Выпрабаванне маразамі

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

У сувязі з моцнымі маразамі ў мінулыя выхадныя была ўзмоцнена пажарна-прафілактычная работа сярод жыхароў раёна.

Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з удзелам прадстаўніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандра Філатава, а таксама журналіста газеты наведалі населеныя пункты Старасвержанскага, Заямнаўскага і Рубяжэвіцкага сельсаветаў. Яны пабывалі ў домаўладаннях грамадзян (асноўная ўвага была звернута на адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян пажылога ўзросту і сем’і, дзе выхоўваюцца малалетнія дзеці), правялі сустрэчу ў працоўным калектыве ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі», бралі ўдзел у мерапрыемствах у рамках акцыі «Бяспека – у кожны дом!» у сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы. Грамадзянам раздавалі інструкцыі-рэкамендацыі аб прывядзенні свайго дома ў супрацьпажарны стан.

У жылым сектары ў сувязі з маразамі пільная ўвага рэйдавых груп была нададзена стану пячнога ацяплення. Нельга дапускаць перакалу печы. Каб пазбегнуць бяды, лепш прапальваць яе двойчы ў суткі, з інтэрваламі. Прапальванне неабходна заканчваць не пазней, чым за дзве гадзіны да сну. Перад топкай павінен быць прыбіты металічны перадтопачны ліст памерам не менш за 50х70 см, каб вугалёк, які выпадкова выпаў, не прывёў да пажару. Нельга пакідаць распаленую печ без нагляду.

Прычынай пажару пры эксплуатацыі пячнога ацяплення можа быць і дымаход. Так, у суботу, 24-га лютага, у цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне з вёскі Круговіны аб загаранні сажы ў дымаходзе. Да здарэння прывяло тое, што гаспадары своечасова не ажыццявілі яго ачыстку.      

У сувязі з нізкімі тэмпературамі выратавальнікі яшчэ раз нагадваюць аб бяспечнай эксплуатацыі сістэм ацяплення (пры карыстанні катламі могуць замерзнуць трубаправоды, асабліва калі яны знаходзяцца на гарышчы і дрэнна ўцеплены). Для дадатковага абагрэву ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць самаробныя электрапрыборы, а перад прымяненнем прыбораў заводскага вырабу трэба азнаёміцца з інструкцыяй і выконваць усе рэкамендацыі. Для ўласнай бяспекі і бяспекі сваіх блізкіх у спальных пакоях лепш за ўсё ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

У ліку небяспек, якія падсцерагаюць пры сцюдзёных пагодных умовах, з’яўляецца абмаражэнне, таму апранацца неабходна цёпла. Без патрэбы не выходзьце на вуліцу, не ўжывайце спіртныя напіткі. Іншыя рэкамендацыі выратавальнікаў можна прачытаць у раздзеле «Што рабіць?» у мабільным прыдатку «МНС Беларусі: дапамога побач!»    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *