Кліча школьны званок

Адукацыя Нумары

030318z

Марына Явід не можа сабе даць адказ на пытанне, што для яе даражэй – такі прадмет, як геаграфія, ці праца з пачаткоўцамі.

Пасля заканчэння педагагічных устаноў яна мае абедзве гэтыя спецыяльнасці. Аднак так складвалася ў яе працоўным жыцці, што вакансіі настаўнікаў геаграфіі былі занятыя. І па гэтай спецыяльнасці ёй удалося папрацаваць нядоўга толькі ў Хатаўской школе і па сумяшчальніцтве – у сярэдняй школе № 3.

Хоць гэты прадмет для Марыны Іосіфаўны вельмі цікавы, яна любіць геаграфію, аднак у яе саліднай працоўнай біяграфіі, якая налічвае 33 гады педагагічнага стажу, больш давялося працаваць з вучнямі пачатковых класаў. Адразу – у школе-інтэрнаце ў Задвор’і, потым – у пачатковай школе ў Кучкунах, затым – у сярэдніх школах №№ 1 і 2 райцэнтра. І вось ужо больш за дзесяць гадоў Марына Іосіфаўна вядзе ўрокі ў сярэдняй школе № 3. Сваю вялікую любоў да выбранай прафесіі яна пацвердзіла атрыманнем вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, высокім аўтарытэтам сярод калег, прызнаннем бацькоў і ўдзячнасцю і прывязанасцю да яе вучняў. У гэтым навучальным годзе Марына Явід узяла чарговы першы клас. І зноў усё як у першы рабочы дзень. Дзеці ўсе розныя, са сваімі характарамі, сваім багажом выхавання ў сем’ях. Іх патрэбна сабраць разам, каб паспяхова і вынікова прайсці шлях да ведаў. Каб павесці за сабою, настаўніку патрэбна пастарацца. Душы дзяцей чуткія, яны адрэагуюць толькі на шчырасць, дабрыню, любоў. Усе гэтыя якасці настаўніку патрэбна найперш выхаваць у сваёй душы.

Марына Явід у ліку высокакваліфікаваных настаўнікаў у сферы адукацыі раёна. У адносінах да яе асобы гэта набывае асаблівую вагу, калі ўлічыць, што 2018 год аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы. Родам Марына Іосіфаўна з Вялікай Гуменаўшчыны. І сваёй роднай Стаўбцоўшчыне аддае таленты, упрыгожваючы яе сумленнай працай на высакароднай ніве навучання і выхавання падрастаючага пакалення.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *