Рабінзонаў кліча «Высокі бераг»

Год малой родины Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

210218d

Турысцка-экскурсійны комплекс «Высокі бераг» з творчай падтрымкай народнага фальклорнага калектыву «Коласавы землякі» пад кіраўніцтвам Лідзіі Варывоцкай прадставіў сваю празентацыйную праграму на Рэспубліканскай турыстычнай выставе «Прафтур-2018». Выстаўка з запрашэннем тураператараў з Расіі, Азербайджана, Грузіі, краін Прыбалтыкі, Украіны ставіла мэтай прадэманстраваць турыстычныя рэсурсы нашай краіны. Што можа прапанаваць айчынным і замежным турыстам туркомплекс «Высокі бераг» на Стаўбцоўшчыне? А б гэтым мы вядзём гутарку з яго дырэктарам Наталляй Усік.

–             Наталля Віктараўна, калі бачыш вашу экспазіцыю, стылізаваную на вясковы лад, з апетытнымі блінамі і іншымі прысмакамі, вясёлымі народнымі песнямі, хочацца зрабіць выснову, што «Высокі бераг» у першую чаргу прыцягвае турыстаў вясковым побытам і прынёманскім прыволлем.

–             Так, наш туркомплекс знаходзіцца ва ўнікальным месцы – гэта мемарыяльная спадчына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, надзвычай маляўнічыя прыродныя мясціны з водарам вёскі. Нашы экскурсійныя турыстычныя праграмы ў першую чаргу звязаныя з наведваннем турыстамі мемарыяльных сядзіб песняра, прапагандай яго творчасці і захаваннем яго спадчыны. Мы прыехалі на гэтую міжнародную турыстычную выставу, каб прадставіць наш турысцка-экскурсійны комплекс з усімі яго патэнцыяльнымі магчымасцямі. Наша матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе прымаць гасцей круглагадова. Мы прадстаўляем самыя разнастайныя праграмы, у тым ліку і анімацыйныя ў выглядзе народных абрадаў, выступленняў калектываў народнай творчасці. Не застаёмся ўбаку ад такога прыярытэтнага ў сучасны момант накірунку, як фарміраванне здаровага ладу жыцця. Ёсць, напрыклад, у нас праграма «Нёманскія рабінзоны». Інструктары вучаць адпачываючых арыентаванню на мясцовасці. Фарміруюцца дзве каманды, якія паміж сабою праводзяць спаборніцтвы на свежым паветры: хто хутчэй развядзе касцёр, смачней зварыць паходную кашу і т. п. Турысты дыхаюць гаючым сасновым паветрам, шмат рухаюцца, знаходзяцца на беразе найпрыгажэйшай ракі Нёман. Гарадскім жыхарам, якія стаміліся ад гарадскога транспарту, мітусні, пастаяннай спешкі і аказаліся ў нашым турыстычным комплексе, мы стараемся ва ўсёй красе паказаць прыгажосць беларускай прыроды, прапанаваць спакой і мір ад навакольнай цішыні, разгрузіцца псіхалагічна. Арганізуюцца веласіпедныя экскурсіі, пешаходныя туры, экалагічныя прагулкі.

–             Наталля Віктараўна, вы сказалі, што ў аснову інтэрактыўных турыстычных праграм пакладзена шмат што з народнай абрадавай спадчыны. Пэўна ж, комплекс дае магчымасць адчуць смак беларускай вёскі і з дапамогай нацыянальнай кухні.

–             Так. За смачныя стравы мы атрымліваем шмат падзяк ад адпачываючых. Беларуская кухня ў нас прадстаўлена ва ўсёй разнастайнасці, і нічога смачнейшага за нашу традыцыйную мачанку, дранікі, бліны з каўбасамі і іншыя вясковыя прысмакі нельга прапанаваць турыстам. Надыходзіць вясна, якая ажывіць сезон адпачынку. Чакаем турыстаў і абяцаем не расчараваць іх.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

1 комментарий по теме “Рабінзонаў кліча «Высокі бераг»

  1. А чаму ў вас рубрыка «ГОД МАЛОЙ РАДЗІМЫ» па-руску? Мы што зноў ў Северо-Зародном краі жывём?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *