Заслужылі ўдзячнасць

Нумары Сельская гаспадарка

280218b

У рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» былі ўшанаваны руплівыя працаўнікі СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Уручаючы падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень адзначыў, што паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса ў гаспадарцы пакуль што сціплыя, але ёсць дастойныя людзі, якія заслужылі павагу сваёй шчырай працай. У жывёлагадоўчай галіне філіяла патэнцыял далёка не вычарпаны: абнаўляецца матэрыльная база, праводзіцца мадэрнізацыя, значыць, адпаведна вышэйшымі павінны быць і вынікі, а будуць яны ямчэйшымі – павялічыцца і заработная плата.

Амаль тры дзесяцігоддзі рупіцца аператарам машыннага даення Ніна Лук’янчык. Ніна Мікалаеўна ў ліку лепшых працаўніц сваёй прафесіі, як і яе каляжанка Святлана Жыбуль – таксама вопытная даярка. Жанчыны вылучаюцца добрасумленнасцю і пастаянна дабіваюцца неблагіх вынікаў у рабоце. І раней іх неаднаразова адзначалі. Стараецца ветэран працы, у мінулым даярка, а цяпер аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Раіса Дубіцкая. Больш за трыццаць гадоў налічвае стаж работы ў тэхніка-асемянатара Кацярыны Юрыс. Кацярына Уладзіміраўна плённа шчыруе, яе фотаздымак занесены летась на раённую Дошку гонару. Дзесяты год працуе цялятніцай Марына Яўсейчык і за сваю рупнасць набыла аўтарытэт. Параўнальна нядаўна прыйшла ў прафесію тэхнік-асемянатар Таццяна Гамза, і з абавязкамі сваімі яна спраўляецца.

Ганаровымі граматамі сельскагаспадарчага філіяла і падарункамі адзначаны за шчыраванне жывёлаводы Ала Нарановіч, Ларыса Казлоўская, Галіна Жыбуль, слесар Сяргей Борыс, падзякай – старшая рабочая Ганна Касцюк.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Кацярына Юрыс, Ала Нарановіч, Раіса Дубіцкая, Таццяна Гамза, Ніна Лук’янчык, Сяргей Борыс, Марына Яўсейчык, Ларыса Казлоўская і Святлана Жыбуль

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *