1 сакавіка адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў 28 склікання. Старшынёй раёнага Савета дэпутатаў выбраны дэпутут па Дзераўнянскай выбарчай акрузе № 24 Сяргей ШЭСЦЕЛЬ.
Сяргей Яўгенавіч закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваў настаўнікам, першым сакратаром Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, спецыялістам па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама, кіраўніком спраў райвыканкама, а з 2006 года – намеснікам старшыні райвыканкама.
Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў павіншаваў дэпутацкі корпус з пачаткам работы, падзякаваў за падтрымку кандыдатуры і адзначыў: «У Год малой радзімы мы павінны вырашаць усе пытанні жыццядзейнасці насельніцтва, звяртаць асаблівую ўвагу на навядзенне парадку на зямлі. Мясцовыя Саветы не могуць заставацца ўбаку, а павінны дапамагаць працаваць у гэтым напрамку…»
На сесіі намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў выбраны дэпутат Аляксандр Пашкевіч (Зялёная выбарчая акруга № 6).
Зацверджаны пастаянныя камісіі.
Сяргей Шэсцель звярнуўся да дэпутатаў са словамі падзякі за давер, за падтрымку яго кандыдатуры і запэўніў: «Буду імкнуцца працаваць так, каб Савет дэпутатаў вёў работу эфектыўна, разглядаў пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і хвалюючыя пытанні грамадзян… Прылажу ўсе сілы, веды, вопыт, каб наш Стаўбцоўскі раён дынамічна развіваўся і павышаўся дабрабыт людзей».
На першай сесіі прысутнічала старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
Нэлі АСТРЭЙКА
Фота Васіля ЗЯНЬКО