Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

ПАВЫСІЛІ КВАЛІФІКАЦЫЮ

Дваццаць сем механізатараў з сельскагаспадарчых таварыстваў раёна на працягу трох зімовых месяцаў павышалі кваліфікацыю ў раённым  цэнтры павышэння кваліфікацыі райсельгасхарча, дзе навучаліся за кошт раённага бюджэту. Яны праслухалі вызначаны курс і ўсе паспяхова вытрымалі, як тэарэтычны, так і практычны экзамены, і атрымалі адпаведныя пасведчанні. Такім чынам кожны з іх цяпер мае дадатковую катэгорыю: «В» дазваляе працаваць на энерганасычаных трактарах, «Д» – на самаходных машынах (збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнах) і «F» – на экскаватарах і пагрузчыках. Такія курсы агранізоўваюцца штогод і маюць мэту рыхтаваць механізатараў шырокага профілю, якія падчас масавых палявых кампаній змогуць выконваць работы на тэхніцы розных марак.

 

АБНАЎЛЯЮЦЬ САРТЫ

Фарміраванне высокапрадукцыйных пасеваў сельскагаспадарчых культур у большай ступені залежыць менавіта ад сорту, які з’яўляецца самым танным і даступным сродкам павелічэння ўраджайнасці. Штогод сельгаставарыствамі нашага раёна праводзіцца сортазмена і сортаабнаўленне збожжавых культур. З гэтай мэтай сёлета запланавана закупіць 204 тоны элітнага насення айчыннай селекцыі. Ячменю – 129 тон. Сарты «Бровар», «Дзівосны», «Якуб» і «Фэст» будуць набыты ў ААТ «Агракамбінат «Сноў», а «Стратус» – у элітгасе ААТ «Агранёманскі». Усе яны не першы год высяваюцца ў гаспадарках і добра сябе зарэкамендавалі. З новых –  сорт «Магутны», які завязе з элітбазы «Натальеўск» ААТ «Вялікі Двор». Гэта сярэдняспелы высокаўраджайны сорт, устойлівы да палягання і паражэння ліставымі хваробамі. Яравой пшаніцы заказана 39 тон, з якіх трыццаць – сорту «Рассвет», а таксама «Васіліса» і «Тома». Увесь авёс сорту  «Юбіляр» паставяць калегам агранёманцы.

 

НА ВЫГАДНЫХ УМОВАХ

Раней умовы лізінгу на набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі для невялікіх фермерскіх гаспадарак былі не надта заманлівымі. Затое цяпер кожны фермер можа  даволі выгадна купіць яе праз аператара  праграмы ААТ «Прамагралізінг». Скарыстаць такую магчымасць выказалі жаданне некалькі сялянскіх фермерскіх гаспадарак нашага раёна, у ліку якіх – «Аліна Сам», «Зялёная ферма», «Хутар у Судніках», «Іванушка», «Сула». Кожная з іх заказала  трактар «Беларус» патрэбнай мадыфікацыі. А вось СФГ «Мой Сад» набывае тры трактары. Таксама фермеры маюць намер купіць два трохкорпусныя плугі, барану, бульбасаджалку, паўпрычэп, пагрузачнае абсталяванне.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *