад камунальнікаў залежыць дабрабыт кожнага жыхара раёна.

На здымках: сустрэча праходзіла на чале са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым; у калектыве камунальнікаў не было раўнадушны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *