З індывідуальным падыходам

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

210218c

Прыемная навіна датычыць юрыдычных асоб, якія эксплуатуюць незарэгістраваныя капітальныя пабудовы, ізаляваныя памяшканні, машына-месцы – у бягучым годзе зарэгістраваць гэтыя аб’екты можна з істотнымі бонусамі. І ўвогуле бягучы год у Мінскім абласным агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры аб’яўлены годам індывідуальнай работы з кліентамі, якія не аформілі сваю нерухомасць.

– Так званыя бонусы юрыдычным асобам гарантуе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29, – падкрэслівае загадчыца Стаўбцоўскага бюро Дзяржынскага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Валянціна ГАШНІКАВА. – Новаўвядзенні заключаюцца ў вызваленні ад падатку на дабаўленую вартасць абаротаў па рэалізацыі на тэрыторыі рэспублікі работ па тэхнічнай інвентарызацыі названых вышэй аб’ектаў і землеўпарадкавальных работ у адносінах да зямельных участкаў, на якіх яны знаходзяцца, ад дзяржаўнай пошліны за выдачу (афармленне) праваўстанаўліваючых дакументаў на гэтыя зямельныя ўчасткі. Таксама мы прадастаўляем кліентам магчымасць растэрміноўкі плацяжоў за аказаныя паслугі.

– Валянціна Сцяпанаўна, ваша бюро ажыццяўляе вялікі спектр паслуг адносна нерухомай маёмасці. На якія дадатковыя паслугі, звязаныя з нерухомасцю, прапануеце зрабіць заказ?

– Новая паслуга, якую можна атрымаць у нашым бюро, – землеўпарадкавальныя работы. Яны неабходны, калі трэба ўстанавіць або аднавіць граніцы зямельных участкаў на мясцовасці, разлічыць фактычную плошчу ўчастка. На нашым прадпрыемстве можна выканаць незалежную ацэнку маёмасці адносна розных аб’ектаў, інжынерных сетак, транспартных сродкаў і т. п. Акрамя таго, высокакваліфікаваныя ацэншчыкі гатовы выканаць экспертызу дакладнасці ацэнкі з выдачай заказчыку адпаведнага заключэння. Тыя, хто займаецца газіфікацыяй пабудоў, добраўпарадкаваннем, робяць заказ на тапаграфічную здымку зямельнага ўчастка. Прапануем паслугі па архітэктурным праектаванні індывідуальных жылых дамоў і садовых домікаў, перапланіровак у кватэры і т. п. У наяўнасці – вялікі выбар тыпавых праектаў. Яшчэ – у нас можна вырабіць візіткі, плаеры, плакаты, календары.

– Ведаю, што многія адцягвалі працэдуру афармлення права на зямлю, раздзела маёмасці або правядзення здзелкі куплі-продажу з-за таго, што трэба губляць шмат часу.

– Мы працуем па заяўленчым прынцыпе «адно акно», што істотна спрашчае для грамадзян многія працэдуры. Непасрэдна ў нас можна аформіць неабходны пакет дакументаў – ад падачы заявы да выдачы канчатковага дакумента.

– У вашым бюро звяртае ўвагу адсутнасць чэргаў.

– З кліентамі працуе высокакваліфікаваны калектыў, які ўнікае ў сутнасць іх пытанняў. Рэгістратары нерухомасці прайшлі атэстацыю, кожны з іх візіруе дакументы сваёй пячаткай. У нас таксама ўкаранёны электронны дакументаабарот, распрацаваны шэраг праграмных прадуктаў, якія дапамагаюць эфектыўна працаваць з кліентамі.

– На што неабходна звярнуць увагу грамадзян, ад чаго варта засцерагчы?Як сведчыць рэчаіснасць, многія праблемы ўзнікаюць менавіта з-за дакументаў.

– Сапраўды, часцей за ўсё праблемы ўзнікаюць з-за нясвоечасовага звароту для дзяржаўнай рэгістрацыі. Да прыкладу, людзі купілі дом, у сельвыканкаме заключылі дагавор куплі-продажу, а ў БТІ не звярнуліся (хоць гэта і прапісана ў дагаворы). Здзелка не даведзена да канца, дакументы не аформлены і, у выніку, – прыходзіцца звяртацца ў суд. А гэта аплата паслуг адваката, дзяржаўнай пошліны ў памеры пяці працэнтаў ад кошту дома.

На даны момант праводзіцца ўпарадкаванне вуліц і адрасоў населеных пунктаў раёна і, відавочна, што ў кожным дзясятым доме звесткі пра ўласніка ў базе даных не супадаюць з тымі, што ўтрымліваюцца ў сельвыканкаме. Многія домаўладанні – з неаформленымі зямельнымі ўчасткамі або з участкамі, дзе дзяржаўныя акты на зямлю не ўнесены ў базу даных. А гэта – патэнцыяльныя праблемы, якія рана ці позна ўзнікнуць ва ўласнікаў, спадчыннікаў.

Важна ведаць, што, згодна з Грамадзянскім кодэксам, усе здзелкі з нерухомай маёмасцю падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, а права ўласнасці наступае толькі з моманту рэгістрацыі. Прычым, дом і зямля – гэта два розныя аб’екты нерухомай маёмасці, і на кожны з іх выдаецца свой праваўстанаўліваючы дакумент. Кансультацыі заўсёды можна атрымаць у нашым бюро (г. Стоўбцы, вуліца Сацыялістычная, 30, тэл./факс 5-01-33, d622@nca.by).

На здымку: загадчыца бюро Валянціна Гашнікава ўпэўнена ў прафесіяналізме маладых рэгістратараў нерухомасці Юліі Дамброўскай і Дзмітрыя Іванілава.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

***

ДУП «Нацыянальнае кадастравае агенцтва» паведамляе, што ў перыяд з 29.11.2017 па 14.02.2018 у рэгістры кошту зямель, зямельных участкаў дзяржаўнага кадастра змяшчалася неактуальная інфармацыя аб кадастравым кошце зямель, зямельных участкаў па віду функцыянальнага выкарыстання «жылая сядзібная зона» і «рэакрэацыйная зона» сельскіх населеных пунктаў Стаўбцоўскага раёна.

Калі мелі месца выпадкі выкарыстання кадастравага кошту зямель сельскіх населеных пунктаў Стаўбцоўскага раёна ў даны перыяд, у т. л. для разліку зямельнага падатку, рэкамендуем удакладніць актуальны кадастравы кошт на сайце http://vl.nca.by/ ці па тэлефоне 8-902-101-06-06.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *