Бяспека. Прафілактыка

Ахова правапарадку Нумары

ДАРОГА НЕ ЦЕРПІЦЬ НЕДЫСЦЫПЛІНАВАНАСЦІ

З 22 па 26 лютага Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці праводзіла прафілактычную акцыю «Дзіця – галоўны пасажыр!»

З пачатку бягучага года з удзелам непаўналетніх на тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістравана 11 ДТЗ, у якіх трое дзяцей загінулі, 11 атрымалі траўмы. Усе гэтыя дзеці з’яўляліся пасажырамі транспартных сродкаў.

На цяжкасць наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў уплывае тое, што некаторыя дарослыя ўдзельнікі дарожнага руху пры перавозцы дзяцей грэбуюць выкарыстаннем сродкаў бяспекі (аўтакрэслаў, бустараў, спецыяльных падушак), або калі перавозяць малалетніх дзяцей у дзіцячых утрымліваючых прыстасаваннях, не прышпільваюць іх рамянямі бяспекі.

У перыяд акцыі супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з падраздзяленнямі міліцыі грамадскай бяспекі ва ўзмоцненым рэжыме арганізаваны кантроль па захаванні вадзіцелямі правілаў бяспечнай перавозкі непаўналетніх пасажыраў.

ДАІ напамінае, што за такія парушэнні ў адпаведнасці з ч. 5 арт. 18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь у адносінах да вадзіцеля накладваецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь.

23 лютага Дзяржаўтаінспекцыя правяла адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Абгон павінен быць бяспечным!».

У Мінскай вобласці з пачатку года адбылося 97 ДТЗ, у выніку якіх 16 чалавек загінулі, 101 – атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, пяць ДТЗ адбыліся па віне нецвярозых вадзіцеляў. Трагічныя выпадкі адбыліся ў асноўным па прычыне лабавых сутыкненняў. Парушаліся правілы абгону, дапускаўся выезд на паласу сустрэчнага руху.

Зноў жа даводзіцца нагадваць адпаведныя прававыя нормы. Калі асоба, якая кіруе транспартным сродкам, парушае правілы абгону ці дапускае выезд на паласу сустрэчнага руху ў выпадках, забароненых правіламі дарожнага руху, гэта выклікае накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання на тэрмін да года.

Паважаныя вадзіцелі! Абдумвайце кожны свой манеўр, будзьце ўважлівыя за рулём. Перш чым зрабіць абгон, пераканайцеся ў яго бяспецы!

Аддзел ДАІ РАУС

 

ДАПАМОГА ТЫМ, ХТО АСТУПІЎСЯ

Апошнім часам прафілактыцы рэцыдыўных злачынстваў нададзена асаблівая ўвага. Сведчанне таму – і спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Нагляд», якое ў снежні прайшло на тэрыторыі раёна.

У 2017 годзе раённым аддзелам унутраных спраў зарэгістраваны рост рэцыдыўнай злачыннасці. Яе ўдзельная вага ў агульнай колькасці злачынстваў склала каля 50%. У сувязі з гэтым «Нагляд» прадугледжваў узмацненне кантролю за паводзінамі асоб, якія, паводле рашэння суда, знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, а таксама асоб, у адносінах да якіх такі нагляд можа быць устаноўлены.

У адпаведнасці з артыкулам 80 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі прэвентыўны нагляд можа быць устаноўлены ў адносінах да тых, хто ўчыніў цяжкае ці асоба цяжкае злачынства, быў асуджаны два і больш разы да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за наўмысныя злачынствы і пасля адбыцця пакарання дапускаў парушэнні адміністрацыйнага заканадаўства і т. п. Прэвентыўны нагляд працягваецца ад шасці месяцаў да двух гадоў і суправаджаецца ўстанаўленнем пэўных абмежаванняў. Іх мэта – аказаць прафілактычнае ўздзеянне, але ні ў якім разе не прынізіць чалавечую годнасць ці скампраметаваць паднагляднага па месцы яго работы ці жыхарства.

Асноўныя праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца пры ажыццяўленні прэвентыўнага нагляду і прафілактычнага назірання за асобамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, – адсутнасць у паднаглядных асабістых дакументаў, блізкіх, жылля і ўвогуле страта сацыяльных сувязяў. Гэта сведчыць пра іх вострую патрэбу ў дапамозе з боку сацыяльных службаў. І хоць далёка не ўсе імкнуцца стаць на шлях выпраўлення і вярнуцца да нармальнага жыцця, «Нагляд» таксама дапамагае ім з працаўладкаваннем, фарміраваннем законапаслухмяных паводзін.  

Асобы, якія маюць судзімасць і ў якіх склаліся цяжкія жыццёвыя абставіны, заўсёды могуць звярнуцца па дапамогу і падтрымку ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю (г. Стоўбцы, вуліца Гайдука, 21, тэлефоны – 5-01-74, 5-14-83).

Уладзімір КУХАРЧЫК,начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *