Без падстаў для самазаспакойвання

Нумары Соцыум

Даныя па траўматызме ў Стаўбцоўскім раёне не даюць падстаў для самазаспакойвання. У 2017 годзе адзначана 15 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, на тры больш, чым у папярэднім годзе. Прытым два выпадкі – са смяротным і тры – з цяжкім зыходам.

Трагічныя выпадкі здарыліся ў ААТ «Жацерава» і «Агранёманскі». Першы – у выніку ДТЗ, другі – на тэрыторыі збожжасклада, па папярэдніх вывадах – з-за стану здароўя пацярпелага.

Няшчасны выпадак, які прывёў да цяжкай вытворчай траўмы, адбыўся ў ААТ «Агранёманскі». Аператар лініі ачысткі і пратручвання насення заняўся справай, што не адпавядала яго кваліфікацыі, не прайшоў навучанне, інструктаж і праверку ведаў пры выкананні адпаведнага віду работы. Ён узяўся здымаць з прычэпа кола разборным вобадам, шына ж знаходзілася пад ціскам. Удар – і атрымана траўма. Асобай, якая дапусціла парушэнне актаў заканадаўства аб працы і ахове працы, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, стаў загадчык цэнтральнага склада гэтага таварыства.

Жывёлавод ААТ «Радзіма Якуба Коласа» закрываў вароты ў будынку прафілакторыя для цялят на МТФ «Пагарэлае», які не выкарыстоўваўся. На яго ўпаў дзвярны праём. Да траўмы прывялі парушэнні патрабаванняў нарматыўных актаў па ахове працы: не вёўся сістэматычны агляд збудавання, жывёлавод узяўся за справу, якая яму не была даручана.

І нарэшце выпадак, які здарыўся ў снежні мінулага года. Трактарыст-машыніст ААТ «Вялікі Двор» падчас знаходжання ў камандзіроўцы ў ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» паслізнуўся і ўпаў на вагавой прадпрыемства. Выпадак з цяжкай вытворчай траўмай знаходзіцца ў стадыі расследавання.

Няшчасныя выпадкі на працоўных месцах адбыліся з жывёлаводамі ААТ «Вялікі Двор», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра». Газаэлектразваршчык ААТ «Жацерава» атрымаў траўму рукі пры ўдары ад навеса трактара і дышла здрабняльніка-раздатчыка кармоў. Трактарыст-машыніст ААТ «Дзераўное» няправільна зачэпліваў трос для буксіроўкі, у выніку – удар у твар.

Двойчы давялося разбірацца з прычынамі вытворчага траўматызму на Навасвержанскім лесазаводзе. Пацярпелі станочнік дрэваапрацоўчых станкоў і сартавальнік. Работніца філіяла Мінскага маторнага завода атрымала траўму пры рабоце на свідравальным станку. Грузчык торфабрыкетнага завода «Нёман» па неасцярожнасці быў заціснуты паміж вагонам і апарэллю. Вельмі добра, што няшчасны выпадак, які адбыўся з вадзіцелем аўтамабіля райаграсэрвіса, не прывёў да цяжкай вытворчай траўмы.

Мабільнай групай Стаўбцоўскага райвыканкама за 2017 год у адпаведнасці з графікамі рэйдаў праведзена 90 праверак выканання арганізацыямі раёна патрабаванняў бяспекі, у тым ліку заканадаўства аб ахове працы, выяўлена 1451 парушэнне. З іх у сельскай гаспадарцы праведзена 46 рэйдаў, выяўлена 807 парушэнняў.

Устаноўлены найбольш распаўсюджаныя парушэнні. Не абсталяваны аглядавыя ямы, месца зваршчыка знаходзіцца па-за памяшканнем майстэрні. Дапускаюцца ў эксплуатацыю машыны, механізмы са знятымі ахоўнымі агароджаннямі, а таксама без наяўнасці дакументацыі заводаў, дзе выраблена абсталяванне. У якасці падставак пры рамонце тэхнікі выкарыстоўваюцца выпадковыя прадметы. Не праводзяцца перыядычныя агляды будынкаў. Дапускаецца эксплуатацыя прыстаўных драўляных лесвіц, грузавых цялежак, стэлажоў, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Не ў поўным аб’ёме работнікі забяспечваюцца спецыяльным аддзеннем і абуткам. У асноўным выдаюцца толькі касцюмы баваўняна-папяровыя, працуюць у сланцах. Не ажыццяўляецца штодзённы кантроль з боку непасрэдных кіраўнікоў участкаў, структурных падраздзяленняў за захаваннем работнікамі патрабаванняў аховы працы, важным з якіх з’яўляецца вядзенне журналаў штодзённага кантролю.

Рэкамендуем кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў звярнуць асаблівую ўвагу спецыялістаў на забеспячэнне здаровых, бяспечных умоў працы на ўсіх рабочых месцах. Неабходна няўхільна выконваць патрабаванні Дырэктывы № 1 і Дэкрэта № 5 пры разглядзе пытанняў прыцягнення службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці за дапушчаныя на падкантрольных ім участках работы выпадкі грубага парушэння нормаў і правілаў аховы працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны падначаленымі. Належыць выключыць спробы ўтойвання фактаў няшчасных выпадкаў на вытворчасці з боку падначаленых. Прыняць меры па павышэнні ўзроўню працоўнай і вытворчай дысцыпліны, узровень аплаты працы работнікаў суадносіць з захаваннем імі патрабаванняў бяспекі.

Неабходна пастаянна павышаць кваліфікацыю кіраўнікоў сярэдняга і ніжэйшага звяна ў пытаннях аховы працы, перыядычна праводзіць з імі заняткі, семінары з мэтай азнаямлення з навейшымі нарматыўна-прававымі актамі. Забяспечыць службы аховы працы кваліфікаванымі спецыялістамі. Прадугледзець меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання за належнае выкананне абавязкаў. Пазбавіцца ад фармалізму пры правядзенні перыядычнай праверкі ведаў, інструктажоў. Працягваць практыку разгляду пытанняў аховы працы на аператыўных нарадах у кіраўнікоў прадпрыемстваў, правядзення мэтавых нарад па гэтым пытанні, дзён аховы працы. Безумоўна выконваць мерапрыемствы па ўхіленні парушэнняў заканадаўства аб працы і ахове працы, указаных у патрабаваннях, прадпісаннях наглядна-кантрольных органаў.

Уладзімір САВІЦКІ, начальнік аддзела дзяржаўнай інспекцыі аховы працы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *