Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі – пераможца ў вобласці

Медыцына Нумары

240218c

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўдастоены дыплома І ступені ў аглядзе-конкурсе ацэнкі якасці дзейнасці цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі Мінскай вобласці. З гэтай нагоды мы запрашаем на інтэрв’ю галоўнага санітарнага ўрача Ігара Кунцэвіча.

–             Ігар Георгіевіч, прыемна, калі ў наш раён прыходзяць такія навіны, і арганізацыі прызнаюцца лепшымі ў вобласці. Прыміце віншаванні. Дзе была агучана для вас такая прыемнасць?

–             На выніковым санітарна-эпідэміялагічным савеце Мінскай вобласці былі падведзены вынікі работы санітарнай службы Міншчыны за 2017 год і абазначаны асноўныя кірункі работы на 2018 год. Галоўным дзяржаўным санітарным урачом Мінскай вобласці Уладзімірам Рызгунскім было адзначана, што ў Мінскай вобласці захоўваецца стабільная кіруемая санітарна-эпідэмічная абстаноўка і назіраецца станоўчая дынаміка. Прыемна, што ў гэтыя поспехі ўнёс свой уклад і наш цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

–             Якія ацэначныя крытэрыі прымянялі пры вызначэнні лепшых калектываў?

–             Дыплом пераможцы – гэта вынік нашай калектыўнай работы, як усіх супрацоўнікаў цэнтра, так і паспяховага ўзаемадзеяння з лячэбнай часткай, аб’ектамі гаспадарання раёна і ўсебаковай падтрымкі кіраўніцтва райвыканкама. Толькі ў мінулым годзе з удзелам старшыні райвыканкама Юрыем Горлавым па нашай просьбе разгледжана 11 пытанняў, у тым ліку пяць на пасяджэнні райвыканкама. Такая падтрымка, зацікаўленасць у агульнай справе і даюць выдатныя вынікі. Паказчыкаў, па якіх ацэньвалася наша работа, вялікі пералік. Мы працуем па папярэджанні 87 інфекцыйных захворванняў, з якімі можа сутыкнуцца чалавек. Па 56 з іх у мінулым годзе ў раёне не рэгістраваліся выпадкі, па 16-ці адзначана зніжэнне. У ліку іх – і такія сацыяльна значныя, як ВІЧ-інфекцыя і туберкулёз. У 2016 годзе ў раёне зарэгістравана 15 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у 2017 годзе колькасць іх напалову знізілася. Зніжана і захваральнасць на туберкулёз – на 30 працэнтаў, яна склала ў справаздачным годзе 22,7 выпадка на 100 тысяч насельніцтва. Захваральнасць па гэтых адзначаных інфекцыях у нашым раёне ніжэйшая за сярэднеабласную. Па кішэчных інфекцыях нашы паказчыкі напалову ніжэйшыя за сярэднеабласныя. Вялікая ўвага надавалася таксама прафілактыцы перантаральных гепатытаў і іншых небяспечных інфекцый.

Хочацца адзначыць, што дзякуючы ўзаемадзеянню і разуменню з боку аб’ектаў водазабеспячэння і іншых важных структур жыццезабеспячэння ў раёне ўдаецца захоўваць стабільнай якасць водаправоднай вады. На працягу апошніх пяці гадоў не рэгіструецца нестандартных проб па паказчыках мікробнага забруджання. Вялікая ўвага надаецца намі фарміраванню здароўезберагальнага асяроддзя. Рэалізуецца шэраг сумесных праграм з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, што дазваляе ўплываць на стан здароўя падрастаючага пакалення. Адзін з ацэначных крытэрыяў датычыў кадравага саставу. Дзякуючы намаганням па прыцягненні кадраў наш цэнтр папоўніўся пяццю маладымі спецыялістамі. І цяпер паказчыкі забяспечанасці спецыялістамі сярэдняга медыцынскага персаналу ў нашым цэнтры на 12 пунктаў вышэйшыя, чым сярэднеабласныя. У 2017 годзе знізілася колькасць скаргаў (іх – сем). Гэта сведчыць аб тым, што насельніцтва раёна ўсё больш задаволена асяроддзем пражывання. Як і ў папярэднія гады, мы працягваем праводзіць вялікую работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, каб цэнтр гігіены і эпідэміялогіі сапраўды быў прыкладам высокай санітарнай і агульнай культуры. Летась умацавалі тэхнічны стан гаспадарчых пабудоў, працягваем рамонтныя работы, адрамантавалі лабараторыю і абнавілі лабараторнае абсталяванне. Увогуле на гэтыя мэты затрачана летась 50 тысяч рублёў. Работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца і ў 2018 годзе.

–             Ігар Георгіевіч, якія яшчэ прыярытэтныя кірункі работы ў новым вытворчым годзе, што датычаць кожнага жыхара раёна?

–             Адзін з важнейшых кірункаў – гэта навядзенне парадку на нашай зямлі. Мы можам канстатаваць, што культура жыхароў нашага раёна мяняецца ў лепшы бок. Знізілася колькасць тэрыторый з нездавальняючым станам ва ўладальнікаў розных формаў уласнасці. 2018 год папярэднічае вялікім мерапрыемствам міжнароднага маштабу, якія пройдуць у нашай краіне, як правядзенне Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў. Бягучы год адметны важнай падзеяй і ў рамках нашага раёна – летам будзем святкаваць 425-годдзе з дня ўтварэння Стоўбцаў. Усё гэта павінна аб’яднаць нас. Таму хачу звярнуцца да прыватных домаўладальнікаў, кіраўнікоў аб’ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці з просьбай сачыць за сваімі тэрыторыямі. У сучасны момант санітарны стан тэрыторый ацэньваецца не толькі наяўнасцю ці адсутнасцю акуркаў, скошанай ці няскошанай травы, але і ўвагай да дызайну, ландшафтнага афармлення. Хачу заклікаць усіх да творчага падыходу, крэатыўнасці. Гэты год аб’яўлены Годам малой радзімы. Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да беларускага народа ў навагоднім віншаванні, акцэнтаваў увагу ўсіх на неабходнасці падрыхтоўкі да вялікай міжнароднай падзеі, каб у замежных гасцей, якія наведаюць нашу рэспубліку, надоўга засталіся ўражанні аб нашай чыстай гасціннай Беларусі.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *