У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ДЛЯ ДАПРАЦОЎКІ ЦЫБУЛІ

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» мэтанакіравана займаюцца вырошчваннем цыбулі-рэпкі на даволі вялікіх плошчах. Летась атрымалі неблагую ўраджайнасць гэтай каштоўнай і распаўсюджанай агародніннай культуры. Ураджай засыпаны ў сховішча і паступова рэалізуецца спажыўцам. Але ручная перадрэалізацыйная падрыхтоўка стрымлівала гэты працэс. Для хутчэйшага і больш якаснага выканання данай аперацыі прадпрыемствам набыта машына імпартнай вытворчасці для пасляўборачнай дапрацоўкі цыбулі прадукцыйнасцю 10 тон агародніны ў гадзіну. Сабрана і зманціравана спецыяльная лінія. Дзякуючы ўкараненню новай тэхналогіі тут разлічваюць хутка справіцца з падрыхтоўкай тавару і прадаць яго па прымальнай цане.

 

КАНАДСКІЯ ГАЛШЦІНЦЫ

У гаспадарцы  мэтанакіравана працуюць над паляпшэннем пароды буйной рагатай жывёлы, як малочнага, так і мяснога накірунку. Асемяняюць чорна-пярэстых кароў спермай канадскіх быкоў-вытворцаў. Як вядома, галшцінская парода адна з самых распаўсюджаных у свеце. Тут ужо атрымалі першы прыплод – шаснаццаць цялятак.

– Галшцінцы нараджаюцца крышку большыя па вазе , – гаворыць галоўны заатэхнік Уладзімір Жукаў. – Каровы, якія з іх вырастуць, дасягаюць 800 кілаграмаў, быкі –  за тысячу. А чым большая вага рагулі, тым больш і малака можна надаіць, калі строга прытрымлівацца тэхналогіі. Нашы даяркі гэта добра ўсвядомілі і ўжо сёння выбіраюць у сваю групу цялушак большых па  масе.

Уладзімір Міхайлавіч дадае, што прымяняецца ў вырошчванні цялят, прычым на ўсіх фермах, і напрацаваная тэхналогія, якую выкарыстоўвалі ў гаспадарцы, дзе ён папярэдне працаваў. А іменна, двухмесячных гадаванцаў перастаюць паіць малаком, а пераводзяць на сухі корм. І гэта дае плён – цяляткі  растуць без праблем, штодзень добра прыбаўляючы ў вазе.

 

РАСІЯНЕ ПЕРАЙМАЛІ ВОПЫТ

На мінулым тыдні прадпрыемства наведала дэлегацыя з Расіі, а дакладней з паўднёвага  яе рэгіёна. Кіраўнікі тамтэйшых сельскагаспадарчых арганізацый і фермеры прыехалі з мэтай абмену вопытам работы ў жывёлагадоўчай галіне. А на прадпрыемстве, як вядома, ёсць што паглядзець і чаму павучыцца. Экскурсію па фермах праводзіў галоўны заатэхнік Уладзімір Жукаў. Расіяне пабывалі на МТФ «Заямнае» і рабатызаванай ферме «Ячнае  № 3». 

–  Гасцей больш цікавіла тэхналогія вытворчасці малака, – сказаў Уладзімір Міхайлавіч. –  Справа ў тым, што на фермах нашых замежных калег ад кожнай каровы ў сярэднім надойваюць па 10 – 12 літраў малака, таму пытанні да мяне былі самыя разнастайныя – ад вытворчасці кармоў да камплектавання і ўтрымання статка.

Між іншым, члены дэлегацыі падкрэслілі, што беларуская малочная прадукцыя, хоць і даражэйшая па цане, але карыстаецца попытам у расіян, бо якасная. Паглядзелі госці і тэхніку, якая прымяняецца для кармлення жывёлы. Ды і  ўвогуле атрымалі нямала інфармацыі  і многае з убачанага і пачутага, безумоўна, прыменяць у сваіх гаспадарках.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *