У сяльчан

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

З ВЫСОКІМ РЭЙТЫНГАМ

Паказчыкі работы за мінулы год па вытворчасці малака і мяса сведчаць, што наш раён знаходзіцца на 23-м месцы сярод 118 раёнаў рэспублікі, а ў лідарах – Нясвіжскі. ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор», «Каганец», «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава», «Агранёманскі», «Вішнявецкі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» у ліку 380 сельгаспрадпрыемстваў, дзе перасягнуты пяцітысячны надой малака ад каровы. На першым месцы УП «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна з надоем 10 455 кілаграмаў. Дарэчы, яшчэ тры сельгаспрадпрыемствы перасягнулі дзесяцітысячны рубеж. Гэта філіял СГК ЗАТ «ВІТЭКС» Уздзенскага раёна, СВК «Ларынаўка» Аршанскага і СВК «Агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага. Па таварнасці малака мы на 11-м месцы ў вобласці і дзелім 43-ю прыступку ў рэспубліцы з Ашмянскім раёнам Гродзенскай вобласці і Краснапольскім раёнам Магілёўскай вобласці. Лідар з паказчыкам 92,6 працэнта Магілёўскі раён. Па вытворчасці ялавічыны комплекс «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства займае 20 месца. На першым – КСУП «Дземяхоўскае» Рэчыцкага раёна.

 

ПРАВІЛЬНА АДРЭГУЛЯВАЦЬ

На базе ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка» адбыўся абласны семінар з удзелам намеснікаў начальнікаў па механізацыі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў і начальнікаў аддзелаў раслінаводства райсельгасхарчаў. Увага была скіравана на тое, як правільна настроіць і адрэгуляваць рабочыя органы глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Аб гэтым падрабязна расказаў кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі. Выступілі прадстаўнікі айчынных заводаў, якія выпускаюць гэтыя сельскагаспадарчыя агрэгаты. Пастаўлена задача правесці падобныя семінары ва ўсіх раёнах вобласці.

 

ЁСЦЬ РЭЗЕРВЫ, КАБ БЫЦЬ НАПЕРАДЗЕ

У сельскагаспадарчых таварыствах пачаліся справаздачныя сходы. У мінулую пятніцу сход прайшоў у ААТ «Вішнявецкі-агра». З дакладам выступіў дырэктар таварыства Віктар Худніцкі. Віктар Уладзіміравіч прааналізаваў работу калектыву за справаздачны перыяд і падвёў вынікі. Работнікі летась спрацавалі з прыбыткам, які склаў 15,2 працэнта. Ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі атрымана 1,5 мільёна рублёў. Па ўраджайнасці збожжавых культур з вынікам 48,9 цэнтнера з гектара таварыства на трэцім месцы, а па вытворчасці малака выйшлі на шостае месца і сёлетні год пачалі з прыбаўкай. Істотна павялічыліся сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы. Кіраўнік гаспадаркі падзякаваў працаўнікам за плённую, добрасумленную работу, якая дазволіла дасягнуць вышэйшых паказчыкаў, і дадаў, што ёсць рэзервы для таго, каб выйсці на перадавыя рубяжы. На сходзе прысутнічаў і выступіў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іван Загдай. Руплівым і ўвішным працаўнікам былі ўручаны грашовыя прэміі. Напрыканцы сходу вяскоўцаў парадаваў цікавай канцэртнай праграмай гродзенскі ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы».

Сёння сходы пройдуць у ААТ «Шашкі», «Жацерава» і «Радзіма Якуба Коласа».

 

«АМКАДОР» – УНІВЕРСАЛ

На машынным двары ААТ «Жацерава» «прапісаўся» новы пагрузчык «Амкадор-352-02». Ад папярэднікаў гэтай серыі машын ён адрозніваецца сваёй універсальнасцю – агрэгатуецца з усімі зменнымі рабочымі органамі, якія прапануе холдынг-вытворца. Яго прымяненне эфектыўна на трамбоўцы сенажу і сіласу. Даручылі тэхніку вопытнаму механізатару Уладзіміру Ермакову. У зімовы перыяд пагрузчык задзейнічаны на жывёлагадоўчых фермах.

 

КРЫНІЦА ЭНЕРГІІ

Рэзервовыя перасоўныя сілавыя электрычныя станцыі на выпадак перабояў з электраэнергіяй ёсць у кожнай гаспадарцы. Пры тэрміновай неабходнасці электрастанцыі перамяшчаюцца на вытворчыя аб’екты, дзе з іх дапамогай выпрацоўваецца і падаецца пераменны ток. У ААТ «Вішнявецкі-агра» нядаўна замянілі былую крыніцу электраэнергіі на больш дасканалую. Набылі новую магутнасцю 30 кВт на ваеннай базе захоўвання.

 

У АБНОЎЛЕНАЙ ЗАЛЕ

Кіраўніцтва ТАА «СЖК «Налібакі» абсталявала ў сталовай, якая размяшчаецца ў Ніўным, адмысловую абедзенную залу. Дзеля гэтага папярэдне была праведзена рэканструкцыя памяшкання, а затым зроблены капітальны рамонт. Устаноўлены новыя пластыкавыя вокны, якія ўпрыгожваюць шыкоўныя шторы. У зале нацяжная столь, падлога з ламінату. Сцены, на якіх вісяць карціны, пафарбаваны ў чырвоны колер. Закуплена мэбля – сталы, крэслы, шафы і посуд. У абноўленай зале нядаўна было праведзена ўрачыстае мерапрыемства па ўшанаванні перадавых жывёлаводаў таварыства.

 

ДЛЯ МЕХАНІЗАТАРАЎ

Паляпшаюцца сацыяльна-бытавыя ўмовы для механізатарскага корпусу ААТ «Рубяжэвічы». На машынным двары ў былым складскім памяшканні праведзены неабходныя рамонтныя і аддзелачныя работы. Тут абсталяваны пакой для адпачынку людзей і прыёму ежы. Выканала рамонт прыватная будаўнічая фірма: заменены дзверы, праведзена аддзелка сцен і столі, пафарбавана падлога. Рэканструявана сістэма ацяплення і ўстаноўлены новы падлогавы ацяпляльны кацёл на мясцовых відах паліва. Неўзабаве будуць закуплены і завезены шафы і сталы.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *