Працаваць з людзьмі

Ахова правапарадку Нумары

Пытанні работы міліцыі і іншых праваахоўных органаў ўзнімаліся на гэтым тыдні на нарадзе ў Прэзідэнта краіны.

Будні крымінальнай міліцыі ў першую чаргу звязаны з раскрыццём злачынстваў, у тым ліку тых, канцы якіх губляюцца ў глабальнай сетцы інтэрнэту. Нягледзячы на камп’ютарныя і іншыя «тэхналогіі» супрацьпраўных дзеянняў, у сучасных умовах крымінальнай міліцыі важна актыўна працаваць з людзьмі, уплываць на маладзёжнае асяроддзе.

– Оперупаўнаважаныя райаддзела міліцыі маюць дастатковы ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і стаж аператыўнай работы, каб выконваць пастаўленыя задачы. Іх састаў пастаянна амалоджваецца за кошт выпускнікоў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, – заўважае першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі – начальнік крымінальнай міліцыі Міхаіл МІГУРА.    

Традыцыйна ў блок крымінальнай міліцыі ўваходзяць аддзяленне крымінальнага вышуку, група па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і група нораваў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. У 2017 годзе саставы выяўленых імі злачынстваў засталіся фактычна тымі ж, што і ў 2016 годзе, аднак зарэгістравана больш на 22 крадзяжы (крадзяжы складаюць 70 працэнтаў усіх злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку), на пяць фактаў незаконнага захоўвання зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Выяўлены шэсць фактаў уцягвання непаўналетніх у крымінальную дзейнасць, сем фактаў падробкі дакументаў (усе датычаць выдачы медыцынскіх вадзіцельскіх даведак). Зарэгістраваны чатыры забойствы, што ў 2016 годзе ўвогуле не фіксавалася.

На рост злачыннасці паўплывалі розныя фактары. Сярод іх – як геаграфічныя асаблівасці раёна (яго выцягнутасць, «двайны» памер у параўнанні з суседнім Нясвіжскім), так і, безумоўна, пэўная работа аператыўных супрацоўнікаў з крымінальным элементам. Неабходна наладжванне цеснага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі мясцовага актыву.

Раскрывальнасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку склала 61,6 працэнта (у Мінскай вобласці – 59,3 працэнта). Лепшыя вынікі – у старшага оперупаўнаважанага Часлава Гарэліка, оперупаўнаважанага Дзмітрыя Канавала. Самы высокі працэнт раскрывальнасці – на тэрыторыі Мікалаеўшчынскага сельсавета (раскрыты 30 злачынстваў з 34-х зарэгістраваных), Рубяжэвіцкага (22 з 29-ці зарэгістраваных). Раскрыты дзевяць злачынстваў мінулых гадоў.

У мінулым годзе былі аб’яўлены ў вышук 26 злачынцаў, адзін з іх за ўчыненне цяжкага злачынства – згвалтавання. Адшукана 25 злачынцаў. Паступілі 53 заявы адносна знікнення грамадзян без вестак. Па двух фактах райаддзелам міліцыі былі ўзбуджаны крымінальныя справы (адна з іх спынена ў сувязі з устанаўленнем асобы). Не адшуканы пяць знікшых без вестак. Увогуле работа РАУС па вышуку ўсіх катэгорый асоб прызнана здавальняючай. Каб палепшыць яе эфектыўнасць, з кіраўніцтвам раённага аддзела Следчага камітэта абмеркаваны пытанні прымянення мер стрымання пад вартай на стадыі следства і, такім чынам, выключэння магчымасці схавацца ад правасуддзя.

Намаганні групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі скіраваны на выяўленне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, злоўжыванняў службовых асоб пры асваенні бюджэтных сродкаў, хабарніцтва. Згодна з устаноўленымі крытэрыямі, работа групы ў мінулым годзе прызнана здавальняючай. Пра гэта гаворыць нагрузка на аднаго супрацоўніка, якая стала адной з самых высокіх у рэспубліцы, а таксама дасягнуты эканамічны эфект – гэта больш за 26 тысяч рублёў на кожнага. Летась выяўлена 29 злачынстваў, у тым ліку дзевяць адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асоба цяжкіх, сем злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, 16 – супраць інтарэсаў службы. Сярод іх, да прыкладу, – факты крадзяжу работнікамі прадпрыемстваў «Фрэор Рэфрыгерайшн», «Мясапрадукт», «Бройлер» і т. п.

Групай нораваў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлены 43 злачынствы, у тым ліку 30 – з катэгорыі цяжкіх і асоба цяжкіх, восем злачынстваў звязаны са збытам наркотыкаў. Злачынстваў па лініі наркакантролю з удзелам непаўналетніх не зарэгістравана. Праводзіліся мерапрыемствы ў рамках праграмы «Мак». Супрацоўнікі групы адзначаюць павышэнне прававой граматнасці жыхароў раёна, іх належны кантроль за тым, што расце ў агародзе.

– У райаддзеле міліцыі склаліся добрыя традыцыі крымінальнага вышуку, – падкрэслівае яго начальнік Іван Мамайка. – Прыходзіць служыць шмат маладых супрацоўнікаў, і ім ёсць з каго браць прыклад. Поспех, як заўсёды, у тых оперупаўнаважаных, хто не лічыцца з асабістым часам, не наракае на цяжкасці, працуе адказна і мэтанакіравана.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *