Дбаць аб парадку на зямлі

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

На даны момант землеўпарадкавальная служба раёна можа прапанаваць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома 259 свабодных зямельных участкаў, з іх 82 – у мікрараёне Паўночны-2 у Стоўбцах.

– Што неабходна, каб атрымаць зямельны ўчастак у Стоўбцах? – цікавімся ў начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Таццяны ЮНЦЭВІЧ.

– Зямельныя ўчасткі ў райцэнтры прадастаўляюцца па выніках аўкцыёну ў прыватную ўласнасць або ў арэнду. Грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца ў пажыццёвае спадчыннае валоданне без спагнання платы за іх. Інфармацыя аб наяўнасці зямельных участкаў для будаўніцтва жылога дома змешчана на сайце райвыканкама, на стэндах сельвыканкамаў і землеўпарадкавальнай службы. Яна абнаўляецца на першае чысло кожнага месяца.

– Таццяна Леанідаўна, у мінулым годзе ў Стоўбцах быў прададзены з аўкцыёну зямельны ўчастак у раёне гаспадарчага магазіна для будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Якая апошняя інфармацыя адносна гэтага праекта?

– Зямельны ўчастак на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Свярдлова набыло ТАА «Гандлёвы дом «Радуга-свет». На цяперашні момант таварыства вырабляе перадпраектную дакументацыю.

У цэлым па выніках мінулага года на адкрытыя таргі было выстаўлена 45 зямельных участкаў для розных мэт. Прададзена – 12, з іх 9 – для будаўніцтва дома, тры – гандлёвых аб’ектаў. У раённы бюджэт ад аўкцыёнаў паступіла 145 009 рублёў, усяго ад продажу і прадастаўлення зямельных участкаў – амаль 223 460 рублёў. У апошнія гады і мы вучымся распараджацца кожным зямельным участкам, у тым ліку і тым, што выдзяляецца пад будаўніцтва. На даны момант адносна 28-мі зямельных участкаў падрыхтавана землеўпарадкавальная дакументацыя для продажу з аўкцыёну. Аўкцыён намечаны на канец сакавіка.

– Сярод прыярытэтных кірункаў работы вашай службы – навядзенне парадку на зямлі. З набліжэннем вясны гэтае пытанне становіцца актуальным для ўсіх землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў.

– За мінулы год нашай службай выяўлена 45 парушэнняў зямельнага заканадаўства з боку фізічных і юрыдычных асоб, у выніку чаго складзена 10 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Агульная сума спагнанняў склала 920 рублёў. Большасць парушэнняў звязана з нямэтавым і неэфектыўным выкарыстаннем земляў, забруджваннем іх адходамі, «вырошчваннем» на іх пустазелля і т. п. Як правіла, выдаём нядбайным землекарыстальнікам прадпісанні, і, калі яны не выконваюцца, складаем пратакол. Варта адзначыць, што напрыканцы 2017 года практычна ўсе выяўленыя парушэнні былі ўхілены.  

– Якая культура земляробства ў сельгаставарыстваў?

– У гэтым плане на Стаўбцоўшчыне назіраецца відавочны прагрэс. Прыкладам гаспадарлівага землекарыстання могуць служыць ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Вялікі Двор», ААТ «Жацерава». Больш парадку становіцца і на прылеглых да фермаў тэрыторыях, хоць рэзерваў тут яшчэ нямала. Землеўпарадкавальнай службай сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі райвыканкама і інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзяцца маніторынгі, на падставе якіх распрацоўваюцца мерапрыемствы па навядзенні парадку. У 2017 годзе былі адабраны зямельныя ўчасткі (больш за 100 га) у дзвюх сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, якія імі неэфектыўна распараджаліся. Гэтыя землі перададзены сельгасарганізацыям раёна і ўжо ўцягнуты ў гаспадарчы абарот.

Да таго ж, штогод наша служба праводзіць удакладненне незапатрабаваных плошчаў сельскіх населеных пунктаў для далейшай іх перадачы сельгаспрадпрыемствам. Такім чынам, у сельгасабарот дадаткова ўцягнута яшчэ 65 гектараў.

– Што ўяўяляе сабой землеўпарадкавальная служба раёна?

– Гэта калектыў у складзе шасці спецыялістаў. Амаль усё, што звязана з зямлёй, знаходзіцца ў нашай кампетэнцыі. Шмат зваротаў грамадзян, таму нярэдка прыходзіцца выступаць у ролі трацейскага суддзі паміж суседзямі, якія не падзялілі кавалак зямлі. Патрэбна дасканала ведаць заканадаўства, пастаянна працаваць над павышэннем кваліфікацыі. Стараемся вырашаць усе пытанні ў добразычлівай атмасферы, з вычарпальнымі тлумачэннямі і аказаннем практычнай дапамогі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *