Вытворчая эліта

Нумары У перапрацоўшчыкаў

030318g

Адзін з асноўных і, бадай, самых працаёмкіх участкаў на камбінаце, – мяса-тлушчавы. Тут за змену перапрацоўваецца да сотні галоў буйной рагатай жывёлы і столькі ж – свіней. Дзённая норма нярэдка перавыконваецца ў два разы. Ударна працуе кожны работнік участка, пачынаючы ад байца жывёлы і заканчваючы яго начальнікам Таццянай Доўнар. Дзесяць гадоў на прадпрыемстве баец жывёлы 6 разраду Павел Кажавец, фота якога будзе занесена на раёную Дошку гонару.

На ўчастку «Халадзільнік» з шасці раніцы і да позняга вечара ажыццяўляюць прыём прадукцыі. Людзі працуюць у спецыфічных умовах, але не наракаюць на цяжкасці. «Мой першы памочнік – брыгадзір грузчыкаў Віталь Садоўскі. У цэлым калектыў падабраўся дружны. Хочацца выдзеліць сям’ю Энс. Аляксандр – грузчык, яго жонка Наталля – кладаўшчыца», – выказваецца начальнік участка Андрэй Бурновіч.

Забяспечаны сыравінай каўбасны ўчастак, участак паўфабрыкатаў, дзе асартымент прадукцыі даўно перасягнуў 150 найменняў і пастаянна папаўняецца новымі відамі. Высокую якасць прадукцыі, як і якасць сыравіны, дапаможных матэрыялаў, пацвярджае вытворчая лабараторыя. «Набыта самае сучаснае абсталяванне для правядзення даследаванняў па метадзе К’едаля, ІФА, экспрэс-даследаванняў», – не без гонару зазначае яе начальнік Алена Супрун.  

Шчыруе для агульнай справы і механічны ўчастак. Аўтапарк камбіната налічвае 20 адзінак тэхнікі, прычым дзве адзінкі, аўтамабіль-цягач і аўтамабіль ГАЗель для выязнога гандлю, набыты летась. Створаны ўмовы для рамонтных работ. Вылучаецца слесар па рамонце аўтамабіляў 6 разраду Павел Крупец. Павел завочна заканчвае тэхналагічны ўніверсітэт.

На камбінаце развіваецца фірменны гандаль. Працуе ўласная сталовая.

У калектыве, напэўна, нельга знайсці работніка, праца якога была б няважнай. Усе разам работнікі камбіната ствараюць запатрабаваную прадукцыю, імідж прадпрыемства, якое, згодна з удакладненымі архіўнымі данымі, адзначыць у наступным годзе свой 90-гадовы юбілей.

На фотаздымках: каўбасны ўчастак — фармоўшчыцы Аксана Кухарчык і Алена Булаш, саставіцель фаршу Тамара Качановіч, фармоўшчыца Алена Зубарава; матэрыяльны склад — кладаўшчыкі Наталля Лянцэвіч і Вольга Хіневіч, грузчык Віталь Маркевіч; механічны ўчастак — вадзіцель цягача Анатоль Шабуня, механік па транспарце Ігар Снігур, вадзіцель цягача Часлаў Бандаровіч, начальнік механічнага ўчастка Валерый Сахар; мяса-тлушчавы ўчастак — в. а. начальніка ўчастка Алена Грыгаровіч (на пярэднім плане), майстар Наталля Луцэвіч, апаратчыца апрацоўкі субпрадуктаў Наталля Шчэцька, вырабляльнік каўбаснай абалонкі Алена Шчэцька.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *