Спаборніцтвы

Нумары Спорт

280218c

ВЫЙШЛІ НА СТАРТ НА ЧАЛЕ З КІРАЎНІКОМ

Каманда раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паспяхова паўдзельнічала ў абласных спаборніцтвах па лыжным спорце сярод цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі Мінскай вобласці. Спаборніцтвы прайшлі на базе Мінскага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі «Загор’е».

Каманду лыжнікаў стаўбцоўскага цэнтра ўзначаліў галоўны санітарны ўрач Ігар Кунцэвіч, які паспяхова прайшоў дыстанцыю на лыжах і ў індывідуальным заліку сярод 23 удзельнікаў увайшоў у дзясятку лепшых лыжнікаў вобласці.

А вартаўнік стаўбцоўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Сагайдакевіч і наогул паднялася на п’едэстал, каб атрымаць медаль і дыплом за першае месца ў вобласці сярод лыжніц.

Гэтыя прыемныя абставіны згуртавалі калектыў і даюць стымул для далейшай дружнай работы па выкананні пастаўленых перад цэнтрам задач.

 

ДРУЖНА, УМЕЛА, РАЗАМ З КАМАНДАЙ!

У рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту ў рамках рэспубліканскай акцыі «Разам з камандай!» адбылося абласное спартыўна-масавае свята, на якое з’ехаліся каля 600 удзельнікаў з усіх раёнаў Мінскай вобласці.

У ім прынялі ўдзел і лепшыя спартсмены з ліку вучнёўскай моладзі нашага раёна, якія атрымалі чатыры перамогі ў розных узроставых групах. У камандзе нашага раёна было 28 чалавек. Высокія вынікі ў спрынтарскай гонцы паказалі Кірыл Пяткевіч, Мікіта Пяткевіч (у іх трэція месцы), Павел Маркачэўскі (ІІ месца), Арцём Балабан (І месца). Усе яны – вучні Коласаўскай СШ, а Мікіта Пяткевіч, Павел Маркачэўскі і Арцём Балабан – выхаванцы і Стаўбцоўскай дзіцячай юнацка-спартыўнай школы. Вялікі ўклад у выдатную падрыхтоўку лыжнікаў унеслі трэнеры Эдуард Варывоцкі і Валерый Кузняцоў.

Наша каманда па рэйтынгу мае чацвёрты вынік у Мінскай вобласці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ЭМОЦЫІ НА СТАЎБЦОЎСКАЙ ЛЫЖНІ

Нарэшце ўсталявалася зіма. І гэта выдатна! Снег, мароз – усе ўмовы для правядзення спаборніцтваў «Стаўбцоўская лыжня». І спартыўная арэна традыцыйная – ваколіцы Наваколасава.

Адкрываюць спартыўна-масавае свята намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька. Аб’яўляецца, што ў раённых спаборніцтвах па лыжных гонках удзельнічаюць 24 калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, усяго каля 100 чалавек. І вось першая група лыжнікаў спяшаецца па лыжні, якая пачынаецца ад стадыёна і хаваецца ў пералеску.

Умовы для ўсіх аднолькавыя. Мужчынам належыць адолець дыстанцыю 1500 метраў, для жанчын ад старта да фініша – кіламетр. Спрактыкаваныя, тыя, хто ўзяў за прывычку катацца на лыжах, вызначаюцца ўпэўненасцю. Тым больш відавочнае майстэрства ўдзельнікаў спаборніцтваў. А іншы, спяшаючыся, часам і ўпадзе, але хутка падняўся і – наперад.

Горача падтрымліваюць лыжнікаў балельшчыкі, падбадзёрваюць воклічамі, плакатамі. Суддзі спаборніцтваў – знакамітыя трэнеры, настаўнікі Эдуард Варывоцкі, Аляксандр Грыб, Дар’я Варывоцкая – на фінішы фіксуюць вынікі. Забег за забегам – і хвіліны спартыўнага дзейства прабягаюць імкліва. А Валерый Кузняцоў свае функцыі галоўнага арбітра перадае судзейскай брыгадзе і сам выходзіць на старт. І ўпэўнена перамагае ў апошнім забегу, дзе спрэчку вялі і размясціліся побач на прызавых прыступках таксама педагогі Генадзь Канановіч і Іван Хвалей, прынёсшы важныя заліковыя ачкі ў скарбонку каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму. Яны лаўрэаты, як і сярод жанчын Ядвіга Кураш, Юзэфа Бурак і Лідзія Далідовіч, прадстаўніцы калектываў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Дзераўнянскай СШ і райспажыўтаварыства адпаведна. Яны выступалі ў разрадзе самых вопытных – азначэнне «ветэраны» тут наўрад ці падыходзіць.

Мужчынскі мужны ўзрост 45-54 гады вызначыў, што лепшымі лыжнікамі сталі Леанід Сіняўскі (ФАК «Меліяратар»), Юрый Бабіч (Шашкоўская СШ) і Сяргей Хамко (раённы аддзел культуры). У жанчын жа ва ўзросце, як прынята гаварыць, крыху больш за сорак, найлепшае спартыўнае майстэрства ў педагогаў Святланы Лапкоўскай з Навасвержанскай СШ і Людмілы Навіцкай з Дзераўнянскай школы, а таксама Жанны Назаровіч, супрацоўніцы ВУ «Стоўбцыгаз».

Знакамітая і ў раёне, і ў вобласці спартсменка, якая падтрымлівае спартыўную славу ВУ «Стоўбцыгаз», Людміла Мяшкова. Самай хуткай на лыжні стала яна і цяпер. У цудоўным жаночым узросце – 35-44 гады – на прызавых прыступках таксама Святлана Юнцэвіч і Таццяна Карсюк, якія прадстаўляюць адпаведна Дзераўнянскую і Шашкоўскую СШ. У мужчын у адпаведным забегу лыжнікаў лепшы вынік у Васіля Радзівановіча (ВУ «Стоўбцыгаз»), на другім і трэцім месцах – Сяргей Бутузаў (в/ч у п. Наваколасава) і Дзяніс Волкаў (РЦГіЭ).

У маладзейшых даволі шырокі дыяпазон – ад 18 да 34 гадоў. І тут лаўры прызёраў дасталіся ўмелым. Гэта Юлія Бохан і Надзея Ермаловіч (раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму), Надзея Курыла (РЦГіЭ), Вадзім Грахольскі і Аляксандр Казлоў (раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях), прадпрымальнік Сяргей Шчарбук.

Прадказальнымі былі вынікі каманднага заліку. Самым моцным стаў калектыў раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Сярэбраная пазіцыя ў каманды ВУ «Стоўбцыгаз». Роўная колькасць заліковых ачкоў атрымалася ў камандаў Дзераўнянскай і Шашкоўскай сярэдніх школ, якія падзялілі трэцяе прызавое месца.

А ўвогуле ўсе ўдзельнікі задаволены. У рэшце рэшт такія спаборніцтвы ладзяцца, каб працаўнікі маглі паспрабаваць свае сілы ў спартыўнай барацьбе, атрымаць зарад бадзёрасці і энергіі.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *