Служаць малой радзіме

Ахова правапарадку Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

030318c

У мінулым годзе райаддзел міліцыі папоўніўся чатырма маладымі супрацоўнікамі, выпускнікамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Перспектыўныя маладыя кадры прызначаны на адказныя пасады ў розныя падраздзяленні.

І варта зазначыць, што кіраўніцтва райаддзела чарговы раз засведчыла сваю стаўку выключна на мясцовыя, стаўбцоўскія кадры. Усе маладыя супрацоўнікі родам са Стаўбцоўшчыны і будуць служыць ёй, сваёй малой радзіме, нам, землякам.

Ужо сёння маладыя людзі цудоўна ўсведамляюць: тое, што скажуць пра іх знаёмыя, якую характарыстыку дадуць ім суседзі або сябры, – гэта, напэўна, і ёсць самы складаны і, адначасова, аб’ектыўны экзамен, які ім прыйдзецца ўвесь час трымаць. І тут важна засведчыць сябе не толькі прафесіяналам.

У вачах маладых лейтэнантаў – мэтанакіраванасць, цвёрдая воля, максімалізм.

– Сустрэлі выдатна, а асвоіцца на службе дапамагаюць вопытныя супрацоўнікі-настаўнікі ды, у прынцыпе, і ўвесь калектыў, – сцвярджаюць яны ў адзін голас. – Атмасферу міліцэйскага калектыву адчулі на першым афіцэрскім сходзе. Зразумелі, што зарэкамендаваць сябе можна не толькі ў службовых справах, а і ў спорце.

Аб сваім выбары прафесіі маладыя супрацоўнікі не шкадуюць. Няпроста бывае, але ставяць перад сабою мэты і – дасягаюць іх. Пакуль у іх адна праблема – як усё паспець. Дзяжурствы, выезды на месца здарэння, сустрэчы з людзьмі на адміністрацыйным участку… Іншым разам суткі выдаюцца такімі напружанымі, што ім, учарашнім выпускнікам акадэміі, людзям дастаткова падрыхтаваным, хацелася б у разы павялічыць іх. Менавіта ў выхадныя дні асабліва шмат званкоў паступае ад грамадзян маладому ўчастковаму інспектару Аляксандру Місюру.

Аляксандр абслугоўвае частку Старасвержанскага і частку Вішнявецкага сельсаветаў. Выпускнік Налібацкай школы, ён «загарэўся» прафесіяй міліцыянера ў старэйшых класах, калі стаў сур’ёзна задумвацца пра выбар будучай прафесіі.

– Мой рабочы дзень можа складвацца па-рознаму, але ў сярэднім прыходзіцца наведваць за дзень каля двух дзясяткаў чалавек. Працую ў цесным узаемадзеянні са старшынямі сельвыканкамаў, – дзеліцца асаблівасцямі сваёй службы Аляксандр Місюра. Яго любімы занятак, зімовая рыбалка, пакуль застаецца на другім плане…

Асэнсавана прыйшоў у міліцэйскую прафесію і Максім Нагорны, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку. Па заканчэнні Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, куды аталезскі хлопец паступіў пасля шостага класа, выбраў для сябе не Ваенную акадэмію, а менавіта Акадэмію МУС. У Максіма ёсць жаданне вучыцца і далей, каб атрымаць эканамічную адукацыю. Балазе, кіраўніцтва райаддзела міліцыі заўсёды падтрымлівае сваіх супрацоўнікаў у імкненні да ведаў. Оперупаўнаважаны дзякуючы сваім спартыўным здольнасцям трапіў у склад каманды райаддзела па футболе.

Восенню мінулага года двум сябрам, оперупаўнаважанаму групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Яўгену Клімовічу і інспектару дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Алегу Супрановічу, выпаў гонар прадстаўляць моладзь райаддзела міліцыі на раённым злёце маладых спецыялістаў.

Яны абодва закончылі СШ № 3 г. Стоўбцы. Яўген Клімовіч з дзясятага класа пачаў займацца ў клубе баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». Стараўся не прапускаць заняткі ў клубе і на працягу вучобы ў акадэміі, ды і цяпер (Яўген – чалавек сямейны). У Алега Супрановіча хобі звязана з футболам, але больш важна тое, што ён пайшоў па слядах бацькі, Уладзіміра Міхайлавіча, які доўгі час працаваў інжынерам па транспарце МРЭА ДАІ. У размове малады інспектар заўважае, што ў міліцэйскай акадэміі, на факультэце права, цяпер займаецца яго стрыечны брат. Адным словам, міліцэйская дынастыя Супрановічаў папаўняецца і будзе доўжыцца. «На дапамогу дзяржаўтаінспектарам прыходзіць усё больш розных электронных і тэхнічных сродкаў, аднак і жывы кантакт з людзьмі застаецца важным звяном прафілактычнай работы», – разважае прадстаўнік новага пакалення міліцэйскай дынастыі.

Пагутарыўшы з кожным з маладых супрацоўнікаў, прыходзіш да высновы, што служба ў кожнага спецыфічная, па-свойму прывабная і адказная, але і вопыт напрацоўваецца літаральна з кожным днём. Вопыт пакуль невялікі, але такі каштоўны, рознабаковы. І паміж сабой маладыя супрацоўнікі знаходзяць час для ўзаемных кантактаў, абмену інфармацыяй, сумесных прафілактычных мерапрыемстваў, што таксама аблягчае іх міліцэйскія будні.

НА ЗДЫМКУ: інспектар ДПС Алег Супрановіч, оперупаўнаважаныя Максім Нагорны і Яўген Клімовіч, участковы інспектар міліцыі Аляксандр Місюра.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *