На лясной дзялянцы – праца без перадышкі

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

51Не спыняліся работы па нарыхтоўцы драўніны і  ў няпростых зімовых умовах.

–  Брыгада рабочых працуе на дзялянках. Зімою стараемся, каб яны былі размешчаны бліжэй да лясніцтва. Побач з лесасекай ставім абагравальны «кунг», – тлумачыць асаблівасці работы лесарубаў у зімовы перыяд памочнік ляснічага Хатаўскога лясніцтва Мікалай Бурак. – Сёлета з-за пагодных умоў рабочы час  не змяншалі, але, безумоўна, тыя самыя аб’ёмы нарыхтовак даваліся  куды цяжэй.

У лясніцтве ёсць аўтамабіль для дастаўкі людзей на аб’екты, свой парк тралёвачнай і лесапагрузачнай тэхнікі, пажарны аўтамабіль. Пры неабходнасці лясніцтва заказвае ў лясгасе спецыялізаваную тэхніку –  «Харвестар» з «Фарвардарам». Работнікі забяспечаны спецадзеннем.

53Пагутарыць з імі мы адправіліся на адну з лясных дзялянак. Хоць і мароз стаяў траскучы, а людзі –  у рабочым настроі, з гумарам рэагуюць на тое, што іх хочуць сфатаграфаваць у газету. «Як працуецца? Колькі сёння нарыхтавалі драўніны?» – першыя пытанні. «Напілілі чатыры кубаметры нятоўстай драўніны», – удакладняе ляснік-вальшчык Вячаслаў Чэмка. Працуе ён у пары з лесніком-вальшчыкам Генадзем Раманоўскім. З улікам двайной спецыялізацыі, ім прыходзіцца і з пілою ўпраўляцца, і на сваіх абходах трымаць сітуацыю пад кантролем. «Прывыклі да работы ў лесе. У лютым у мяне было 22 гады працоўнага стажу», – зазначае ў размове Вячаслаў Чэмка. Ён жыве ў Тонаве, а яго маладзейшы напарнік –  у Русаках. Калі замятае ўсе сцежкі-дарожкі, ім, леснікам, не бяда: на работу падвозіць іх конік, які ўтрымліваецца ў лясніцтве.

52Па суседстве з парай Чэмка-Раманоўскі завіхаецца іншая–  Бухвал – Ліпніцкі. Абодва –  «чыстыя» вальшчыкі. У Івана Ліпніцкага стаж работы ў гэтай прафесіі (адной з самых адказных і небяспечных у лясной гаспадарцы) складае пяць гадоў. У Валерыя Бухвала – усе 13. «Ужо выпрацаваў тое, што неабходна для атрымання льготнай пенсіі», –  заўважае Валерый, адносна малады яшчэ чалавек, пры гэтым спасылаецца, што кіраўніцтва іх не крыўдзіць, ёсць і матэрыяльныя, і маральныя стымулы для нармальнай работы. Як самы вопытны вальшчык лясніцтва, Валерый Бухвал прымаў удзел у спаборніцтвах сярод вальшчыкаў Стаўбцоўскага доследнага лясгаса.

Сярод лепшых работнікаў кіраўніцтва лясніцтва называе таксама леснікоў Вадзіма Талэйку і Андрэя Жырневіча, вальшчыка Віктара Недзеня, трактарыста на тралёўцы і вывазцы лесу Рамуальда Садоўскага, трактарыста на тралёўцы драўніны Івана Лысага.

У лесаводаў  няма перадышкі.   Нарыхтоўка драўніны, потым новыя пасадкі, каб радавала і ў пакаленнях наша зялёнае багацце.                    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *