На фермах

Нумары Сельская гаспадарка

280218a

Ганна Фамішкіна працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Зарэчча» ААТ «Каганец». З году ў год яна дабіваецца высокіх паказчыкаў у рабоце. Летась ад кожнай каровы сваёй групы надаіла больш за сем тысяч кілаграмаў малака, і сёлета справы ў жанчыны ладзяцца. Ганна Пятроўна на пенсіі, але работу не кідае. Яна гаворыць, што здароўе дазваляе ёй хадзіць на працу. І жыве недалёка, дабірацца да фермы напрамкі праз поле займае з дзясятак хвілін. Працы ў жывёлагадоўлі сумленная руплівіца аддала шмат гадоў і сёння стараецца, паказваючы прыклад у рабоце маладым.

 

УДАЛЫ СТАРТ

Сярод аператараў машыннага даення лепшыя паказчыкі сёлета маюць майстры-прафесіяналы Людміла Зянько, Тамара Патапава і Іна Дзядовіч – усе з МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі». Людміла Генадзьеўна дабілася рэкорднага выніку, атрымала ад кожнай каровы сваёй групы 904 кілаграмы малака. У яе каляжанак таксама даволі высокія паказчыкі – адпаведна 862 і 853 кілаграмы.

Залужанскімі працаўніцамі ўзяты даволі ўдалы старт – гэта важкая заяўка на пераадоленне кожнай дзесяцітысячнага рубяжу. У прэтэндэнтах пакарыць запаветную вяршыню Наталля Банадысева, Алена Гаптар і Ганна Саланкевіч з ТАА «СЖК «Налібакі».

 

РЭКАРДЫСТКА З ПРУДОЎ

Самая высокаўдойная карова-рэкардыстка, ад якой атрымана летась 13 083 кілаграмы малака, утрымліваецца на МТФ «Пруды» ТАА «СЖК «Налібакі» ў групе перадавога аператара машыннага даення Алены Гаптар. Ад дванаццаці кароў, сем з якіх стаяць на фермах вышэйназванага таварыства і пяць – у ААТ «Вялікі Двор», надоена звыш дванаццаці тысяч кілаграмаў малака. У гэтых жа гаспадарках налічваецца дваццаць дзве рагулі-малочніцы з надоем звыш адзінаццаці тысяч. Ад 10 да 11 тысяч кілаграмаў малака атрымана ад сямідзесяці кароў, ад 9 да 10 тысяч – ад 142, звыш васьмі тысяч – ад 382 кароў.

 

НАПЕРАДЗЕ РАБОТНІКІ МТФ «ЗАЛУЖЖА»

Па выніках работы за студзень бягучага года лепшага паказчыка па надоях малака ад каровы дасягнулі жывёлаводы МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» – руплівыя працаўнікі атрымалі ў сярэднім ад кожнай рагулі 840 кілаграмаў малака. На другім месцы рупліўцы МТФ «Целяхі» ТАА «СЖК «Налібакі» з вынікам 764 кілаграмы, на трэцім – МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства – 756 кілаграмаў. Чацвёртая, пятая і сёмая прыступкі – за налібаччанамі МТФ «Цэнтр», «Пруды» і «Церабейнае», дзе надоена ад каровы адпаведна 736, 694 і 676 кілаграмаў малака. На шостай пазіцыі жывёлаводы МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» з паказчыкам 678 кілаграмаў. Восьмае, дзявятае і дзясятае месцы – за шчырымі рупліўцамі МТФ «Засулле», «Ячонка» і «Зарэчча», надой склаў 667, 661 і 619 кілаграмаў. Ушчыльную падабраліся да лідзіруючай дзясяткі жывёлаводы МТФ «Жыгалкі» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава» аднайменнага таварыства, якія маюць паказчыкі 602 і 601 кілаграм. Такім чынам, барацьба за права ўвайсці ў кагорту лепшых сёлета становіцца больш напружанай.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІ Ў СТУДЗЕНІ

На малочнатаварных фермах раёна за студзень надоена на 513 тон малака больш, чым за адпаведны перыяд летась. Найбольшая прыбаўка дасягнута жывёлаводамі ААТ «Шашкі» – 155 тон, а таксама працаўнікамі ААТ «Вішнявецкі-агра», «Каганец» і «Рубяжэвічы». Недабрана, аднак, сто тон прадукцыі ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Прыбавілі па надоях малака ад каровы і перамясціліся з сёмага на пяты радок у рэйтынгавай табліцы работнікі ААТ «Жацерава». Канкурэнцыя тут даволі цесная, бо практычна на ўзроўні спрацавалі па гэтым паказчыку і яшчэ тры сельгаставарыствы – «Радзіма Якуба Коласа», «Вішнявецкі-агра» і «Агранёманскі». Па-ранейшаму ў адстаючых працаўнікі малочнага цэха ААТ «Рочавічы», жывёлаводы гэтага таварыства пачалі год з мінусам. У мясной жывёлагадоўлі прыбаўка па валавой вытворчасці ялавічыны склала 46 тон, падраслі і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы. Па абодвух паказчыках наперадзе ААТ «Агранёманскі» і «Вялікі Двор».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *