На працоўнай вахце

Нумары Сельская гаспадарка

030318b

Аператар машыннага даення ТАА «СЖК «Налібакі» Наталля Банадысева надаіла летась ад кожнай каровы сваёй групы 9926 кілаграмаў малака і згодна з гэтым паказчыкам перамагла ў спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемстваў раёна. У папярэдні год у Наталлі Фёдараўны таксама быў высокі вынік. Сумленнасці і працавітасці гэтай жанчыны можна па-добраму пазайздросціць. Як гаворыцца, хто стараецца, той і мае. Сёлета руплівіца паставіла мэту дасягнуць дзесяцітысячнага рубяжу і разлічвае перавысіць гэтую мяжу. Наталля Банадысева з сям’і патомных жывёлаводаў, яе агульны працоўны стаж у жывёлагадоўлі налічвае дваццаць сем гадоў, з якіх трынаццаць – яна аператар машыннага даення.

 

У КАГОРЦЕ НАЙМАЦНЕЙШЫХ

ААТ «Вішнявецкі-агра» паступова вяртае былую славу. За апошнія два гады рэйтынг работы працаўнікоў таварыства значна павялічыўся. Дырэктар Віктар Худніцкі згуртаваў калектыў і за кароткі тэрмін практычна вывеў гаспадарку на былыя лідзіруючыя пазіцыі. Атрыманыя паказчыкі ў раслінаводстве дазволілі хлебаробам увайсці ў тройку прызёраў. Мінулы год і сапраўды ў гэтай галіне быў знакавым. Па ўраджайнасці збожжавых руплівыя працаўнікі выйшлі на трэцяе месца сярод гаспадарак раёна з вынікам 45,1 цэнтнера збожжа з гектара. Намалочана 1212 тон зерня кукурузы.

Відавочны плён старання калектыву жывёлаводаў. Забяспечанасць грамадскага статка кармамі па ўсіх відах вышэйшая, чым у мінулыя гады. Значна палепшылася фінансавае становішча таварыства.

Летась перавышаны шасцітысячны рубеж па надоях малака на карову, прыбаўка склала амаль тону. Таварыства ў ліку самых буйных пастаўшчыкоў малака. Практычна ўся сыравіна адгружаецца перапрацоўшчыкам гатункам «экстра». У лідарах па надоях малака калектыў МТК «Вішнявец» (брыгадзір Марыя Талака). Сярод аператараў машыннага даення тут вылучаюцца вопытныя Галіна Шашко, Марына Шыла, Валянціна Калянко, якія працуюць у жывёлагадоўлі не адно дзесяцігоддзе. А самыя высокія паказчыкі па надоі на карову і па валавым – у Аксаны Княжэвіч, адпаведна 6639 кілаграмаў (плюс 2110 кілаграмаў да леташняга выніку) і 327 тон.

Ладзяцца мясныя справы. Па вытворчасці ялавічыны маюць прырост у паўтара раза дзякуючы плённай працы жывёлаводаў.

 

НА ПЕРАДАВЫХ ПАЗІЦЫЯХ

На малочнатаварных фермах ААТ «Агранёманскі» надоена летась звыш дзесяці тысяч тон малака – самы высокі паказчык сярод гаспадарак раёна. Па надоях малака ад каровы таварыства ўваходзіць у пяцёрку мацнейшых і цалкам магчыма, скарыстаўшы рэзервы, падняцца сёлета на прыступку вышэй. Дырэктар Уладзімір Жукаў адзначае, што жывёлагадоўчая галіна зараз на ўздыме: больш прыбытку атрымалі летась ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі – менавіта 65 працэнтаў ад усёй выручкі.

Сярод вытворчых падраздзяленняў малочнага цэха лідзіруе МТФ «Залужжа» (брыгадзір Вячаслаў Дзярнейка), жывёлаводы занялі летась восьмае месца ў раёне сярод 52 аднатыпных падраздзяленняў, а сёлета выйшлі ў лідары. У мясных справах на перадавых пазіцыях калектыў МТФ «Ператокі», сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы на адкорме перавысілі 800 грамаў. Сярод жывёлаводаў вылучаюцца стараннасцю Людміла Зянько, Іна Дзядовіч, Валянціна Нарановіч, Святлана Шчацініна, Алена Кожыч, Сяргей Шашко, Юрый Сачук, Зінаіда Шашко, Вера Халявінская, Любоў Велясніцкая, Міхаіл Фалюк, Людміла Няволька і іншыя.

Летась у гаспадарцы атрыманы самы высокі валавы збор збожжавых і зернебабовых – 10 738 тон. І па іх ураджайнасці агранёманцы на працягу доўгага часу ўтрымліваюць другое месца.

 

ВАЖКІЯ НАБЫТКІ

У раённым спаборніцтве працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» з году ў год займаюць лідзіруючыя і прызавыя пазіцыі. Не выключэнне і сёлетні – у мясных справах яны першыя, у малочных – другія. У таварыстве высокая эканамічная эфектыўнасць вядзення гаспадарчай дзейнасці. Прыбытак ад рэалізацыі ўсіх відаў сельгаспрадукцыі склаў за мінулы год 2 мільёны 197 тысяч рублёў, рэнтабельнасць – 30,8 працэнта.

Гаспадарка ў ліку першых пабудавала і працягвае будаваць новыя жывёлагадоўчыя памяшканні пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы. Людзям ствараюцца належныя ўмовы для высокапрадукцыйнай работы, ёсць і аддача.

Малочны цэх спрацаваў з прыбаўкай. Жывёлаводы перавысілі васьмітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Калектыў МТФ «Вялікі Двор» (брыгадзір Андрэй Мяшок) выйшаў пераможцам у спаборніцтве сярод аднатыпных падраздзяленняў. Андрэй Мікалаевіч на пасадзе трынаццаць гадоў, сем з якіх на новай ферме. Добрасумленна працуюць аператары машыннага даення Людміла Марзалюк, Наталля Хмель, Таццяна Ціменка, Наталля Васечка, Алена Швагерус. Шчыра рупяцца на раздойванні пяршачак Таццяна і Ігар Ціменкі. З высокім паказчыкам завяршылі мінулы год работнікі МТФ «Асіпаўшчына» (брыгадзір Людміла Сасюк). Аператар машыннага даення гэтай фермы Ірына Гудзь перавысіла 8,5-тысячны рубеж па надоях. Стараюцца даярка Вольга Дабрыян і жывёлавод Канстанцін Ропат.

Відавочны плён старання работнікаў комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы. Летась вырашчана 1032 тоны мяса ялавічыны. Жывёлаводы лепшыя не толькі ў раёне – па выніках работы за мінулы год вытворчае падраздзяленне паднялося вышэй у рэйтынгу і займае дваццатае месца сярод аднатыпных у рэспубліцы. Узначальвае комплекс Анатолій Тарабэш. Сярод жывёлаводаў вылучаецца Валерый Жылка, які мае немалы вопыт работы і з году ў год выходзіць перадавіком сярод калег. Прыкладаюць намаганні Надзея Чарапанава, Галіна Сілка, Наталля Мядзведзева, Ірына Смецюх, Наталі Маісеева, Юлія Касякова, Наталля Жылка.

Пастаянна на вышыні раслінаводчая галіна. На працягу апошніх дзесяцігоддяў працаўнікі палёў атрымліваюць самую высокую ўраджайнасць практычна ўсіх сельскагаспадарчых культур. Летась вырашчаны рэкордны ў раёне ўраджай збожжавых і зернебабовых культур – разам з кукурузай намалочаны з кожнага гектара 61 цэнтнер у свірнавай вазе. Упершыню накапана на круг 650 цэнтнераў цукровых буракоў.

У любой справе галоўная роля належыць чалавеку, а дасягнутыя вынікі сведчаць, што людзі працуюць тут з поўнай аддачай. За шчырую працу кожны атрымлівае дастойную заработную плату, сярэднямесячная летась склала тысячу рублёў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *