Эстафета мужнасці

Дзякуй, салдат! Нумары

image_pdfimage_print

210218b

НАШЧАДКІ БАЯВОЙ СЛАВЫ

15-га лютага ў Стоўбцах прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 29-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У нашай свядомасці гэта не проста адзнака навейшай гісторыі, а Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Па добрай традыцыі, з раніцы воіны-інтэрнацыяналісты раёна сабраліся ля райваенкамата, адкуль пад гукі духавога аркестра пачалося іх шэсце да плошчы Бессмяротнасці і помніка загінуўшым землякам. У калоне разам з воінамі-інтэрнацыяналістамі – іх жонкі, малыя ўнукі.

Ля помніка загінуўшым землякам сабралася грамадскасць горада, моладзь. Піянеры сярэдняй школы № 2 застылі ў ганаровай варце. Да ўдзельнікаў мітынгу далучылася шаноўны ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Ганна Андрэеўна Клімаш.

Мітынг пачаўся пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Са словамі павагі і ўдзячнасці звярнуўся да воінаў-інтэрнацыяналістаў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Асаблівая ўвага ў яго прамове была звернута на важнасць работы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» з падрастаючым пакаленнем. Прагучала, што гэтая работа не толькі выхоўвае падлеткаў, рыхтуе іх да службы ў арміі, але і збліжае два народы – беларусаў і расіян. Вядома, што ў клуба «Абаронца Айчыны» наладжаны цесныя ўзаемныя сувязі з г. Падольскам, адкуль паступаюць запрашэнні на міжнародныя турніры па баявых адзінаборствах. Дарэчы, і ў сябе стаўбчане прымалі летась расійскіх сяброў-сапернікаў.

З паклонам да воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія мужна выканалі свой доўг, прыехала ў гэты дзень дэпутат парламента Алена Анісім. Слова было дадзена раённаму ваеннаму камісару Аляксею Дзядкову, старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгору Мамайку. Па-жаночы і па-мацярынску шчырымі і цёплымі былі выступленні старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Наталлі Лапко і сакратара раённай арганізацыі КПБ Ніны Дубовік.  

Памяць загінулых ушанавана мінутай маўчання. Да помніка ляглі жывыя гваздзікі. Памяць аб той вайне працягвае жыць і хваляваць наш розум і сэрца, будзіць пільнасць і заклікае да адзінства. У імя міру!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ВАХТА АРСЕНАЛА

У 25 Арсенале ракетных войскаў у кожнага – свая задача, свой участак нясення службы.

Кругласутачная служба ў каравула ваенізаванай аховы. На працягу 24-х гадзін гэтае падраздзяленне нясе адказнасць за выкананне баявой задачы па ахове ўсіх аб’ектаў і ваеннай маёмасці на тэрыторыі вайсковай часці 25819. І гэта адзінае падраздзяленне ў Арсенале, якое ў мірны час нясе службу з баявой зброяй.

Адметнасцю асабістага саставу каравула з’яўляецца той факт, што ў складзе падраздзялення – ваеннаслужачыя запасу, якія службе ў радах нацыянальнай арміі прысвяцілі сваё жыццё. Начальнікам каманды ваенізаванай аховы назначаны падпалкоўнік запасу Вадзім Мартос.

На працягу сутак каравул заступае на службу ў тры змены. З вялікай адказнасцю службу нясуць начальнікі змен падпалкоўнік запасу Аляксандр Бродка, старшы прапаршчык запасу Генадзь Макарэвіч і іншыя ваенаслужачыя запасу, якія добра ведаюць, што такое служба ў радах арміі.

Дух ваеннаслужачых і іншых працаўнікоў Арсенала, хто знаходзіцца на грамадзянскіх пасадах, падымае тое, што яны характарызуюць начальніка 25 Арсенала палкоўніка Аляксандра Голева як справядлівага, граматнага спецыяліста, чалавека з такімі выдатнымі якасцямі, як увага да кожнага, чуласць, уменне падтрымаць. Гэта стварае добры мікраклімат і з’яўляецца выдатным падмуркам для належнага выканання пастаўленых задач.

Калектыў Арсенала ўмее не толькі згодна са статутам бездакорна несці службу, але і разам выдатна адпачыць. Ёсць у калектыве свае артысты, таленты, ім будзе прадастаўлена магчымасць раскрыць свае задаткі з нагоды Дня абаронцаў Айчыны.

Пр

 

ВЫБІРАЕМ ПРАФЕСІЮ АФІЦЭРА

Паважаныя выпускнікі! Хачу зарыентаваць вас і вашых бацькоў на магчымасцях нашай беларускай сістэмы ваеннай адукацыі. У апошнія гады сістэма ваеннай адукацыі істотна ўдасканальвалася і цяпер дазваляе разам з атрыманнем ваеннай адукацыі набыць і запатрабаваную грамадзянскую спецыяльнасць.

Падрыхтоўку ваенных кадраў акрамя Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць і шэраг факультэтаў грамадзянскіх устаноў адукацыі. Гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіцыйны каледж, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Для органаў пагранічнай службы падрыхтоўку ваенных кадраў ажыццяўляе дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь». Калі ёсць жаданне, то можна прайсці навучанне і на базе ваенных навучальных устаноў Расійскай Федэрацыі па спецыяльнасцях, якія запатрабаваны ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

У ваенныя навучальныя ўстановы прымаюцца на конкурснай аснове грамадзяне Рэспублікі Беларусь мужчынскага полу, якія маюць сярэднюю (сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй) ва ўзросце ад 17 гадоў да 21 года. Асаблівасцю паступлення з’яўляецца тое, што на кожнага юнака афармляецца «Вучэбная справа кандыдата» і ён да моманту ўдзелу ў конкурсе ўступных іспытаў праходзіць папярэдні і канчатковы адбор для паступлення ў навучальную установу. У адпаведнасці з правіламі прыёму ў навучальныя ўстановы кандыдату рэкамендавана да 1 красавіка года паступлення (пажадана раней) звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства з заявай аб накіраванні яго для паступлення ў ваенную навучальную ўстанову.

Прафесійны адбор пачынаецца пасля падачы заявы і ажыццяўляецца шляхам усебаковай ацэнкі кожнага абітурыента па наступных паказчыках: стан здароўя, фізічная падрыхтоўка, прафесійна-псіхалагічны адбор. Да здачы нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы дапускаюцца абітурыенты, якія прызнаны ваенна-ўрачэбнай камісіяй годнымі для навучання ў ваеннай навучальнай установе. Фізічная падрыхтоўка ацэньваецца ў форме заліку шляхам здачы абітурыентамі нарматываў: бег 1500 м – 6 мін. 52 сек., бег 100 м – 15,4 сек., падцягванне на перакладзіне – не менш за шэсць разоў.

Кандыдаты, якія паступаюць на навучанне па спецыяльнасці «Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых» ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, павінны мець не ніжэй другога спартыўнага разраду па любым відзе спорту. Фізічная падрыхтоўка гэтых кандыдатаў у рамках прафесійнага адбору для допуску да ўступных іспытаў правяраецца па выкананні практыкавання – плавання на 100 м (вынік не ніжэй за 2 мін.). Прафесійна-псіхалагічны адбор праводзіцца шляхам тэсціравання. Прафесійны адбор праводзіцца ў два этапы: першы (папярэдні) – да 10 красавіка камісіяй у раённым ваенным камісарыяце, другі (заключны) – з 15 па 31 мая камісіяй ваеннага камісарыята Мінскай вобласці (за выключэннем кандыдатаў, якія паступаюць у інстытут пагранічнай службы). Па выніках канчатковага прафесійнага адбору абітурыент дапускаецца да ўдзелу ў конкурсе па выніках цэнтралізаванага тэсціравання і асабістая справа кандыдата накіроўваецца ў ваенную навучальную ўстанову. Аб часе прыбыцця ў ваенную навучальную ўстанову кандыдату паведамляе райваенкамат. Там абітурыенту неабходна прад’явіць пашпарт, атэстат аб адукацыі (арыгінал), арыгіналы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры прыёме на навучанне.

Залічэнне праводзіцца па конкурсе па суме колькасці балаў, указаных у сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання, праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь па прадметах уступных іспытаў, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Навучанне ажыццяўляецца на дзённай форме атрымання адукацыі з поўным дзяржаўным забеспячэннем курсантаў.

Для вырашэння пытання аб афармленні дакументаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь або Расійскай Федэрацыі вы можаце звярнуцца ў рабочыя дні з 09.00 да 17.00 у ваенны камісарыят Стаўбцоўскага раёна (г. Стоўбцы, вул.Сацыялістычная, 67, каб. 21) або патэлефанаваць па нумары 5-01-57.

Служэнне Айчыне, прысвячэнне свайго жыцця прафесійнай абароне Радзімы ва ўсе часы было ганаровым выбарам сапраўдных грамадзян нашай краіны.

Аляксей ЛУЦЭВІЧ,начальнік групы прызыву райваенкамата



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *