Няспынны і запатрабаваны

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

240218

На працоўны рытм ААТ «ТБЗ Нёман» істотна ўплываюць пагодныя ўмовы, аднак яго прадукцыя, паліўныя брыкеты, здольна «рабіць надвор’е» ў любым доме, на вытворчым або сацыяльным аб’екце. Прадпрыемства працуе над выкананнем галіновай праграмы развіцця тарфяной прамысловасці на 2018-2020 гады, якую рэалізуе Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Мінулы год быў для завода «Нёман» паспяховым і, такім чынам, высока ўзняў планку і для года 2018-га.

Міхаіл КАМЕЙША, дырэктар ААТ «ТБЗ «Нёман»: «ІНВЕСЦІРУЕМ У ВЫТВОРЧАСЦЬ І Ў КАЛЕКТЫЎ»

– Вытворчасць паліўных брыкетаў склала 36 тысяч тон (пры плане – 32 тысячы тон), здабыча торфу – амаль 71 тысячу тон (пры плане – 65 тысяч тон). Гадавы план па выпуску паліўных брыкетаў прадпрыемства выканала датэрмінова, да 30-га лістапада. Аб’ём інвестыцый склаў 693 тысячы рублёў. Фактычная эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў дасягнула 80 тон умоўнага паліва. Сярэднямесячная заработная плата на прадпрыемстве – 688,1 рубля.

З улікам дасягнутага ў бягучым годзе неабходна выпусціць не менш за 42 тысячы тон паліўных брыкетаў і здабыць не менш за 75 тысяч тон торфу. Дагаворы на пастаўку паліўных брыкетаў заключаны з філіяламі «Мінаблпаліва» (18 тысяч тон), цэментнымі заводамі (20 тысяч тон) і іншымі спажыўцамі. Пад праграму здабычы патрабуецца 200 га тарфяных палёў, у наяўнасці – 293 га. У 2017 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 190 га новых плошчаў з запасамі фрэзернага торфу для брыкетавання ў мільён тон, што дазваляе забяспечыць стабільную работу прадпрыемства на працягу дзесяці гадоў. Работы на аб’екце выкананы ўласнымі сіламі. Уся сыравінная база – гэта тарфяное радовішча «Гуманаўшчызна».

Летась мы ўпершыню пачалі выплачваць сваім работнікам матэрыяльную дапамогу на аздараўленне, выплацілі 13-ю заработную плату. Словы ўдзячнасці – ДВА «Белпалівагаз» за аказаную фінансавую падтрымку ў набыцці тэхнікі (за сродкі інвестыцыйнага фонду Міністэрства энергетыкі). Абнаўленне працягнецца і ў 2018 годзе.

Дзякуй за добрасумленную працу ўсяму дружнаму калектыву завода, жадаю шчасця, здароўя, поспехаў, добрага настрою! Радуе, што ў нас нямала высакакласных спецыялістаў, майстроў сваёй справы, прыгожых працоўных дынастый.

СВАЯ СПЕЦЫФІКА

Дырэктар завода Міхаіл Камейша разам з жонкай Аленай, кантралёрам якасці, – таксама складаюць працоўную дынастыю торфабрыкетчыкаў. Дырэктарствуе Міхаіл Францавіч апошнія тры гады, а ўвогуле 25 гадоў яго працоўнай біяграфіі на заводзе – гэта і досвед майстра, і начальніка ўчастка, і галоўнага інжынера… Абое ўстаюць рана, каб да работы паспець управіцца з вялікай падсобнай гаспадаркай. Гаспадар яшчэ трымае пасеку. У сем раніцы ён ужо на заводзе. Пачынае адлік звычайны рабочы дзень…

У адным са службовых кабінетаў адміністрацыйнага будынка, дзе працягваецца рамонт, мы сустракаем Віктара Якаўлева, начальніка планава-эканамічнай групы. Разам са сваёй вопытнай калегай Валянцінай Рагоза (яе стаж работы на заводзе – чвэрць веку) яны абмяркоўваюць надзённыя пытанні, звязаныя са змяншэннем выдаткаў, сабекошту прадукцыі. Да іх размовы далучаецца інжынер па ахове працы і пажарнай бяспецы Сяргей Масоіць. Сяргей закончыў БНТУ, на заводзе – другі год. Умовамі працы задаволены, завочна атрымлівае і эканамічную адукацыю.

– Кожны дзясяты работнік завода (усяго працуе 107 чалавек) – моладзь, – падкрэслівае Віктар Якаўлеў, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца і старшынёй прафкама. – Разам працуем – разам адпачываем. Наведалі з экскурсіямі Гродна, Брэсцкую крэпасць, Полацк, Дукорскі маёнтак. Паездкі плануем і ў бягучым годзе. За кошт прафкама набудзем для сваіх работнікаў абанементы на наведванне ФАКа.

У бухгалтэрыі таксама падабраўся калектыў пераважна з маладых спецыялістаў. Побач з галоўным бухгалтарам Святланай Міхалевіч працуюць Дар’я Капейчанка, Вераніка Бабіч, Часлава Сёмуха. Ім на дапамогу – сучасныя камп’ютары. Цяпер асвойваюць новую бухгалтарскую праграму «Прафіт». У бухгалтараў настрой добры, таму што мінулы год завяршылі з чыстым прыбыткам 7 тысяч рублёў, рэнтабельнасцю продажаў 5,5 працэнта.

– Вучымся, дапамагаем адзін аднаму, – гаворыць Святлана Міхалевіч, маючы на ўвазе тое, што ёй і яе калегам у першую чаргу прыходзіцца асвойваць спецыфіку работы торфапрадпрыемства.

САБРАЦЬ КАШТОЎНЫЯ КАДРЫ

Дзейнасць завода нельга ўявіць без транспартнага цэха, работнікі якога ажыццяўляюць дастаўку фрэзернага торфу, рамонт пастаянных чыгуначных пуцей і ўкладку часовых, рамонт рухомага саставу і вагонаў. Яго начальнік Іосіф Абрамовіч называе найбольш вопытных: Віктара Рагозу, Аляксандра Гамзу, Баляслава Янкоўскага, Баляслава Росліка. З раніцы ўсе раз’ехаліся па аб’ектах, толькі Віктар Рагоза не ў дарозе. «Першы дзень, як выйшаў з водпуску, таму затрымаўся за тэхабслугоўваннем цеплавоза», – тлумачыць ён. Родам з Малой Гуменаўшчыны, на заводзе Віктар Антонавіч больш за 40 гадоў, жыве ў пасёлку торфабрыкетчыкаў Нёман, дзе ў свой час атрымаў кватэру. «Добры музыкант, удзельнік мастацкай самадзейнасці», – не прамінае прадставіць свайго работніка дырэктар.

«Каштоўны спецыяліст, здольны вытачыць валы, шківы і іншае складанае абсталяванне», – такую характарыстыку Міхаіл Камейша дае токару Дзмітрыю Вялічку. Яго бацька таксама працаваў на заводзе, машыністам цеплавоза, і матуля была манцёрам пуці. Цяпер, у міжсезонне, калі вядзецца рамонт тэхнікі, Дзмітрыю Міхайлавічу кожны дзень даводзіцца выконваць нешта новае, адметнае ад учарашняга. Старанна рыхтуюць тэхніку да сезона здабычы механізатары Уладзімір Калякін, Вячаслаў Калодзінскі, Яўген Калей, Аляксандр Качановіч. Неабходныя работы выконвае электрагазазваршчык Міхаіл Фенька. Спецыяліст надзвычай кваліфікаваны, якому па сіле і рамонт цеплатрасы, ацяплення ў жылым пасёлку.

Выехаўшы на ўчастак здабычы «Гуманаўшчызна», за сем-восем кіламетраў ад завода, знаёмімся з ударнай брыгадай па дастаўцы торфу ў складзе машыніста цеплавоза ТУ-7 Аляксандра Радзіона, вопытнага саставіцеля паяздоў Баляслава Янкоўскага і машыніста пагрузчыка Сяргея Зубчонка. Пагрузчык, дарэчы, таксама новы, інвестыцыйны. Сёння брыгада загрузіла 12 вагонаў, у кожным – 15 тон торфу. На працягу зімы, не зважаючы на капрызы надвор’я, працуе на пракладцы часовага пуці надзейная брыгада на чале з майстрам Сяргеем Сёмухам. Калісьці, прызнаецца Сяргей Дзмітрыевіч, служыў у чыгуначных войсках, цяпер гэты вопыт прыдаўся. На адвозцы торфабрыкетаў, торфу на цэментныя заводы рэспублікі задзейнічаны такія вопытныя вадзіцелі, як Віктар Кутас, Вячаслаў Янкоўскі. Вячаслаў Іосіфавіч з задавальненнем садзіцца за руль новага аўтамабіля МАЗ-5551, які атрымаў летась па інвестпраграме.

ВЫТВОРЧАСЦЬ З САЦЫЯЛЬНАЙ НАГРУЗКАЙ

– Наводзім парадак, – тлумачыць Міхаіл Камейша на падыходзе да аднаго з асноўных і найбольш працаёмістых цэхаў – брыкетнага. – Пайшло 130 тон бетону, каб добраўпарадкаваць вытворчую пляцоўку і пляцоўку ля склада гатовай прадукцыі.

Цэх працуе кругласутачна, выдаючы за 12-гадзінную змену 65-70 тон прадукцыі. З сярэдзіны 2016 года цэх узначаліў малады спецыяліст Яўген Кутас. На заводзе, на пагрузцы брыкетаў, працуе і яго бацька, Міхаіл Міхайлавіч.

– Сыравіны дастаткова. Абсталяванне падтрымліваем у рабочым стане. Кожны год у маі праводзім яго капітальны рамонт, – адзначае Яўген Кутас.

У вытворчай лабараторыі кантралёр якасці Алена Камейша пацвярджае высокую якасць як сыравіны – торфу, так і «нёманскіх» брыкетаў. Бадай, галоўная іх вартасць – каларыйнасць, якая перасягае 4 тысячы кКал/кг.

Лабараторыя дадаткова вывучае хімічны аналіз вады для кацельні, якая на працягу апошніх дзесяці гадоў спажывае толькі мясцовы від паліва – торф. У рабоце – два катлы (трэці, рэзервовы, – на прыродным газе), у тым ліку адзін з іх, магутнасцю 6,5 тоны пары ў гадзіну з ціскам 13 атмасфер, быў устаноўлены ў 2010 годзе. Для ачысткі вады ўстаноўлены фільтры. З гэтай кацельні цяпло ідзе ва ўсе вытворчыя памяшканні, а таксама ў жылы пасёлак, які складаецца з 164-х кватэр, на мясцовыя сацыяльныя аб’екты – амбулаторыю, дзіцячы сад, школу, магазіны. Пазменна шчыруюць аператары Віктар Шаціла, Юрый Янкоўскі, Аляксандр Бабіч, Аляксандр Юшчанка, Часлаў Рагоза, Анатоль Вяршына, Віталь Шаціла, Сяргей Салей, Генадзь Бець і слесар Часлаў Бурачэўскі.

Торфапрадпрыемства «Нёман» заўсёды славілася шчырымі працаўнікамі, і гэтая добрая традыцыя працягвае жыць і сёння.

На здымках: дырэктар прадпрыемства Міхаіл Камейша; бухгалтэрыя: Святлана Міхалевіч (галоўны бухгалтар) і Дар’я Капейчанка – на пярэднім плане, Часлава Сёмуха, Вераніка Бабіч; токар Дзмітрый Вялічка; кантралёр якасці Алена Камейша; машыніст цеплавоза Віктар Рагозаі начальнік транспартнага цэха Іосіф Абрамовіч; інжынер Сяргей Масоіць, эканаміст Валянціна Рагозаі начальнік планава-эканамічнай групы Віктар Якаўлеў; машыніст Юрый Сузан, шліфоўшчык Валяр’ян Рослік, начальнік брыкетнага цэха Яўген Кутас; механізатары Уладзімір Калякіні Вячаслаў Калодзінскі – на пярэднім плане, Яўген Калей; вадзіцель Вячаслаў Янкоўскі; вадзіцель Віктар Кутас і электрагазазваршчык Міхаіл Фенька; аператар кацельні Віктар Шаціла; майстар па рамонце чыгуначных пуцей Сяргей Сёмуха, электрагазазваршчык Мікалай Шыманец, слесар Уладзімір Кутас, манцёр пуці Таццяна Абрамовіч, машыніст трактарнага пагрузчыка Іван Абрамовіч, машыніст цеплавоза Аляксей Радзіон, манцёр пуці Віктар Абрамовіч; машыніст цеплавоза Аляксандр Радзіон, саставіцель паяздоў Баляслаў Янкоўскі, машыніст пагрузчыка Сяргей Зубчонак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *