Нашы продкі адзначалі Масленіцу ў дзень вясенняга раўнадзенства. У гэтым годзе провады зімы выпалі на 18 лютага, а сустракаць вясну можна да 3 сакавіка.
У дзень провадаў родныя сядалі за багаты стол. Частаваліся аж да 12 гадзін ночы, а потым ежа не прыбіралася, каб маглі паспрабаваць прысмакаў душы памерлых. Днём народ весяліўся і прыгадваў старадаўнія абрады, звычаі.
Мне пашчасціла пабываць на свяце-фестывалі «Каралеўская Масленіца» ў «Парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі Сула». Тут я акунулася ў гісторыю нашага краю: каралеўскае паляванне, рыцарскія баі… Усіх гасцей свята захапілі выступленні тэатра «Шатландская пяхота», калектываў «Аратэя», «Мілікратум», «Гасцінец». Дзеці мелі магчымасць паглядзець «Батлейку», паўдзельнічаць у розных забавах і спаборніцтвах.
Безумоўна, на свяце былі бліны, дэгустацыя ў бровары, кулінарныя конкурсы. Кульмінацыяй свята стала прыгатаванне святочнага гасцінца на гіганцкай патэльні – вялізнага бліна, якім частаваліся ўсе госці. Працавалі збройная кузня, панская канюшня, «Каралеўская Асамблея», вінакурня, экспазіцыйны блок «Беларускае мястэчка», музей Ленскіх, верталётная пляцоўка і г. д.
У суправаджэнні вопытных экскурсаводаў удзельнікі фестывалю-свята мелі магчымасць адправіцца ў цікавае падарожжа праз стагоддзі, акунуцца ў атмасферу даўно мінулых эпох.
Вядома ж, спальванне чучала, скачкі праз касцёр – усё гэта сімвалізавала развітанне з зімой і ачышчэнне душы чалавека перад вясеннім абнаўленнем.
Фестываль атрымаўся захапляючым і пазнавальным.
Нэлі АСТРЭЙКА