Прафілактыка

Нумары Соцыум Увага - дзецям

image_pdfimage_print

240218a

ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ МІЖВЕДАМАСНАГА ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ

Чаму падлетак, з якім праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, усё роўна схільны да ўчынення злачынстваў? Чым тлумачыцца зніжэнне колькасці выяўленых адміністрацыйных правапарушэнняў? Як дабіцца эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рабоце з падлеткамі і сем’ямі?

Адказы на гэтыя і іншыя злабадзённыя пытанні шукалі ўдзельнікі пашыранага пасяджэння раённай камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета, на якім абмяркоўваліся вынікі работы за 2017 год. Адкрываючы яго, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель звярнуў увагу на асноўныя недахопы – рост падлеткавай злачыннасці і сацыяльнага сіроцтва, факты паўторнага адабрання дзяцей з сем’яў, змяншэння працэнту вяртання сродкаў – і прапанаваў дэталёва разабрацца ў іх прычынах, прыняць дзейсныя меры да выпраўлення становішча.

У дакладзе начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіла Азановіча прагучала, што зарэгістравана 15 злачынстваў, у прыватнасці, восем учынены ў 2017 годзе, пяць – у 2016 і два – у 2009 годзе. Пяць злачынстваў – на рахунку аднаго падлетка. Пераважаюць крадзяжы, хоць зарэгістравана і цяжкае злачынства – злоснае хуліганства. Пэўным вынікам сумеснай прафілактычнай работы стала змяншэнне (з 10-ці да трох) пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Зменшылася (з 210 да 188) і колькасць выяўленых інспекцыяй правапарушэнняў, але пры гэтым відавочна, што падлеткі не толькі парушаюць правапарадак, а і ўчыняюць (у стане алкагольнага ап’янення) злачынствы. Так, сярод разгледжаных на камісіі па справах непаўналетніх пратаколаў за ўжыванне спіртных напіткаў, знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане лідзіруюць дзве гарадскія школы, што паслужыла падставай для прыняцця рашэння аб планаванні праверкі прафілактычнай работы ў гэтых установах адукацыі. Трывогу выклікае і тое, што трое падлеткаў (навучэнцы каледжа і ліцэя), з якімі інспекцыяй праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, разглядаліся на камісіі паўторна на працягу года.

Суб’ектам прафілактыкі нельга не ўзяць на заўвагу, што пры змяншэнні колькасці правапарушэнняў затрыманыя падлеткі ў сваіх тлумачэннях нярэдка адзначаюць, што ведалі аб адказнасці за распіванне спіртнога, але пайшлі на парушэнне закона, бо іх паклікалі сябры, нехта пачаставаў і т. п. Інспекцыя шчыльна працуе ў напрамку дакументавання фактаў продажу алкаголю непаўналетнім.

Усе падлеткі раёна, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, уцягнуты ў гурткі і іншыя формы пазаўрочнай занятасці. Аднак чаму імі ўчыняюцца злачынствы? Напрыклад, вучань Мікалаеўшчынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа быў разгледжаны на савеце прафілактыкі, а назаўтра ўчыніў злачынства на тэрыторыі турбазы. І падобныя прыклады, на жаль, не адзінкавыя. Першапачатковая прычына, як лічыць Міхаіл Азановіч, крыецца ў сямейных узаемаадносінах, адсутнасці кантакту з дзіцем.

Разам з тым, памочнік пракурора раёна Юлія Чабан, як і камісія па справах непаўналетніх, бачаць прычыну і ў недастатковай міжведамаснай рабоце. Калі вядома, што ў адносінах да падлетка ўзбуджана крымінальная справа, трэба неадкладна прыступаць да індывідуальнай прафілактычнай работы з ім. Узаемадзеянне інспекцыі па справах непаўналетніх са школамі наладжана, але апошнім часам узніклі асобныя непаразуменні на ўзроўні інспектараў і педагогаў сацыяльных, а таксама з поля зроку інспектараў выпалі аддаленыя ад райцэнтра школы, што ў прынцыпе пацвярджае рост падлеткавай злачыннасці менавіта ў сельскай мясцовасці (сем злачынстваў – на тэрыторыі Мікалаеўшчынскага сельсавета, тры – Шашкоўскага, па адным – Вішнявецкага і Наваколасаўскага). Каб пачуць адзін аднаго і выключыць непаразуменні, прынята рашэнне аб тым, што інспектар павінен штомесяц бываць у кожнай школе. Яго роля незаменная ў індывідуальнай прафілактычнай рабоце з падлеткамі, дзейнасці савета прафілактыкі, правядзенні сацыяльных расследаванняў у адносінах да праблемных сем’яў і т. п. З улікам сучасных патрабаванняў наведванне сем’яў ажыццяўляецца педагогамі з удзелам і інспектара райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

«Камісія па справах непаўналетніх ужо давала даручэнне старшыням сельвыканкамаў аб больш цесным супрацоўніцтве ў гэтым плане са старастамі, спецыялістамі гаспадарак», – нагадала намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько.

Заслуханы быў і старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Анатоль Мядзведзь, які запэўніў, што цяпер работа з соцыумам наладжана, і выказаў прапанову аб адпрацоўцы населеных пунктаў участковым інспектарам міліцыі менавіта ў вячэрні час. У летні перыяд і ў выхадныя дні, калі прыязджае шмат турыстаў і дачнікаў, адпрацоўкі павінны насіць комплексны характар.

Наталля Хвасько спынілася на выкананні Комплекснага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў і злачыннасці, безнагляднасці непаўналетніх і звярнула ўвага на выканальніцкую дысцыпліну суб’ектаў прафілактыкі. Асаблівы акцэнт зроблены на аднаўленні такой дзейснай формы работы, як дні прафілактыкі. Ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай аброне чакаюць большай актыўнасці ў плане прапаноў для летняй занятасці непаўналетніх. Пажаданне дырэктарам школ – цясней супрацоўнічаць з райаддзелам міліцыі, каб папярэджваць падлеткавую злачыннасць на этапе дробных супрацьпраўных учынкаў. Варта звярнуць пільную ўвагу на якасць работы педагогаў сацыяльных і псіхолагаў.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька выступіла з інфармацыяй па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта № 18, дзе ўказала на недастатковасць работы па вяртанні сродкаў (працэнт вяртання за 2017 год – 54,2). У сувязі з гэтым быў заслуханы прадстаўнік СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», дзе на працягу трох месяцаў не ажыццяўляліся вылічэнні з заробку абавязаных асоб. Са станоўчага боку было адзначана ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці і 100-працэнтнае ўладкаванне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання. Усе сем’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, замацаваны за кіраўнікамі раёна, іх яны штомесяц наведваюць і аказваюць дапамогу бацькам у працаўладкаванні і лячэнні ад алкагольнай залежнасці.

З інфармацыяй аб забеспячэнні жылымі памяшканнямі асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выступіла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Любоў Жыбуль.

На пасяджэнні была выказана ўдзячнасць за прафілактычную працу і ўручаны ўзнагароды ў сувязі са 100-годдзем утварэння камісій па справах непаўналетніх, якое адзначалася 14-га студзеня бягучага года. Ганаровыя граматы райвыканкама ўручаны педагогу сацыяльнаму Вішнявецкай СШ Галіне Аўлохавай і начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаілу Азановічу, падзякі старшыні райвыканкама – педагогу-псіхолагу гімназіі № 1 г. Стоўбцы Веры Каспяровіч, журналісту Таццяне Пяткевіч, старшаму інспектару райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяне Тарасевіч. Раней, на ўрачыстым мерапрыемстве ў г. Маладзечна, Ганаровай граматай аблвыканкама за значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх узнагароджана намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.          

НА ЗДЫМКУ: Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЛІСЫ Ў НАШЫМ ГОРАДЗЕ

У горад зноў пачалі забягаць лісы. Першы выпадак здарыўся ў снежні мінулага года, калі на падвор’е гараджанкі забегла шалёная ліса. У студзені бягучага года занатавана некалькі выпадкаў, калі жыхары бачылі ў райцэнтры няпрошаных драпежных жывёлін, якія паводзілі сябе даволі агрэсіўна. У мінулую суботу ў двары жыхара вуліцы Міцкевіча, у раёне сярэдняй школы № 2, ліса загрызла сабаку. Людзі не пацярпелі. Дзікая жывёліна была забіта, матэрыял на вызначэнне захворвання яе на шаленства адпраўлены на даследаванне ў абласную лабараторыю.

– У сувязі з сітуацыяй, якая складваецца, уладальнікам дамашняй жывёлы, сабак і катоў неабходна тэрмінова звярнуцца ў гарадскую ўчастковую ветэрынарную лячэбніцу для правядзення дамашнім гадаванцам вакцынацыі супраць шаленства, – гаворыць галоўны ветэрынарны ўрач раёна Анатолій Гусачонак. – І зрабіць гэта трэба абавязкова. Праз публікацыі ў газеце мы ўжо некалькі разоў заклікалі людзей зрабіць прышчэпкі сваім сабакам і катам, але рэакцыя была даволі нязначнай. Дарэчы, некаторыя жыхары шматкватэрных дамоў, чые гадаванцы, у прыватнасці каты, не выгульваюцца на вуліцы, памылкова думаюць, што ім не пагражае вірус шаленства, і не робяць прышчэпкі. Гэта не так, бо вірус можна занесці дадому на падэшве абутку. Кожны павінен усвядоміць, што праяўленая бяспечнасць можа каштаваць чалавеку жыцця.

Першыя прыкметы шаленства ў жывёлы – гэта агрэсія без прычыны. Жывёліна можа пачаць кусаць прадметы, напрыклад, ножкі крэсла і абутак, на якія звычайна не звяртае ўвагі. Яна хаваецца ў цёмныя вуглы, у яе назіраецца слінацячэнне. Акрамя гэтага, гадаванец пачынае палохацца вады. У такіх выпадках выратаваць жывёліну ўжо немагчыма.

– Што рабіць людзям, калі яны ўбачылі на вуліцах горада лісу?

– Гэта можа быць не толькі ліса, а і янот, які таксама нярэдка забягае ў горад. У такім выпадку ні ў якім разе не падыходзьце да іх, і тым больш не дакранайцеся. Калі дзікая жывёліна ідзе да людзей, значыць, яна хворая. Здаровая ліса ніколі гэтага не зробіць, бо яна баіцца сабак. Гэта бацькі павінны растлумачыць сваім непаўналетнім дзецям і папярэдзіць іх аб небяспецы. Памятайце, што чалавека можна ўратаваць ад смерці да з’яўлення клінічных прызнакаў. Калі вас пакусала жывёліна, без прамаруджвання звяртайцеся ў бальніцу.

Да ўвагі ўладальнікаў дамашняй жывёлы, асабліва тых, хто пражывае ў прыватным сектары: калі вы бачылі, што ў сабакі быў кантакт з лісой, калі ласка, тэрмінова пазваніце ў ветслужбу па тэлефонах: 4-63-53 або 4-67-83, 7-41-19.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *