Пасажыры разлічваюць на якасць паслугі

Бяспека дарожнага руху Нумары Соцыум

З 26-га лютага, калі ў нашай рэспубліцы набылі моц папраўкі да Закона “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”, перавозка пасажыраў па маршруце Мінск–Стоўбцы–Мінск ажыццяўляецца без збояў, згодна з раскладам.

Прыватны перавозчык, а гэта немясцовая арганізацыя, таварыства з дадатковай адказнасцю “Экспрэслініі” (зарэгістравана Мінскім райвыканкамам 4-га снежня 2007 года), працягвае працаваць у рамках абноўленага закона. З аўтастанцыі на працягу дня адпраўляецца на Мінск аж 21 рэйс маршрутак. Яны курсіруюць амаль з шасці раніцы і да шасці вечара, з адносна невялікімі інтэрваламі.

— У дыспетчара аўтастанцыі вадзіцелі ТДА “Экспрэслініі” адзначаюцца, механік аўтапарка ажыццяўляе агляд тэхнічнага стану іх транспартных сродкаў перад выездам на лінію. На аўтастанцыі для іх вызначана пасадачная пляцоўка, — заўважае дырэктар філіяла “Аўтапарк № 17” ААТ “Мінаблаўтатранс” Іван Бычкевіч.

Названы перавозчык працуе ў нашым раёне ў партнёрстве з рэгулярным перавозчыкам – аўтапаркам № 17, з захаваннем правіл бяспекі, вельмі гібка і, па сутнасці, даўно прытрымліваецца тых патрабаванняў, якімі дапоўнены закон. Зручна гэта і пасажырам, таму што для маршрутак прадугледжаны прыпынкі і ў горадзе. Многія пасажыры выбіраюць маршрутку, якая становіцца побач з іх домам (асабліва жыльцы шматпавярховага мікрараёна), каб не бегчы 1-1,5 км да чыгуначнага вакзала, з якога курсіруюць больш чым даступныя электрычкі.

Аднак не ўсе прыватныя перавозчыкі імкнуцца аказваць паслугі па падобнай празрыстай схеме. Не сакрэт, што пад выглядам заказных перавозак курсіруюць маршруткі Стоўбцы-Бараўляны-Стоўбцы. Неафіцыйны перавозчык таксама ахвочы да таго, каб “падрэзаць” аўтапарк на маршруце Налібакі–Мінск–Налібакі і Кляцішча–Мінск–Кляцішча. Гэтымі аўтобусамі аўтапарка можна выехаць у сталіцу раніцай, а вечарам вярнуцца дамоў. Маршрутамі папутна ахопліваюцца і такія населеныя пункты, як Хатава, Тонава, Рубяжэвічы. Пры ажыццяўленні перавозак аўтапарк кіруецца не толькі рэнтабельнасцю, а і захаваннем сацыяльных стандартаў. “Мы як працавалі, так і будзем працаваць далей, — зазначае Іван Бычкевіч адносна заканадаўчых паправак. — Адна з праблем для нашага прадпрыемства – недахоп аўтобуснай тэхнікі. Новыя аўтобусы аўтапарк атрымліваў пяць гадоў таму. Праўда, у бягучым годзе плануецца набыццё двух аўтобусаў”.

Зразумела, што пасажыр аддасць перавагу таму перавозчыку, з якім яму зручней, камфортней і бяспечней адправіцца ў дарогу. Задача на заканадаўчым узроўні – забяспечыць менавіта такія ўмовы перавозак, паставіўшы перавозчыкаў-канкурэнтаў у аднолькавыя ўмовы дзейнасці. Цяпер да іх прад’яўляюцца адзіныя патрабаванні, якія ў першую чаргу датычаць вызначэння маршруту і раскладу руху, прыпынкаў. Адпраўленне маршруткі таксама прывязана да вакзала. Прадугледжаны кантроль за рэжымам сну і адпачынку вадзіцеля і т.п.

Тое, што паслуга павінна быць якаснай і бяспечнай для пасажыра, – гэта норма, якая не выклікае сумненняў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Прыводзім расклад руху маршрутак ТДА “Экспрэслініі” па маршруце Стоўбцы – Мінск.

Адпраўленне з аўтастанцыі Стоўбцы: у 06.25; 06.50; 07.10; 07.30; 08.25; 08.50; 09.15; 09.40; 10.30; 11.10; 11.35; 12.00; 12.25; 13.35; 14.00; 14.40; 15.45; 16.10; 16.50; 17.30; 18.10.

Кантактныя тэлефоны: 8-029-798-49-00 – МТС, 8-029-698-49-00 – Vel., (8-017) 294-13-42 – Мінаблпасажыртранс.

Тэлефон аўтастанцыі – 5-15-67.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *