З маладым запалам

Нумары Сельская гаспадарка

58Механізатар Максім Паплаўскі на асаблівым рахунку ў кіраўніцтва ААТ «Аталезь-агра». Гэта выключнай працавітасці малады чалавек. Працуе ён у таварыстве амаль дзесяць гадоў. Уладкаваўся сюды на працу пасля заканчэння вучэбнага цэнтра. І адразу ж паказаў сябе з самага лепшага боку. Нягледзячы на тое, што трактар яму даручылі спачатку старэнькі, перавыконваў на ім нормы выпрацоўкі. І як лідар спаборніцтва атрымліваў падзякі ад раённага кіраўніцтва. З гадамі Максім набываў вопыт. Сёння яго з поўным правам можна назваць майстрам у сваёй прафесіі.

–  Паплаўскі ў нас адзін з лепшых работнікаў, проста ўніверсальны механізатар, – сказаў галоўны аграном Франц Зубовіч. – У любой справе на яго можна пакласціся. Уявіце сабе, летась ён адзін пасеяў у гаспадарцы ўсе яравыя і азімыя збожжавыя культуры. І калі надарыцца так, што тэхніка, на якой ён працуе, па якойсьці ад яго незалежнай прычыне не будзе падрыхтавана да палявых работ, то мы спознімся з пасяўной. Паверце, ніколькі не перабольшваю.

Франц Баляслававіч з запалам расказваў, які Максім шчыры  і добрасумленны работнік. Такіх цяпер цяжка знайсці. Па характары сціплы. Заўсёды выконвае ўсе загады начальства. І завіхаецца ад золку да позняга вечара. У перыяд напружаных палявых работ не згаджаецца нават на напарніка. Гаворыць, што сам лепш папрацуе ноччу, але трактар у другія рукі не аддасць.

 За Паплаўскім замацаваны тры адзінкі тэхнікі. Два энерганасычаныя трактары «Беларус-3022» і «Беларус-1221» і збожжаўборачны камбайн «КЗС-1218». Круглы год хапае яму работы. Пасля веснавой пасяўной задзейнічаны на нарыхтоўцы травяных кармоў. Чапляе касілку і кладзе траву ў пракосы амаль без перапынку. Затым пераключаецца на жніво. Восенню зноў шчыруе з пасяўным агрэгатам. А зімою выконвае транспартныя работы. Адкуль бяруцца сілы?

– Пакуль малады, трэба працаваць, карміць сям’ю, – адказаў Максім, не ўтойваючы, што цяжка прыходзіцца. – Здароўе мяне не падводзіць, ды і тэхніка новая. Толькі вось зарплата невысокая, хацелася б большую.

У Максіма Паплаўскага двое дзяцей – сын і дачушка. Жонка настаўніца, зараз у дэкрэтным водпуску. Зразумела, што грошы патрэбны.

Максім вельмі любіць тэхніку. Гатовы дзень і ноч не толькі яе эксплуатаваць, а і рамантаваць. Прычым робіць гэта надзейна – трактары і камбайн не падводзяць яго на працягу усіх палявых кампаній.

Дбайны работнік з году ў год выходзіць пераможцам раённага спаборніцва сярод маладых механізатараў у розных намінацыях. Летась прызнаны лепшым на сяўбе збожжавых. Вызначыўся на жніве, намалаціў разам з памочнікам Генадзем Мялешкам  918 тон збожжа і рапсу, і па праве ўзнагароджаны Падзячным пісьмом абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *