Прафсаюзны лідар і душа калектыву

Нумары Факты, падзеi, людзi

240218b

Вядучы ветурач раённай дзяржаўнай ветэрынарнай станцыі Марыя Каспяровіч адзначыць свой чарговы жыццёвы юбілей. Гэтая сімпатычная і абаяльная жанчына заўсёды ў цудоўнай форме і ў цэнтры ўвагі. Яна – душа калектыву і зараджае ўсіх энергіяй, бо ёй даравана ўменне ладзіць з людзьмі. Пасля заканчэння Смілавіцкага саўгаса-тэхнікума па спецыяльнасці ветэрынарная медыцына выпускніцу накіравалі на працу, на той час у калгас «Нёман» (цяпер «Агранёманскі»). Лідарскія навыкі, атрыманыя падчас вучобы, дапамаглі Марыі Сяргееўне хутка заваяваць аўтарытэт у працоўным калектыве. І неўзабаве работнікі МТФ «Дразды» даверылі ёй права ўзначаліць прафсаюзную пярвічку. Гэты давер абавязваў да многага, яго трэба было апраўдваць. Такі жыццёвы прынцып заклалі бацькі: Марыя ведала, што нельга падводзіць людзей, якія ў цябе вераць, і ніколі не падвяла.

Марыя Каспяровіч чатыры дзесяцігоддзі прысвяціла назаўсёды выбранай справе – ветэрынарыі. І дваццаць пяць гадоў запар узначальвае прафсаюзную пярвічку райветстанцыі. Справядлівая і патрабавальная, яна ўмела адстойвае інтарэсы кожнага работніка. Яе актыўнасць і дзелавая ініцыятыва неаднойчы былі адзначаны кіраўніцтвам арганізацыі, райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і калегамі па прафсаюзнай рабоце. Марыя Сяргееўна ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, а нядаўна яе адзначыў такой жа ўзнагародай і рэспубліканскі камітэт прафсаюза. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву райветстанцыя неаднойчы станавілася прызёрам у спаборніцтве сярод аднатыпных падраздзяленняў у вобласці, а эпізаатычны аддзел, у якім працуе Марыя Сяргееўна, і сёлета ў прызёрах.

Не намі прыдумана выказванне: «Толькі той добра працуе, хто ўмее належным чынам адпачываць». А дзякуючы свайму прафсаюзнаму лідару калектыў заўжды адпачывае актыўна і весела. Спецыялісты прымаюць удзел у розных мерапрыемствах: конкурсах, спаборніцтвах, спартакіядах, сустрэчах, турыстычных злётах, канцэртах, экскурсійных паездках. Разважлівая і добразычлівая, Марыя Сяргееўна стараецца ствараць у калектыве атмасферу дыялогу і ўзаемаразумення, узаемадапамогі і ўзаемапавагі. Дзякуючы яе актыўнай жыццёвай пазіцыі вакол гэтай жанчыны заўсёды многа людзей, якія патрэбны ёй і якім патрэбна яна. Для маладых спецыялістаў Марыя Сяргееўна настаўнік, для вопытных – бліжэйшы памочнік. Дзеліцца сваімі ведамі, робіць усё, каб іншым было цікава жыць і працаваць. Не прапускае ніводнага святочнага мерапрыемства, на якія яе запрашаюць, заўсёды ездзіць на вечары сустрэчы з выпускнікамі ў школу і каледж. Пастаянна выступае ў ролі вядучай. Добрую кампанію, у якой жонка ў цэнтры ўвагі, заўсёды пазітыўна дапаўняе муж Віктар Георгіевіч, таксама ветурач – гаспадар вялікага і ўтульнага дома. Марыя Сяргееўна добрая маці, вырасцілі з мужам двух сыноў. Клапатлівая бабуля ганарыцца сваімі ўнукамі. А яшчэ яна вельмі любіць падарожнічаць, вырошчваць кветкі і захапляецца кулінарыяй.

Чалавек разам з жыццёвым вопытам набывае і мноства філасофскіх думак. Часцей азіраючыся на пражытыя гады, Марыя Сяргееўна таксама шукае свае адказы на зададзеныя лёсам пытанні. І чарговы раз упэўніваецца, што яны простыя і зразумелыя, як, дарэчы, і яе характар: трэба любіць жыццё, умець дараваць, цаніць дабро. Калі кіруешся гэтымі адвечнымі хрысціянскімі ісцінамі, то і лёс абавязкова будзе схільным да цябе.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *