У сельскіх магазінах невялікіх вёсак, як Вялікая Гуменаўшчына, зіма – час перадыху перад сезонам. Многія пажылыя людзі, якія складаюць асноўную частку насельніцтва, пераехалі на зімовыя кватэры да дзяцей у горад. Хоць пакупнікоў і паменшала, аднак без крамы вёсцы не абысціся. Гэта адзінае грамадскае месца, куды сцякаюцца навіны, дзе вяскоўцы могуць перакінуцца словам.
Юзэфа Рагоза нязменна працуе ў магазіне сваёй роднай вёскі 40 гадоў. На яе памяці розныя перыяды з жыцця Вялікай Гуменаўшчыны. У сучасны момант жыхарам патрэбна завезці ўсе тыя ж прадукты, што і гараджанам. У вёсцы толькі два падворкі, дзе трымаюць кароў. Таму на прылаўках – разнастайныя малочныя прадукты, мясныя далікатэсы. Ёсць усё да чаю, на працягу ўсяго каляндарнага года можна купіць фрукты. Крама прапануе рэчы першай неабходнасці з разраду прамысловых тавараў.
У вёсцы многія дамы куплены ці перайшлі па спадчыне пад дачы. Іх гаспадары-гараджане стараюцца надаць ім сучасны выгляд, праводзяць рамонты. З надыходам сезона толькі і паспявае Юзэфа Іосіфаўна прымаць заяўкі на будаўнічыя матэрыялы. Летам вёска ажывае – падчас канікул з’язджаюцца да бабуль унукі, чарговыя водпускі праводзяць на вясковым прыволлі дарослыя. Сонца ўжо павярнула на вясну, і хутка прыйдуць гэтыя дружныя дні.
Цяпер у магазіне наведвальнікаў не так шмат. Юзэфа Рагоза рада кожнаму пакупніку. Але і зімою краму не мінаюць. Магазін знаходзіцца ля дарогі: то праезджыя спыняцца, як і мы, то прыйдуць пастаянныя пакупнікі. Дзякуючы такім рупліўцам, як Юзэфа Іосіфаўна, і жывуць сельскія магазіны, харчуюць людзей, служаць ім.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО