Футбол, футзал, міні-футбол

Нумары Спорт

Футбол – гульня круглагадовая. Пакуль палі стадыёнаў пакрыты снегам, аматараў спорту радуюць галы ў турнірах, якія праводзяцца на спартыўных пляцоўках.

Сёлета зноў праявіла сябе ў футзале каманда са Стоўбцаў. Нашы футбалісты паспяхова адолелі сапернікаў на папярэдняй стадыі розыгрышу Кубка Беларусі па футзале. А ў паўфінале стаўбчанам супрацьстаяў вопытны калектыў з Чэрвеня. Тут ужо перавага была на баку чэрвеньскага «Будаўніка». Дарэчы, гэтая сустрэча, як і фінальная, дзе каманду «Будаўнік» адолеў футзальны клуб «Меркурый» з Брэста, трансліравалася па пятым, спартыўным канале Беларускага тэлебачання.

Крыху не дацягнула да прызавой прыступкі каманда Стаўбцоўшчыны ў турніры па міні-футболе. Сярод ветэранаў спорту вобласці нашы занялі чацвёртае месца. А вось юная змена яшчэ мае магчымасць дабіцца большага поспеху. У занальных спаборніцтвах першынства Міншчыны па міні-футболе нашы рабяты 2006-2007 гадоў нараджэння апярэдзілі сапернікаў з Нясвіжа, Капыля, Салігорска і Клецка. Цяпер пяцёрка самых моцных у вобласці, куды трапіла і стаўбцоўская каманда футбольных пачаткоўцаў, разыграе галоўны прыз.

P.S. І ў рэдакцыю ўжо паступаюць пытанні наконт выступленняў у сёлетнім сезоне футбольнай каманды «Нёман-Агра». Дакладна адно: нашы футбалісты маюць права спаборнічаць у другой лізе першынства Беларусі. З’явіцца канкрэтная інфармацыя аб падрыхтоўцы калектыву – будзем знаёміць чытачоў.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *