Камбінат – жыцця старонка

Нумары У перапрацоўшчыкаў

030318f

У калектыве мясаперапрацоўшчыкаў шчыруе каля 380 чалавек. Сваіх працаўнікоў дырэкцыя падтрымала прадуктовымі наборамі ўласнай прадукцыі на суму 60 рублёў у сувязі з Днём абаронцаў Айчыны, жаночым днём. Своеасаблівым падарункам для іх няхай будзе і гэты расказ на старонках газеты.

Усё жыццё прысвяціла камбінату, перажыла разам з ім перыяды спадаў і ўзлётаў, пачынаючы з 1981 года, Наталля Харута. Тады яна закончыла «нархоз» і трапіла на камбінат па размеркаванні. У 1989-м стала галоўным бухгалтарам. За гэты час не толькі камбінат вырас у перадавое прадпрыемства раёна, Мінскай вобласці, якое мадэрнізуецца і развіваецца за ўласныя сродкі, а і трое яе сыноў, ужо і ўнук пайшоў у першы клас… Сёння ў Наталлі Мікалаеўны – бясспрэчны аўтарытэт і, безумоўна, падрыхтаваная маладая змена.

Больш за чатыры дзясяткі гадоў шчыруе на камбінаце начальнік вытворчасці Марыя Радаман. Паспрабавала сябе фактычна ва ўсіх падраздзяленнях. «Будзе што ўспомніць!» – жартуе Марыя Віктараўна. Сярод шаноўных ветэранаў камбіната – і заатэхнік Міхаіл Навоша. Сёння перадзабойную базу, дзе ён працуе, не пазнаць: будынак абшыты сайдынгам, унутры зроблены рамонт. Закуплена новае вагавое абсталяванне. «І для работнікаў створаны сучасныя бытавыя ўмовы. У кожнага ёсць стымул працаваць лепш», – адзначаюць Міхаіл Навоша і Аляксандр Цыуля, вядучы спецыяліст па закупцы сыравіны. Працуюць яны ў цеснай звязцы з гаспадаркамі, спасцігаюць умовы канкурэнцыі.

Не пазнаць і кацельню камбіната. Будынак пафарбаваны ў яркі зялёны колер пасля праведзенай летась цеплавой рэабілітацыі. «Вялікая рэканструкцыя зроблена і ў самой кацельні, на цепласетках, – расказвае майстар Юрый Станіславовіч. – За кошт эканамічнага абсталявання зменшылі спажыванне прыроднага газу на дзевяць працэнтаў. Змяніліся бытавыя памяшканні. Для работнікаў створаны гардэробы, санвузлы».  

Сярод аператараў кацельні, якія нясуць кругласутачнае дзяжурства, – старажыл камбіната Бярнарда Мікіцевіч і Юрый Бабіла, фота якіх занесены на Дошку гонару прадпрыемства. Добрыя водгукі заслужыў слесар-рамонтнік Васіль Клюцук, шматдзетны бацька, сям’я якога некалькі гадоў таму пераехала ў Беларусь з Казахстана.

На фотаздымках: на ўчастку паштэтаў і кансерваў — упакоўшчыкі Людміла Чэмка, Валянціна Камінская, Марына Гунько, Юлія Курыльчык; участак «Халадзільнік» — грузчыкі Аляксандр Энс, Віталь Галіцкі, начальнік участка Андрэй Бурновіч, брыгадзір Віталь Садоўскі; на ўчастку паўфабрыкатаў — жылоўшчыца Вераніка Ахрамеева, абвальшчык Аляксандр Бельскі, старшы майстар Алена Макарэвіч і вырабляльнік Алена Галушка; участак “Экспедыцыя» — грузчык Павел Курыльчык і кладаўшчыца Аксана Свешнікава.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *