Тут жывуць таленавітыя і працавітыя людзі

Год малой родины Нумары

070318a

У мінулую суботу на Стаўбцоўшчыне ладзілася Свята працы – падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2017 год.

У гэты дзень, нягледзячы на тое, што на вуліцы падаў лёгкі сняжок і падмарожвала, у паветры адчуваліся павевы вясны. Гэта стварала святочны настрой.

Цэнтр культуры гасцінна запрашаў перадавікоў вытворчасці, лепшых працаўнікоў раёна, кіраўнікоў арганізацый, ветэранаў працы, гасцей на ўрачыстае мерапрыемства.

У фае шырока разгарнуліся выставы прадукцыі Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», вырабы ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, цуда-вырабы з цеста Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства, выставы мясцовых майстроў.

Святочнае мерапрыемства адкрылася праглядам кінафільма аб развіцці і дасягненнях Стаўбцоўскага раёна ў 2017 годзе, аб прафесійным майстэрстве перадавікоў мінулага года. На сцэну быў запрошаны старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Юрый Мікалаевіч у сваім прывітальным слове вельмі цёпла звярнуўся да ўсіх прысутных у зале, падзякаваў за працу, за тое, што змаглі дасягнуць важкіх вынікаў, за значны ўклад у агульную скарбонку сацыяльна-эканамічнага развіцця Міншчыны. «2018-ы год аб’яўлены Годам малой разімы. Сімвалічна, што гэта супала з юбілеем нашага горада… Няхай гэтыя два ключавыя моманты стануць для нас – жыхароў Стаўбцоўшчыны – стымулам для далейшага развіцця нашага рэгіёна», – зазначыў Юрый Горлаў.

Затым на сцэне ўшаноўвалі лепшых работнікаў з усіх сфер дзейнасці раёна, тых, хто ўдастоены быць занесеным на раённую Дошку гонару, атрымаць ганаровыя граматы, падзякі ад райвыканкама і аблвыканкама, галіновых прафсаюзаў. Сярод узнагароджаных – шмат працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Больш за 150 чалавек атрымалі ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама Юрыя Горлава і яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніса Колясеня.

Павіншаваць працаўнікоў Стаўбцоўшчыны, прызнаць высокія поспехі прыехалі шаноўныя госці: намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Алег Плаўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, а таксама дэлегацыі суседніх раёнаў: Дзяржынскага, Уздзенскага, Нясвіжскага, Валожынскага, Карэліцкага і Навагрудскага.

Выдатным падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці сталі канцэртныя нумары ў выкананні мастацкіх калектываў раёна, Цэнтра культуры, Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, маленькіх артыстаў СШ № 2 г. Стоўбцы. Свята атрымалася яркім, запамінальным.

Гісторыя Стаўбцоўшчыны прадоўжыцца. І, безумоўна, у раёна наперадзе яшчэ шмат перамог і добрых спраў, бо тут жывуць таленавітыя і працавітыя людзі.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *